В Гродно стартовал Год молодёжи

09:00 / 26.02.2015
Урачыста і цікава, патрыятычна і запамінальна, весела і пазнавальна прайшла 18 лютага ў Гродна цырымонія адкрыцця Года моладзі. Удзел у мерапрыемстве прыняла і дэлегацыя Астравецкага раёна.
У Гродзенскім абласным драматычным тэатры, дзе і праходзіла ўрачыстасць, сабралася  моладзь з розных куткоў Гродзеншчыны. Сярод іх – самыя актыўныя і ініцыятыўныя члены Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі. У тым ліку – прадстаўнікі Астравеччыны:Наталля Сянюць, Аксана Лазарава, Вікторыя Мілейша, Алёна Бабойць, Вацлаў Вадкевіч, Святлана Пілецкая, Марыя Мальдзіс, Маргарыта Шаўчэнка, Мікіта Ромаш, Аляксандр Коўзан. У мерапрыемстве прынялі ўдзел старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Краўцоў, яго намеснік Віктар Лісковіч, начальнікі ўпраўленняў аблвыканкама, намеснікі старшынь райвыканкамаў, а таксама лідары абласных грамадскіх арганізацый. Прысутнічалі на цырымоніі першы сакратар Цэнтральнага камітэта БРСМ Андрэй Белякоў і старшыня Цэнтральнага савета Беларускай рэспубліканскай піянерскай арганізацыі Вікторыя Менанава.

Ганаровае права адкрыць урачыстае мерапрыемства прадставілі губернатару Гродзенскай вобласці.

– Дзяржаўная маладзёжная палітыка з’яўляецца ў краіне адной з прыярытэтных, – адзначыў Уладзімір Васільевіч Краўцоў. – А моладзь Гродзеншчыны ўносіць вялікі ўклад у сацыяльна-эканамічнае развіццё рэгіёна. У самых розных сферах працуе нямала таленавітых маладых людзей. Важную ролю ў іх выхаванні і фарміраванні адыгрывае Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі, у нядаўнім з’ездзе якога я прымаў удзел. Дэлегаты, у тым ліку ад нашай вобласці, агучылі на ўсю краіну свае ідэі і праекты. Не трэба чакаць, пакуль нам дапамогуць іх ажыццявіць, трэба рабіць гэта самім. Ёсць шэраг прапаноў, у якіх дзяржава можа падтрымаць вас.

Таксама Уладзімір Васільевіч заклікаў прысутных прыняць актыўны ўдзел у мерапрыемствах, прысвечаных 70-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, бо памяць аб гераічных подзвігах нашых ветэранаў, удзячнасць нашчадкаў за мірнае неба і будучыню павінны пераходзіць з пакалення ў пакалення і жыць заўсёды.

У завяршэнні свайго выступлення старшыня аблвыканкама пажадаў прысутным, каб гэты год стаў для іх плённым на добрыя і карысныя справы.

Тэму актыўнага ўдзелу ў грамадскім жыцці краіны працягнуў і першы сакратар ЦК БРСМ Андрэй Белякоў.

– Калі падарожнічаешь па розных куточках Беларусі і бачыш тое, што зроблена, міжволі пачынаеш ганарыцца тым, што мы змаглі сваімі рукамі пабудаваць такую краіну, – сказаў лідар маладзёжнай арганізацыі. – А ў гэтым годзе кожны з нас можа зрабіць так, каб у нас было яшчэ больш падстаў для гонару. Зараз існуе шмат розных і цікавых праектаў, дзе кожны можа рэалізаваць свае здольнасці. І ў Гродзенскай вобласці па-асабліваму адносяцца да маладзёжных ініцыятыў. У гэтым рэгіёне перапляліся духоўныя традыцыі і сучаснасць, праекты маладых людзей ажыццяўляюцца з асаблівай увагай і падтрымкай уладаў. Хочацца, каб у гэты год моладзь Беларусі паказала, на што яна сапраўды здольная, і праявіла сябе як актыўная, вялікая, дружная сям’я.

Гродзенская зямля багатая на маладыя таленты ў самых розных сферах. І ў гэтым прысутныя ўпэўніліся падчас святочнага канцэрта. Усіх скарыла выступленне піяніста з Гродна, пераможцы шматлікіх міжнародных конкурсаў, вядомага не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі, Кірыла Кедука і паўфіналісткі тэлевізійнага праекта “Я магу” майстра па пісьму пяском Ганны Каханоўскай. Гэта трэба было бачыць! Пад пальцамі маэстра ажывалі ноты і нараджалася музыка, якую тут жа ўвасабляла ў малюнках пяском Ганна. Яны змяняліся і дапаўняліся: пейзажы раствараліся ў абстракцыях, якія саступалі месца вобразам і партрэтам – на вачах гледачоў гарманіравалі творчасць, фантазія і талент. Гэта было неверагодна прыгожа!

Не пакінула нікога раўнадушным і патрыятычная акцыя “Помнім. Любім. Захоўваем…” у рамках рэспубліканскага марафону “70 добрых спраў”, прысвечанага 70-годдзю Вялікай Перамогі. Запалены свечкі і ліхтарыкі – і ўся зала падымаецца ў маўклівай удзячнасці жывым і памерлым удзельнікам вайны. Мы помнім… Любім… Захаваем…

Непаўторную энергетыку і зарад пазітыву прысутным падарылі танцавальныя і вакальныя калектывы ўстаноў культуры і адукацыі вобласці. І кожны рух пластычных танцораў, кожнае слова звонкагалосых вакалістаў сімвалізавалі моладзь Беларусі: актыўную, жвавую, таленавітую і няўрымслівую.

-------------------------------

Марына МАЦКЕВІЧ.