«Мой журналистский 2014-й». Светлана Фёдорова: "Я попробовала писать по-белорусски"

16:00 / 11.02.2015
3
Шчыра прызнаюся: калі рэдактар прапанавала кожнаму журналісту расказаць пра свой прафесійны 2014-ты год, мяне ахапіла паніка.


Што ж такое павінна адбыцца ў жыцці журналіста, каб ён мог пра гэта расказаць усім чытачам?

Можа, сустрэча з кім-небудзь з герояў матэрыялу? А можа, цікавая вандроўка? Ці нейкае асабістае адкрыццё чагосьці незвычайнага? І ўсё гэта абавязкова павінна неяк паўплываць на самога журналіста – дапамагчы штосьці зразумець або прымусіць пераглядзець свае погляды ці прынцыпы, а можа, нават змяніцца – каб ён лічыў, што пра гэта трэба расказаць.

Але ж у мяне нічога гэтага не было! І адзін дзень быў падобны на другі.

Я думала, думала, думала… І чым далей, тым усё больш здавалася, што за чатыры гады працы ў сферы журналістыкі я ўсё яшчэ не магу назваць сябе журналістам у поўным сэнсе гэтага слова. Нават наяўнасць адпаведнай адукацыі і дыплома не даюць мне на гэта права…

Ну няма пра што мне пісаць! Год прайшоў (а мо, праляцеў?!) спакойна і нічым адметным не адзначыўся. Я проста выконвала сваю звычайную работу. Што пра яе расказваць?

Я ўжо хацела пайсці да рэдактара і папрасіць, каб Ніна Аляксееўна адмяніла мне гэта заданне. Мо як-небудзь без майго 2014-га можна?..

І вось, калі я накіравалася да кабінета рэдактара, мяне азарыла. (О, вялікая сіла кіраўніка!) Нарэшце я знайшла, пра што магу расказаць. Праўда, усе дасягненні майго 2014-га можна ўмясціць у адзін сказ: я паспрабавала пісаць па-беларуску. Для мяне, расіянкі, якая закончыла школу і ўніверсітэт у Расіі, 24 гады свайго жыцця пражыла ў Пскоўскай вобласці, гэта, пагадзіцеся, – вялікая перамога над сабой. Магчыма, гэта самае галоўнае маё асабістае дасягненне мінулага года!

Прызнаюся, што жаданне пісаць на беларускай мове ў мяне з’явілася даўно. Але ж аднога яго было недастаткова. Мне хацелася пісаць так, каб потым стылістычнаму рэдактару не прыйшлося папраўляць мае памылкі ў кожным слове. І на шляху да сваёй мэты я “падсела” на беларускамоўную літаратуру – лічу гэта першым і галоўным, што дапамагае вывучыць мову.

І толькі пасля таго, як праз мае розум, сэрца, душу “прайшлі” адна за другой кнігі Караткевіча, Шамякіна, Мележа, Быкава і іншых беларускіх пісьменнікаў, я штосьці сама напісала па-беларуску. Напачатку гэта былі маленькія разважанні.

Ну а як у мяне гэта атрымалася, ацэньвалі спачатку мае калегі. Памылкі, зразумела, былі. Але менш, чым я чакала…

…Калі я толькі прыйшла ў рэдакцыю, Ніна Аляксееўна сказала мне (тады па-руску): “Калі-небудзь у цябе абавязкова з’явіцца жаданне пісаць па-беларуску”. Ну як у ваду глядзела!..


----------------------------------

Святлана ФЁДАРАВА.