В Рымдюнах 18 марта выступит группа "Дрозды"

10:00 / 16.03.2015
4
На днях у рэдакцыю газеты «Астравецкая праўда» завітаў тэлевядучы вядомых  тэлепраграм «Тэлебарометр», «Хачу ў тэлевізар», латарэі «Залаты ключ» і шэрагу іншых, каб падзяліцца з жыхарамі нашага раёна цікавай ідэяй, якая, упэўнена, прыйдзецца даспадобы астраўчанам.

Год назад Дзмітрый Карась вырашыў сумясціць гарадское жыццё з вясковым бытам. Выбраў Астравецкі раён – менавіта тут, непадалёку ад Рымдзюн, тэлевядучы набыў вясковы дом (рамонт у ім ён, дарэчы, робіць сам!)

– Не раз чуў пра прыгажосць Астравецкага краю, яго багатую культуру і спадчыну, а потым і сам пабываў на Астравеччыне – і вырашыў купіць тут домік, – расказвае Дзмітрый Карась. – А потым у размове з вяскоўцамі, сваімі новымі суседзямі, высветліў, што моладзь выязджае з вёсак у гарады і не жадае сюды прыязджаць нават у выхадныя дні. Тады і з'явілася думка зрабіць Рымдзюны культурным краем. У мяне шмат вядомых у нашай краіне сяброў-музыкантаў, і каб сумясціць прыемнае з карысным, я вырашыў арганізаваць у Рымдзюнах канцэрт.

– Ведаю, што ў Астравец часта прыязджаюць вядомыя ў нашай краіне спевакі і музычныя калектывы, аднак не заўсёды жыхары аддаленых ад Астраўца вёсак могуць знайсці час, каб пабываць на канцэрце, – працягвае Дзмітрый. – А што можа перашкодзіць беларускім артыстам выступіць у Рымдзюнах? Нічога! Галоўнае, каб гэта стала запатрабавана ў мясцовых жыхароў. Прыемна, што маю ідэю падтрымалі аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Астравецкага райвыканкама і сектар культуры і вольнага часу «Гервяцкі дом культуры». Спадзяюся, разам мы зможам зрабіць многае.

Планаў у тэлевядучага шмат – як і знаёмых сталічных зорак.

– Загадваць пакуль рана, але ведаю, што ў Гервятах штогод святкуецца такое рэлігійнае свята, як Тройца – хацелася б да яго прымеркаваць якую-небудзь культурную праграму. Чуў, што ў гервяцкім касцёле таксама праходзяць вечары класічнай музыкі – было б цудоўна аб'яднацца з мясцовым ксяндзом і запрасіць сюды оперных выканаўцаў з Вялікага тэатра.

Як расказаў Дзмітрый Карась, так званымі першапраходцамі «Сустрэч у Рымдзюнах» будзе вядомая беларуская група «Дразды».

– Я ўпэўнены, што гэта будзе цікавае музычнае паўтарагадзіннае шоу – і ніхто не пашкадуе, што вырашыў правесці гэты час разам з намі. У далейшым ёсць жаданне праводзіць такія мерапрыемствы штомесяц – пры ўмове, што людзям спадабаецца.

18 сакавіка

Рымдзюнскі ДК

Група «Дразды »

Вядучы канцэрта – Дзмітрый Карась.

Пачатак у 19 гадзін

Кошт білета: 50 000 рублёў.

Даведкі па тэл. 8-029-68-74-612 (загадчыца сектара культуры і вольнага часу «Гервяцкі дом культуры)

---------------------------

Алена ЯРАШЭВІЧ.