Ветеран Великой Отечественной войны Казимир Семёнович Танкович принимал поздравления с юбилеем

08:00 / 28.02.2015
1
Так супала, што свой юбілей – 95 гадоў з дня нараджэння – ветэран Вялікай Айчыннай вайны Казімір Сямёнавіч Танковіч адзначаў у Дзень абаронцаў Айчыны.

На ўрачыстасць да франтавіка завіталі прадстаўнікі Астравецкага раённага савета ветэранаў і Тэрытарыяльнага цэнтра абслугоўвання насельніцтва. Яны ўручылі Казіміру Сямёнавічу каштоўныя падарункі і выказалі найлепшыя пажаданні.

Месца для подзвігу ў жыцці Казіміра Танковіча было не толькі на фронце. Ён і ў пасляваенны час не ведаў стомы ў служэнні свайму краю і Радзіме: шмат гадоў працаваў у сельскай гаспадарцы, унёс свой уклад у будаўніцтва першанца калгаснай энергетыкі – Янаўскую гідраэлектрастанцыю, займаўся выхаваннем моладзі. Таму ў дзень нараджэння яго віншавала шмат удзячных гасцей і сяброў.

Да нядаўняга часу ветэран жыў у сваім доме ў вёсцы Трайгі, але апошнім часам пачало падводзіць здароўе, таму ён быў вымушаны пераехаць да дачкі ў Астравец. Толькі, нягледзячы на ўзрост і праблемы са здароўем, Казімір Сямёнавіч і сёння знаходзіцца ў курсе падзей і жыцця раёна і з’яўляецца жывым прыкладам стойкасці і аптымізму.

--------------------------------

Антон МАЛЬШЭЎСКІ, фота аўтара.