В Территориальном центре социального обслуживания населения Островецкого района изготавливают декоративные свечи

15:00 / 04.03.2015
8
На працягу года Тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Астравецкага раёна пры падтрымцы Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Польшча рэалізоўвалі дабрачынны праект «Акно ў свет».


Дзякуючы «польскай дапамозе», у наш раён паступілі неабходныя сродкі рэабілітацыі, камплект гукаўзмацняльнай аппаратуры з мікрафонамі, мультымедыяпраектарам і ноўтбукам і міні-ўстаноўка для вырабу свечак.

На мінулым тыдні ў госці да выхаванцаў аддзялення дзённага знаходжання для маладых інвалідаў тэрытарыяльнага цэнтра завітаў саветнік Пасольства Рэспублікі Польшча ў Рэспубліцы Беларусь Павел Ёса.

Сёння ў тэрытарыяльным цэнтры абсталяваны асобны кабінет, дзе і ўстаноўлены своеасаблівы міні-завод па вырабу свечак. Разам з рабятамі займаецца кіраўнік гуртка Таццяна Ваховіч. І трэба бачыць, якую прыгажосць яны ствараюць!

Цвёрдыя пласты воску трапляюць у спецыяльныя ёмістасці і пад уздзеяннем тэмпературы становяцца мяккімі. А потым з дапамогай фарбавальнікаў пераўтвараюцца ў жоўтую, блакітную, зялёную, чырвоную вадкасць, з якой і фарміруюцца дэкаратыўныя свечкі – прыгожыя і арыгінальныя.

Яшчэ адна ўстаноўка прадназначана для вырабу касцельных і царкоўных свечак. Тоненькія палосачкі воску, у цэнтр якога ўстаўлены кнот, выраўніваюцца рукамі выхаванцаў і абразаюцца да патрэбнай даўжыні.

Самаробнымі свечкамі, якія сёння ствараюць выхаванцы аддзялення дзённага знаходжання для маладых інвалідаў, быў уражаны і Павел Ёса.

У госці да рабят саветнік прыехаў з вядомым не толькі ў Беларусі, але і за межамі нашай краіны фотамастаком Аляксандрам Канатопам. Аляксандр арганізаваў для рабят фотасесію – і ў хуткім часе архівы выхаванцаў аддзялення дзённага знаходжання для маладых інвалідаў папоўняцца прыгожымі цікавымі фотаздымкамі.


---------------------------------------------

Алена ЯРАШЭВІЧ, фота аўтара.