Путешествуем по Польше

17:00 / 02.03.2015
Падарожнічаць любяць усе. Праўда, часцей гэта атрымліваецца рабіць летам. На гэты раз мы, вучні Гудагайскай школы, разам са сваімі педагогамі Ірынай Мікалаеўнай Жалток, Таццянай Уладзіміраўнай Грыва, Таццянай Станіславаўнай Тарашкевіч, Галінай Мечыславаўнай Шлыковіч, Аленай Уладзіміраўнай Шымковіч і дырэктарам школы Ганнай Мечыславаўнай Капцюг адправіліся за мяжу. Дакладней, у Польшчу.

Збор жадаючых, афармленне неабходных дакументаў – нарэшце доўгачаканы дзень настаў. Тры гадзіны ночы, а мы – на нагах. Бацькі хвалююцца – некаторыя дзеці ўпершыню едуць так далёка. А мы шчаслівыя: убачым нешта новае і зможам адчуць сябе самастойнымі, можна сказаць, дарослымі!


Сталіца новая...

10 гадзін у аўтобусе, перасячэнне дзяржаўнай мяжы – і мы ў Варшаве.

Варшава сустрэла нас снегам. Вялікія ёлкі, вуліцы, асвечаныя каляровымі агнямі, незвычайныя парасоны і велізарныя шары – ад гэтай прыгажосці немагчыма адвесці вачэй. Асноўныя колеры, у якія ўпрыгожана Варшава, – жоўты, аранжавы, фіялетавы – і ад напоўненасці святлом настрой адразу ж падымаецца.

Знаёмства з Варшавай пачалося з наведвання Старога горада. Замкавая плошча, у цэнтры якой стаіць помнік каралю Сігізмунду, побач Каралеўскі замак, каля якога і сёння ляжаць рэшткі старой калоны Сігізмунду, разбуранай у гады Другой сусветнай вайны, – і гэта толькі пачатак.

Тут уражвае ўсё. Юнакам асабліва спадабаўся від на нацыянальны стадыён – той самы, на якім у 2012 годзе праходзіў чэмпіянат Еўропы па футболе. Здалёк ён нагадвае карону. Стадыён мае ўнікальны дах: пры неабходнасці літаральна за 20 хвілін арэна можа стаць крытай.

А потым мы трапілі ў Навуковы цэнтр імя Каперніка – бадай што самае цікавае месца з тых, што даводзілася бачыць раней. Тут усё можна пакратаць рукамі і нават праверыць на сабе.

Экспазіцыя музея складаецца са станцый, на якіх можна праводзіць эксперыменты ў розных галінах навукі. Адзінай цяжкасцю з’яўляецца тое, што апісанні з’яў, прадстаўленых у музеі, толькі на польскай і англійскай мовах. Хаця многіх гэта прымусіла задумацца: мабыць, гэта і ёсць найлепшая прычына пачаць вывучаць замежныя мовы?

Тут можна даведацца, як пішацца тваё імя на старажытнай мове, правесці шматлікія доследы, паіграць на арфе з лазарнымі струнамі, выпрабаваць на сабе моц землятрусу і ўбачыць мадэль шкілета, які рухаецца на веласіпедзе, – і такім чынам больш даведацца пра сябе і навакольны свет. А як цікава адчуць сябе вавёркай, якая круціцца ў коле! Той, хто паспрабаваў, думаю, зразумеў значэнне гэтага фразеалагізма.

На жаль, гадзіны, адведзенай на наведванне музея, вельмі мала. Таму ўжо сёння я ўгаворваю сваіх бацькоў адправіцца ў падарожжа ў Польшчу.


...і старая

Яшчэ чатыры гадзіны шляху – і мы ў Кракаве – горадзе, які некалі быў сталіцай Польшчы і сёння вядомы сваімі паданнямі і легендамі. Ён цудам застаўся неразбураным у гады вайны.

Адно з самых знакамітых месцаў Кракава, якое наведваюць турысты, – Вавельскі замак, на тэрыторыі якога размешчаны Кафедральны сабор святых Станіслава і Вацлава. Менавіта ў гэтым, святым для кожнага жыхара Кракава, месцы праходзілі каранацыі польскіх манархаў. Гэты ж сабор стаў месцам спачыну польскіх каралёў.

Некалькі хвілін – і мы на Рыначнай плошчы, якая злучана з Вавельскім замкам каралеўскай брукаванай дарогай. Гэтая плошча лічыцца самай вялікай у Еўропе. Яна – прадмет асаблівага гонару палякаў.

У цэнтры плошчы размешчаны будынак былых Суконных радоў. У старажытнасці тут гандлявалі сукном, а сёння ў ім размясціўся кірмаш з бурштынавымі і срэбнымі вырабамі. Далей – вежа гарадской ратушы. Некалі ў ёй захоўвалася дзяржаўная казна, а ў падзямеллі дажывалі свае дні вязні. Каля рынка – Марыяцкі касцёл, фасад якога складаецца з дзвюх вежаў рознай вышыні, – як сімвал таго, што іх будавалі два браты, адзін з якіх з зайздрасці забіў другога.


Саляныя капальні

З Кракава наша дарога ляжыць у Вялічку. Тут размешчаны адзіны ў свеце падземны музей, які знаходзіцца на глыбіні 320 метраў.

Спуск па лесвіцы на 64 метры – і ты трапляеш у двор ствала Даніловіча, названага ў гонар упраўляючага.  Потым – камера Каперніка – у ёй з саляной глыбы вычасаны помнік гэтаму знакамітаму навукоўцу. Дарэчы, у капальнях усё з солі: сцены, столя, падлога.

Пра тое, што работа шахцёраў у саляных капальнях была вельмі небяспечнай, гавораць скульптуры “Грэшнікі, якія каюцца”.

Падчас здабычы солі з горных парод выдзяляецца метан, які пры злучэнні з паветрам утварае выбухованебяспечную сумесь. Гэта цяпер мы добра ведаем, што трэба рабіць, каб пазбегнуць выбуху, а ў даўнія часы, калі не былі вядомы эфектыўныя спосабы выдалення метану, а работы вяліся пры адкрытым агні, гэта было вельмі небяспечна.

Каб не дапусціць выбуху, метан выдалялі вельмі проста – выпалівалі яго. Гэтым займаліся вопытныя гарнякі, якія атрымалі мянушкі “грэшнікі, якія каюцца”. Яны апраналі мокрае адзенне і з дапамогай факелаў на доўгіх жэрдках выпальвалі метан – і часта станавіліся сама-забойцамі.

Падземныя галерэі і азёры, капліцы і залы, упрыгожаныя скульптурамі з солі, – у музеі ўражвае ўсё.

Дзіўна, але нават тут, на глыбіні, усё зроблена для турыстаў: так, у адной з шахт размешчаны невялікі рэстаранчык, побач – сувенірныя лаўкі і месца для забаў.

Наверх падымаемся на ліфце. Менш хвіліны – і ты на зямлі. Сонца непрывычна асляпляе, але на вуснах яшчэ доўга адчуваецца смак солі.


Фабрыка смерці

Трэці дзень падарожжа па Польшчы былі прысвечаны наведванню Асвенцыма.

Глыбока сімвалічна тое, што адбылося гэта напярэдадні юбілею з дня яго вызвалення. Я ўпэўнены, што дату 27 студзеня 1945 года на ўсё жыццё запомняць тыя з нас, хто гэты дзень правёў у буйнейшым лагеры смерці, дзе загінулі мільёны людзей, у тым ліку і тысячы нашых суайчыннікаў.

Пра жахі, якія тварылі фашысты, у тым ліку і ў нашай Беларусі, мы ведаем з дзяцінства – з кніг, расповедаў бацькоў, дзядоў і настаўнікаў, экскурсій у Хатынь і Брэсцкую крэпасць. Але тут гэтую трагедыю адчуваеш, здаецца, на сваёй скуры. І словы экскурсавода, і фарысейскі надпіс на варотах, што праца робіць чалавека вольным, і пакоі, запоўненыя акулярамі, абуткам, адзеннем, і тоны валасоў – нямецкі рацыяналізм і практыцызм, калі што не павінна было змарнавацца. Нічога не каштавала толькі чалавечае жыццё.

Ад убачанага на галаве пачынаюць варушыцца валасы. І ты бачыш, што на вачах настаўнікаў з’яўляюцца слёзы, а потым даўкі камяк падступае да горла – становіцца страшна ад усведамлення, што гэта фабрыка смерці сапраўды існавала.

Пяць гадзін, праведзеных на тэрыторыі Асвенцыма, прымусілі кожнага з нас па-новаму паглядзець на падзеі тых далёкіх гадоў і яшчэ раз падзякаваць Богу і людзям за тое, што мы жывём у мірнай краіне.


--------------------------------

Дзмітрый ЯРАШЭВІЧ, вучань 9 “А” класа Гудагайскай СШ.