К 125-летию со дня рождения Казимира Сваяка

15:00 / 21.02.2015
1
Ёсць людзі, пра якіх ніколі не будзе напісана дастаткова, таму што немагчыма апісаць словамі ўсю веліч іх здзяйсненняў. Усё гэта ў поўнай меры можна аднесці да грамадскага дзеяча, беларускага каталіцкага святара Казіміра Сваяка. Гэты чалавек пражыў кароткае, але яркае, напоўненае духоўнымі подзвігамі жыццё. Сам ён з сапраўднай душэўнай апантанасцю служыў нацыянальнай ідэі і так жа ахвярна аддаваў сябе Богу, імкнучыся паяднаць гэтыя два высокія пачаткі жыцця. І трэба  сказаць, што яму ўдавалася злучыць боскае і зямное, вечнае і надзённае.


Пісьменнік жыў і тварыў у няпросты час. У гісторыі развіцця беларускай літаратуры 1920-1930-я гады – час станаўлення новага мастацтва, час эксперыментаў, пошукаў, навацый, зменаў у свядомасці чалавека, абнаўлення тэматыкі, формаў, жанраў.

Упершыню на Астравеччыне адкрыў Сваяка-паэта, усю веліч яго таленту, Адам Восіпавіч Мальдзіс. Менавіта А. Мальдзісу належыць шэраг публікацый, якія адлюстроўваюць жыццё К. Сваяка, характарызуць яго як творчага чалавека.

Не раз да асобы К. Сваяка звярталіся і працягваюць звяртацца ў сваіх даследаваннях А. Пяткевіч, І. Валуевіч, Г. Чакур, А. Канановіч і інш.

Найбольшай грунтоўнасцю ў даследаванні жыцця і творчасці Казіміра Сваяка вызначаецца польская даследчыца Алена Глагоўская, прафесар Беластоцкага ўніверсітэта. Яна звярнула ўвагу як на жыццёвы шлях К. Сваяка, так і на паэтычныя здольнасці святара.

Казімір Сваяк (сапраўднае прозвішча Стэповіч) нарадзіўся ў вёсцы Барані Свянцянскага павета Віленскай губерні (сучасны Астравецкі раён) 19 лютага 1890 года. Вялікая сям’я (шасцёра дзяцей – Аляксандар, Кастусь, Стэфан, Альбін, Ян, Бернард, Кацярына, Зузана – і бацькі Мацей і Альжбета) мясцілася ў маленькай няўдалай хацінцы. Кастусь, як яго называлі ў дзяцінстве, рана далучыўся да спраў дарослых, дапамагаючы бацькам у полі, спраўляючы абавязкі пастуха. Казкі і легенды, расказаныя маці і бабуляй, суседства з лесам, які ўражваў сваёй таямнічасцю і веліччу, аказалі свой уплыў на фарміраванне чуйнай паэтычнай душы.

Пачатковую школу Казімір скончыў у роднай вёсцы. У 1905 годзе вучыўся ў Свянцянах. У 1906-1907 гадах ён жыў у Вільні, дзе рыхтаваўся да паступлення ў духоўную семінарыю. Менавіта ў Вільні ён пазнаёміўся з беларускім нацыянальна-вызваленчым рухам, яго прадстаўнікамі і газетай “Наша ніва”. І з гэтай пары яго жыццёвая сцяжынка была неадлучнай ад грамадска – патрыятычных спраў.

З восені 1908 года К. Стэповіч займаецца ў Віленскай каталіцкай духойнай семінарыі, якая знаходзілася пад кіраўніцтвам архібіскупа Э. Ропа, вядомага прыхільніка беларускай мовы ў касцёлах. Гады вучобы ў семінарыі – гэта час шукання Бога, гады вялікай працы над сабой. Гэта спроба асэнсаваць, што ёсць чалавек, якая роля адведзена яму ў жыцці сусвету. Напрыканцы трэцяга года навучання будучаму святару прыйшлося надоўга выехаць у Закапанае: у яго, слабага здароўем, пачынае развівацца туберкулёз.

З-за хваробы К. Сваяк “толькі вясной 1915 года высвяціўся на ксяндза ў Петраградзе з рук біскупа Цяпляка” і адразу ж атрымаў прызначэнне вікарыем у Камайскім касцёле. Але неўзабаве маладога святара пераводзяць у Клюшчаны.

У нядзелю 31 мая 1915 года ў мясцовым парафіяльным касцёле адбылася прыміцыя маладога ксяндза. К. Сваяк сустрэў вельмі цёплы прыём, бо быў добра знаёмы мясцовым людзям. Тут ён разгортвае сярод парафіян шырокую культурна-асветніцкую працу. Стварае вялікі – у 40 чалавек – хор беларускай песні, арганізуе лекцыі па беларусазнаўству. Пры яго садзейнічанні ў тутэйшай парафіі былі адчынены сем беларускіх школ і нават беларускія настаўніцкія курсы. У 1916 годзе на базе клюшчанскага хору ўзнікае гурток беларускай моладзі “Хаўрус сваякоў”. Гурток ладзіць беларускія спектаклі, канцэрты, практыкуе рэфераты на тэмы нацыянальнай гісторыі і культуры.

Запаветнай жа марай ксяндза было распачаць Святую Імшу на беларускай мове. І нарэшце яна спраўдзілася. Першае казанне К. Сваяка на беларускай мове прагучала ў Клюшчанскім касцёле 21 лістапада 1915 года. “Ціш, – як піша сам Сваяк, – была нямая”. У штодзённых стасунках з людзьмі ксёндз імкнецца будзіць іх душэўную памяць пра роднае – згадвае народныя казкі, чытае вершы беларускіх паэтаў, раздае беларускія кніжкі.

Усё больш праследуе яго за гэтыя справы віленскае касцельнае начальства. У лістападзе 1916 года яго пераводзяць на новае месца працы – на Беласточчыну, у Карыцін, дзе мясцовы пробашч патрабуе ад яго забыцца пра ўсякую беларускасць. Але К. Сваяк не адступае ад сваіх прынцыпаў.

У канцы 1920 года яго пераводзяць у Засвір, каля Свянцян, і тут ён працягвае энергічную працу з беларускім насельніцтвам. Менавіта з гэтай парафіяй звязана найбольш інтэнсіўная літаратурная і грамадская дзейнасць К. Сваяка ў апошнія гады яго жыцця. Нягледзячы на тое што гэта была малая парафія, да якой належала пяць невялікіх вёсак (Засвір, Коркі, Унукі, Ключаткі і Дубнікі), жыхары былі пераважна беларусы – каталікі, якія з вялікім захапленнем слухалі казанні маладога святара па-беларуску.

Толькі выезды ў Закапанае становяцца цяпер і часцейшымі, і даўжэйшымі: хвароба прагрэсіруе. З захаваўшайся карэспандэнцыі вынікае, што ў Закапаным на лячэнні Сваяк знаходзіўся восенню 1922 года, сустрэў тут і зіму з 1924 на 1925 год . Частыя пісьмы прылятаюць адтуль у Барані да брата Альбіна, дасылае К. Сваяк і тэлеграмы ксяндзу А. Станкевічу з просьбай забраць яго з Закапанага. Вясной 1926 года Казімір Сваяк прадчувае, што набліжаюцца яго апошнія хвіліны…

Шостага мая 1926 года Казімір Сваяк, “як свечка на алтары мук і цярпення, згас і адышоў у лепшую краіну”. Сёмага мая 1926 года цела яго было перавезена з літоўскай паліклінікі ў касцёл св. Мікалая. На наступны дзень адбылося хаўтурнае набажэнства, а пасля яго – экспартацыя цела на могілкі Роса ў Вільні, падчас якой хор моладзі з Віленскай беларускай гімназіі спяваў беларускія рэлігійныя песні.

Казімір Сваяк – беларускі патрыёт, ксёндз, паэт, філосаф. Ён быў паэтам між святароў і святаром між  паэтаў. І гэта відавочна так. Кароткае жыццё і кароткую, але плённую дзейнасць Казіміра Сваяка цяжка размежаваць паміж яго дзейнасцю святарскай і грамадскай, паэтычнай і публіцыстычнай.

Паэтычная ліра для Сваяка стала галоўнай спадарожніцай жыцця. У паэзіі ён знаходзіў  магчымасць выказаць самыя запаветныя і інтымныя пачуцці.

23 кастрычніка 1912 года з’явіўся яго першы верш па-беларуску – “На імяніны майго пробашча”, які быў надрукаваны ў газеце “Беларус”.

У 1924 годзе ў Вільні выйшаў зборнік вершаў К. Сваяка “Мая ліра”, выпушчаны Беларускім выдавецкім таварыствам. У вершах, якія ўвайшлі ў зборнік, мала мажорных нотаў. Няма і традыцыйных для лірыкі пейзажных малюнкаў. Паэт не азіраў наваколле, а ўглядаўся і ўслухоўваўся ў самога сябе. Паэзія К. Сваяка спавядальная, настроеная на драматычнае і журботнае. У 1994 годзе “Мая ліра”, нібы ластаўка з выраю, даляцела да нас – рэпрынтным спосабам, перавыдадзеным выдавецтвам “Мастацкая літаратура”.

К. Сваяк быў адмысловым публіцыстам, тонкім крытыкам і бліскучым апавядальнікам, майстрам мастацкай прозы. Найбольш грунтоўнай працай, якая характарызуе яго як публіцыста, стала напісанне ім на працягу жыцця дзённіка, які адлюстроўвае цікавае, але вельмі кароткае жыццё святара і паэта. Гэты дзённік – цікавы дакумент часу, рэпартаж – споведзь зняможанай душы, якая шукала магчымасці ахвярна паслужыць людзям дзеля высокіх ідэалаў дабра і справядлівасці. Твор гэты з характэрнай аўтарскай назваю – “Дзея маёй мыслі, сэрца і волі” – выйшаў у Вільні асобнай кніжкай пасля смерці К. Сваяка, у 1932 годзе. Рэдактарам і выдаўцом твора стаў ксёндз Адам Станкевіч.

Казімір Сваяк выступаў у друку ў розных жанрах: напісаў паэму “Шляхам цярністым”, апавяданні “Ганулька”, “Мікодам”, драматычную паэму “Купалле”, публіцыстычны трактат “Алкаголь”, п’есу “Янка Канцавы”.

Проза Сваяка ўражвае жанравай дынамікай, багаццем камічных  калізій, разнастайнасцю з’яў жыцця. Яна літаральна іскрыцца майстэрствам жартоўных сцэнак, непераўзыдзеным хараством жывой народнай мовы. К. Сваяк як ніхто бліскуча валодаў таксама жанрамі філасофскага апавядання, навэлы-рэфлексіі, у якіх фармуляваў сваё ідэйнае і духоўнае крэда. З’яўляючыся каталіцкім святаром, К. Сваяк сцвярджаў у сваіх творах духоўную сутнасць быцця як аснову дабра, ісціны і красы ў сусвеце, гэтак званае “станоўчае ўсёадзінства”, якое ўтвараецца арганічнай  аяднанасцю і ўзаемапранікненнем прыватнага і агульнага, матэрыяльнага і ідэальнага, прасторавага і часавага.

Творчасць Казіміра Сваяка, паэта і святара, арганічна ўвайшла ў гісторыю беларускай літаратуры. Яго паэзія можа служыць прыкладам духоўна-эстэтычных памкненняў эпохі, бо ў ёй знайшлі сваё асэнсаванне актуальныя для тагачаснай прагрэсіўнай творчай інтэлегенцыі Заходняй Беларусі ідэі беларускага філосафа Ігната Канчэўскага, а таксама ідэі рускай і замежнай рэлігійнай філасофіі. У сваёй творчасці К. Сваяк змог спалучыць ідэі беларускага нацыянальнага адраджэння і хрысціянскія каштоўнасці.


------------------------------------------

Іна Баркоўская, настаўнік гісторыі ДУА “Гімназія №2 г. Гродна”.