Островчане приняли участие в 42-м съезде Белорусского республиканского союза молодёжи

10:00 / 30.01.2015
2015 год у Беларусі аб’яўлены Годам моладзі. І яго пачатак быў азнаменаваны важнай падзеяй – 42-ім з’ездам Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі.

У такім маштабным мерапрыемстве ў складзе дэлегацыі Гродзенскай вобласці таксама прынялі ўдзел і трое прадстаўнікоў Астравеччыны – першы сакратар райкама БРСМ Аксана Лазарава, а таксама актывісткі Алена Бабойць і Святлана Пешка.

Мы папрасілі астравецкіх дэлегатаў расказаць пра ўражанні ад з’езда.

Аксана Лазарава:

– Знамянальна, што напярэдадні з’езда мы пабывалі на сустрэчы з губернатарам Гродзенскай вобласці Уладзімірам Краўцовым. Гэта была цудоўная магчымасць задаць старшыні аблвыканкама хвалюючыя пытанні, даведацца пра планы развіцця Гродзеншчыны, адкрыць для сябе новыя перспектывы. Такая сустрэча – найлепшае пацвярджэнне таго, што маладзёжнай палітыцы ў нашай краіне надаецца вялікая ўвага.

Што тычыцца з’езда, то тут уражвала ўсё. Амаль тры тысячы прадстаўнікоў моладзі з розных куткоў Беларусі аб’ядналіся ў агульным патоку і мэце – абмеркаваць тое, што было зроблена, і абдумаць, што трэба зрабіць у гэтым годзе. Тое, што Прэзідэнт Беларусі аб’явіў 2015-ы год – Годам моладзі, накладвае на нас яшчэ большую адказнасць.

Мне вельмі спадабалася ўдзельнічаць у патрыятычнай акцыі “Мы помнім і ганарымся”, якая праходзіла на плошчы Перамогі. Сустрэча і аб’яднанне двух пакаленняў – моладзі і ветэранаў, – хвіліна маўчання і мора кветак, якія былі ўскладзены да помніка ў падзякі, памяці, гонару. Гэта вельмі прыгожа, сімвалічна і кранальна. У такія моманты словы лішнія…

Спадабалася фотавыстава ў Палацы Рэспублікі, дзе праходзіў з’езд. Ну і, канешне ж, выстава новага праекта “Яблыневы сад”. Адразу ж успомніліся вядомыя яблыкі нашага юнага даследчыка з Варнян Антона Юркойця.

Не забудзецца і цікавае правядзенне першага пленарнага пасяджэння ў форме адкрытага дыялогу “Моладзь Беларусі: традыцыі і будучыня”.

Святлана Пешка:

– Быць дэлегатам з’езда – гэта цікава і адказна адначасова. Мы ўбачылі шмат новага. У першы дзень для дэлегатаў была арганізавана сустрэча з аўтарамі і вядучымі акцёрамі фільма “Дзяржаўная мяжа”, працяг якога хутка выйдзе на экраны. Цікава было ўбачыць артыстаў і задаць ім пытанні.

Безумоўна, запомнілася выступленне на з’ездзе Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што заўсёды будзе падтрымліваць маладых, ініцыятыўных і таленавітых рабят. А гэта дае перспектывы для ўдасканалення і развіцця. Таленавітай моладзі ў Беларусі нямала. Пацвярджэнне гэтаму – маладзёжны праект “100 ідэй для Беларусі”. Дарэчы, яго пераможца таксама выступаў падчас з’езда.

Алена Бабойць:

– Удзел у такім маштабным мерапрыемстве запомніўся і ўразіў. Мне вельмі спадабалася выступленне першага сакратара Брэсцкага абкама БРСМ і яго каманды. Думаю, яно не пакінула раўнадушным ніводнага з амаль трохтысячнай аўдыторыі ў зале. Брэстчане прадставілі прысутным песню пра подзвігі мужных удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, а суправаджалася яна кліпам, які яны самі знялі. Калі б не ведала пра гэта, не паверыла б, што там задзейнічаны не прафесійныя акцёры, а звычайныя людзі. А якія словы песні! Яны кожным гукам аддаваліся ў сэрцы і свядомасці. Выбух эмоцый – і авацыі. Уся зала апладзіравала стоячы.

А яшчэ так супала, што менавіта ў дзень з’езда, 20 студзеня, у мяне – дзень нараджэння. І якім жа быў сюрпрыз, калі аб гэтым аб’явілі ў зале! Імяннікаў было трое. Па чарзе нас выклікалі на сцэну, і толькі што абраны першы сакратар ЦК ГА БРСМ Андрэй Белякоў уручыў кожнаму букет кветак. Думаю, і з’езд, і гэты дзень нараджэння мне запомняцца назаўсёды.

------------------------------

Марына МАЦКЕВІЧ.