Я в военные пойду...

15:00 / 23.02.2015
Я буду інжынерам… А можа, праграмістам? Ці ўсё ж тэхнолагам? А можа, наогул… ваенным! Складаны і адказны выбар будучай прафесіі стаіць перад кожным старшакласнікам. Ды і як тут не задумацца: прафесій шмат, а выбраць трэба адну.


Супрацоўнікі раённага ваенкамата сумесна з пагранічнікамі вырашылі дапамагчы рабятам у гэтай справе і правялі спецыяльнае прафарыентацыйнае мерапрыемства.

Такія мерапрыемствы праводзяцца кожны год. Сёлета на ім прысутнічалі вучні 11-ых класаў школ раёна. А каб хлопцы адчулі вайсковы дух, іх сабралі ў актавай зале пагранічнай камендатуры.

І амаль адразу перад вачамі школьнікаў замільгалі кадры фільма: статныя маладыя людзі ў прыгожай форме, выпрабаванні зброі, баявыя вучэнні, тэхніка самаабароны, дысцыпліна і загартоўка. А таксама – дзяржаўнае ўтрыманне, дастойная стыпендыя, прэстыжная прафесія і стопрацэнтнае працаўладкаванне. Усё гэта атрымліваюць курсанты, а затым выпускнікі Ваеннай Акадэміі Рэспублікі Беларусь.

Зараз установа налічвае сем факультэтаў: агульнавайсковы, сувязі і аўтаматызаваных сістэм кіравання, факультэты ракетных войск і артылерыі і ракетна-артылерыйскага ўзбраення, супрацьпаветранай абароны, ваеннай разведкі, авіяцыйны, унутраных войск. У Ваеннай Акадэміі рыхтуюць спецыялістаў па 19 спецыяльнасцях, 6 накірунках і 31 спецыялізацыі – выбар вялікі, і выпускнікам школ ёсць над чым задумацца. Дарэчы, як паведаміў начальнік групы прызыву на ваенную службу Астравецкага ваенкамата Дзмітрый Багуслаўскі, сем юнакоў з нашага раёна ўжо зрабілі свой выбар на карысць прафесіі ваеннага.

Ахова дзяржаўнай мяжы, верная служба Айчыне і стараннае выконванне абавязкаў – вось асноўныя правілы пагранічнікаў, якія ўжо з першага курса прывіваюць у інстытуце пагранічнай службы. Аб прэстыжнасці і папулярнасці гэтай установы прысутныя даведаліся з цікавага фільма, які дапоўніў уласнымі ўражаннямі і адказаў на ўсе цікавячыя пытанні курсант 5 курса інстытута пагранічнай службы.

А напрыканцы мерапрыемства ваенны камісар Астравецкага ваенкамата Раман Курлоў нагадаў: калі кагосьці зацікавіла прадстаўленая інфармацыя, яны могуць звяртацца ў раённы ваенкамат.


-------------------------------

Марына МАЦКЕВІЧ.