Вучыце родную мову

11:00 / 28.01.2015
9
Тое, што беларуская мова сёння знаходзіцца не ў лепшым стане, зусім не адпавядаючым статусу дзяржаўнай, – факт, які не стане аспрачэчваць нават самы яры аптыміст. Чаму так адбылося, чаму зусім невялікая частка грамадзян, якія лічаць сябе беларусамі, ведае родную мову і яшчэ меншая карыстаецца ёю ў паўсядзённым жыцці, – пытанне досыць рытарычнае. А вось што можна зрабіць, у тым ліку і ў нашым асобна ўзятым раёне, каб беларуская мова заняла свой пачэсны пасад між народамі, – пытанне ўжо зусім іншага кшталту, і адказ на яго залежыць ад кожнага неабыякавага да стану беларушчыны чалавека.

Менавіта такія і сабраліся ў рэдакцыі “Астравецкай праўды” на пасяджэнне “Круглага стала”: старшыня раённага Савета дэпутатаў Ірына Тальчук, намеснік старшыні райвыканкама Віктар Свіла, супрацоўнік мытні, краязнаўца Алесь Юркойць, намеснік пракурора Астравецкага раёна Дзмітрый Дамарад, намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Наталля Баніцэвіч, настаўніца беларускай мовы і літаратуры гімназіі №1 Вольга Лябецкая, прыватны прадпрымальнік Аляксей Пятровіч і журналістка Святлана Фёдарава. Вядучай “Круглага стала” па традыцыі стала галоўны рэдактар “Астравецкай праўды” Ніна Рыбік.


Віктар Свіла:

– У сённяшняга пасяджэння нашага “Круглага стала” па праблемах пашырэння беларускай мовы ў жыцці грамадства ёсць перадгісторыя. Тым, хто быў дэлегатам справаздачна-выбарнай канферэнцыі грамадскага аб’яднання “Белая Русь”, якая прайшла ў лістападзе, хачу нагадаць, астатнім – расказаць, што ў яе рабоце прымаў удзел намеснік старшыні рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Белая Русь” Сяргей Юр’евіч Пігараў, які, высока ацаніўшы той факт, што частка дэлегатаў выступала па-беларуску, заявіў, што выкарыстанне беларускай мовы павінна пашырацца ва ўсіх сферах жыцця грамадства. І актыўнымі яе папулярызатарамі якраз і трэба стаць членам “Белай Русі”. А тое, што сёння не ўсе нават з тых, хто некалі вучыў у школе беларускую мову, могуць граматна ёю карыстацца, можна выправіць з дапамогай спецыяльных курсаў для дарослых, як гэта ўжо зрабілі ў Мінску і ў буйных гарадах краіны.


Ніна Рыбік:

– Перш чым перайсці да пытання “што рабіць?”, прапаную вызначыцца з тым, дзе мы знаходзімся… І таму хачу папрасіць усіх удзельнікаў “Круглага стала” ацаніць стан, у якім сёння знаходзіцца беларуская мова і выказаць свае адносіны да заяўленай тэмы.


Віктар Свіла:

– Зараз, бываючы ў Мінску ці Гродна, я чую беларускую мову на вуліцы, у транспарце, у крамах ці нейкіх установах шмат часцей, чым нават гады два-тры таму – і гэта радуе. Хочацца, каб гэтак жа было і на Астравеччыне, бо ў нас пакуль родная мова традыцыйна распаўсюджана сярод вясковых жыхароў, а ў горадзе яе можна пачуць не так часта.

А каб так сталася, людзям трэба дапамагчы. Я не думаю, што з заўтрашняга дня ўсе павінны пачаць гаварыць па-беларуску – але было б добра, каб тыя, каму гэта цікава, але хто, магчыма, пакуль не валодае мовай на ўзроўні, які дазваляе карыстацца ёю свабодна і правільна, мелі магчымасць, не саромеючыся, спрабаваць гаварыць у асяродку блізкіх па духу людзей. І для гэтага нам, паўтаруся, варта, як і ў іншых гарадах – тым жа Мінску, Гродна, Брэсце – арганізаваць нешта кшталту набываючых шырокае распаўсюджванне курсаў “Мова нанова”. Можна назваць іх і неяк па-іншаму – галоўнае захаваць сутнасць: каб збіраліся разам людзі, якім цікавая беларуская мова, гісторыя, культура, традыцыі, і маглі па-новаму вучыцца беларускасці.


Алесь Юркойць:

– Калі ацэньваць сённяшні стан беларускай мовы, то трэба прызнаць, што ён блізкі да катастрафічнага. І гэта не маё асабістае меркаванне, гэта – высновы даследаванняў міжнародных інстытутаў мовазнаўства, якія адносяць беларускую мову да катэгорыі знікаючых. І калі бачыш, што беларускай мовай – заўважце: дзяржаўнай мовай! – практычна не карыстаюцца ні ў паўсядзённым, ні ў грамадскім жыцці, ні ў дзяржаўных установах, з гэтымі невясёлымі высновамі міжволі вымушаны пагадзіцца.

Пытанне, чаму так адбылося – на мой погляд, занадта шырокае і глыбокае, каб сёння яго абмяркоўваць. Тут – цэлы букет розных прычын. Дастаткова сказаць, што на працягу 20-га стагоддзя прайшлі тры хвалі беларусізацыі, і даволі паспяховыя – якія, тым не менш, не прынеслі канчатковага станоўчага выніку. Можна ўзгадаць 20-я гады мінулага стагоддзя, калі быў створаны Інбелкульт, на базе якога затым была арганізавана Нацыянальная акадэмія навук. Выкладанне ў вышэйшых навучальных установах у тыя гады вялося па-беларуску – і ні для студэнтаў, ні для выкладчыкаў, якія прыязджалі ў Беларусь з іншых краін і паспяхова авалодвалі беларускай мовай, гэта не стварала цяжкасцей. Былі распрацаваны беларускія слоўнікі для перакладу тэрмінаў і паняццяў усіх дакладных навук – фізікі, хіміі, матэматыкі і іншых, і імі паспяхова карысталіся. А сёння адным з асноўных аргументаў праціўнікаў беларусізацыі з’яўляецца немагчымасць ці складанасць перакладу навуковых і іншых спецыяльных тэрмінаў у дакладных і прыкладных навуках. Чамусьці ў іншых краінах – той жа Украіне, да прыкладу, – гэта не ўяўляе цяжкасці, а ў Беларусі – ну проста немагчыма!

Асноўная прычына такога стану беларускай мовы, на мой погляд, хаваецца ў нацыянальным гістарычным бяспамяцтве, у нашай хвалёнай талерантнасці: нам жа так боязна некага пакрыўдзіць, паставіць у няёмкае становішча, загаварыўшы па-беларуску: а раптам чалавек не зразумее ці падумае пра нас нешта нядобрае? Нам нашмат прасцей паставіць у няёмкае становішча сябе: мы ж прывыклі ў ім знаходзіцца…


Віктар Свіла:

– Вымушаны пагадзіцца з са спадаром Алесем. І ў якасці дадатковага прыкладу хачу прывесці нашых суседзяў літоўцаў. Яны займелі сваю мову досыць позна, у 16-ым стагоддзі, – у гэты час на беларускай мове быў ужо напісаны не толькі Статут Вялікага княства Літоўскага, але і выдатныя мастацкія творы. Але сёння ў Літве нават пытання не ўзнікае, што ў навучальных ці ў дзяржаўных установах не хапае тэрміналогіі, каб выказаць свае думкі ці напісаць навуковы артыкул на літоўскай мове.

Але я хацеў бы перасцерагчы ад памылкі, якая ўласціва нашаму грамадству яшчэ з савецкіх часоў: імкненне ўсіх пагалоўна “жалезным кулаком загнаць у рай”. Калі з’яўляецца нейкая добрая, слушная ідэя і мы пачынаем прымусова яе ўкараняць – гэта найлепшы спосаб яе загубіць. Усё павінна ісці ад чалавека, ад яго жадання і імкнення.


Ірына Тальчук:

– Я лічу, што папулярызацыю беларускай мовы трэба пачынаць з дэманстрацыі людзям, якія пакуль не вельмі добра яе ведаюць і не рызыкуюць выкарыстоўваць у публічных выступленнях ці ў паўсядзённым ужытку, прыгажосці, мілагучнасці, хараства роднай мовы – каб яе палюбілі і захацелі на ёй гаварыць.

Я вучылася ў рускамоўнай гарадской школе. І калі пасля яе заканчэння паехала паступаць ў Белдзяржуніверсітэт, вусную матэматыку перада мной здаваў хлопец – ён адказваў на чысцюткай беларускай мове, і гэта было так прыгожа, так мілагучна, што мы ўсе, як зачараваныя, перасталі рыхтавацца да сваіх адказаў і, літаральна разявіўшы раты, сядзелі і слухалі. Дарэчы, яго адказам былі зачараваны і выкладчыкі: памятаю, той хлопец за экзамен атрымаў “пяцёрку”.

Другім такім момантам зачаравання роднай мовай для мяне стаў спектакль, які паставілі па п’есе Ніны Рыбік нашы мясцовыя артысты. Ён уражвае не толькі сваім сюжэтам, але і мовай: яна ў п’есе такая родная, свая, прыгожая, што кранае да глыбіні душы.

Сям’я маёй дачкі жыве па суседству з прысутным тут Аляксеем Пятровічам, яны часта бываюць у гасцях адзін у аднаго. У сям’і Аляксея ўсе гавораць па-беларуску, і, хоць мой зяць вырас у сям’і ваеннага, у дзяцінстве разам з бацькамі аб’ехаў, лічы, увесь Саюз, а таму беларускай мовы не ведае, зараз яны ўсе – дачка, зяць, маленькі ўнук – у шчырым захапленні ад гучання, каларыту роднай мовы, якую яны чуюць у суседзяў. І не ведаю, як зяць, але ўнук, упэўнена, з цягам часу, дзякуючы стасункам з Пятровічамі, абавязкова загаворыць па-беларуску.

Лічу, што з такіх вось момантаў і пачынаецца любоў да роднай мовы ў кожнага асобна ўзятага чалавека ці сям’і. А з любові і пачнецца яе паступовае, ненавязлівае, непрымусовае пашырэнне і распаўсюджванне.


Віктар Свіла:

– У якасці прыкладу для пацвярджэння слоў Ірыны Эдуардаўны хачу прывесці нашы інтэлектуальныя гульні. 20 студзеня пачаўся пяты раённы чэмпіянат – і ў зале быў аншлаг: на гульню прыехалі 27 каманд. А пачыналі мы, калі хто памятае, з дзясятка. Але паступова інтэлектуальны рух набываў усё большую папулярнасць, зараз стаць яго ўдзельнікам – не толькі цікава, але і прэстыжна, і ўсё больш людзей імкнецца паспрабаваць свае сілы ў гульні: тут цікава, тут прыемна, тут збіраюцца аднадумцы, з якімі хочацца сустрэцца і правесці час. І гэтыя штомесячныя стасункі становяцца, без перабольшвання, святам душы для іх удзельнікаў.

І такім вось чынам варта развіваць і папулярызаваць беларускую мову, з малога, крок за крокам пачынаць рабіць вялікую справу: раз у тыдзень ці ў месяц – як ужо атрымаецца – збірацца разам людзям, якія хочуць гаварыць па-беларуску, якім цікава разам, каб нешта абмеркаваць, даведацца штосьці новае, нечаму навучыцца. Потым яны прывядуць сваіх знаёмых, сяброў, тыя – яшчэ некага. Такім чынам кола тых, хто захоча гаварыць па-беларуску, будзе пашырацца.

І не трэба пры гэтым шмат гаварыць, дэклараваць, рабіць справаздачы – галоўнае, каб удзел у гэтым клубе, ці як мы яго назавем, стаў цікавым і прэстыжным для як мага большай колькасці людзей.


Ніна Рыбік:

– Да ўдзелу ў пасяджэнні нашага “Круглага стала” я запрасіла маладую журналістку, якая працуе ў штаце нашай рэдакцыі толькі трэці год. Святлана Фёдарава прыехала да нас з Расіі, з Пскоўскай вобласці. Дзяўчына заўсёды выказвае сваю прыхільнасць да беларускай мовы, чытае кніжкі беларускіх аўтараў. А не так даўно прыемна здзівіла ўсіх нас тым, што пачала пісаць па-беларуску. Хацелася б пачуць яе меркаванне.


Святлана Фёдарава:

– Беларуская мова – вельмі самабытная і прыгожая. Мне здаецца, яна перадае думкі і пачуцці па-іншаму, больш дакладна, бліжэй да душы. Не заўсёды ў рускай знойдзеш аналаг трапнага беларускага слова, каб перадаць тое, што так мілагучна і дакладна сказана па-беларуску. Першае, што прыходзіць у галаву, – “каханне” і “любовь”. Любіць можна і смажаную рыбу, і радзіму, і мора, і дзяцей, а кахаць – толькі каханага… Ці “званіць” і “тэлефанаваць” – у беларускім значэнні адразу зразумела, пра што гаворка. А званіць можа і званочак на шыі ў казы, і царкоўныя званы, і сусед у дзверы…

Хоць адразу мне было не проста прывыкаць да новых слоў. Памятаю, калі ўпершыню пачула слова “шуфлядка”, запанікавала: што гэта за звер такі? Узяць у шуфлядцы – гэта дзе, куды трэба бегчы? А зараз, калі прыязджаю да родных на радзіму, яны ўжо з мяне пасмейваюцца, адзначаючы і ўжыванне новых слоў, і беларускія асаблівасці вымаўлення гукаў – я гэтага нават і не заўважаю. Так што я паціху станаўлюся беларускай – і мне гэта падабаецца!


Ніна Рыбік:

– А як ацэньваюць стан беларускай мовы прадстаўнікі аддзела адукацыі?


Наталля Баніцэвіч:

– Хачу сказаць, што сёння ў нашым раёне дзейнічае 16 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, і 13 з іх – з беларускай мовай навучання. І ў школах стараюцца шанаваць родную мову не на словах, а на справе: кіраўнікі ўстаноў адукацыі на нашых саветах выступаюць, як правіла, па-беларуску, дакументацыя, у тым ліку і наглядная, вядзецца на беларускай мове.

Я таксама, калі даводзіцца выступаць на ўрачыстых лінейках з нагоды першага ці апошняга званка, на бацькоўскіх сходах ці нарадах, заўсёды раблю гэта па-беларуску. І прыемна, што пасля такіх выступленняў падыходзіць нехта з бацькоў, паціскае руку і кажа: “Дзякуй вам за беларускую мову”.

Але ў гэтым і мінулым навучальных гадах мы сутыкнуліся з нечаканай праблемай, калі бацькі нават у такіх традыцыйна беларускамоўных асяродках, як Міхалішкаўская і Альхоўская сярэднія школы, выступілі з прапановамі стварыць рускамоўныя класы. І аргументацыя ў іх вельмі рацыянальная: выпускнікам пры здачы цэнтралізаванага тэсціравання не даецца права выбару, на якой мове пісаць тэсты – толькі на рускай! І ўвогуле, за парогам школы для ўжывання беларускай мовы наступае пэўны рубеж: у ВНУ, каледжах, прафесійна-тэхнічных ліцэях выкладанне вядзецца па-руску. Зразумела, што бацькам хочацца, каб у іх дзяцей было менш цяжкасцяў на наступнай ступені адукацыі…


Вольга Лябецкая:

– Я выкладаю беларускую мову і літаратуру ў рускамоўнай гімназіі ў сярэднім і старэйшым звеннях. І заўважыла: калі ў сярэдніх класах дзеці цікавяцца роднай мовай, ім падабаюцца новыя, адметныя беларускія слоўцы, яны іх занатоўваюць, запамінаюць, то ў старэйшых цікавасць змяншаецца: вучні ўжо саромеюцца гаварыць пабеларуску, мала чытаюць… Ды і як не быць таму, калі на вывучэнне мовы адводзіцца ўсяго адна гадзіна ў тыдзень – гэта катастрафічна мала! Хоць і тут ёсць вучні, для якіх беларуская мова – усвядомлены выбар, якія захоўваюць і развіваюць сваю цікавасць да яе. І, дарэчы, многія мерапрыемствы ў нашай рускамоўнай гімназіі праводзяцца на беларускай мове – менавіта па просьбе дзяцей.

І ўсё ж я заўважыла: калі сачыненне задаецца на дом, то ўсё цудоўна: дапамагаюць, мусіць, бацькі і інтэрнэт. А калі пішам яго ў класе, то відавочна, што школьнікам не хапае слоўнікавага запасу, каб выказаць свае думкі. Гэта адбываецца з-за таго, што ў іх асяроддзі вельмі мала гучыць беларускай мовы… І таму курсы, пра якія сёння гаварылі, думаю, былі б вельмі карыснымі – найперш бацькам, а затым ужо і дзецям.


Ніна Рыбік:

– Напярэдадні гэтага навучальнага года да нас прыходзіў Аляксей Пятровіч з просьбай дапамагчы знайсці бацькоў-аднадумцаў, якія б хацелі аддаць сваё дзіця-першакласніка ў беларускамоўны клас. Хацелася б даведацца: чым усё скончылася?


Аляксей Пятровіч:

– Дзякуй “Астравецкай праўдзе” за дапамогу, але, на жаль, усе нашы намаганні былі дарэмнымі: па маіх звестках, знайшоўся яшчэ толькі адзін бацька, які пажадаў, каб яго дзіця вучылася ў беларускамоўным класе, а для яго адкрыцця патрэбна як мінімум шэсць вучняў… Дырэктар СШ №2, дзе вучацца мае дзеці, абяцаў, што ў наступным годзе можна будзе адкрыць факультатыў па дадатковым вывучэнні беларускай мовы, сёлета гэта зрабіць можна толькі на платнай аснове – хоць, шчыра кажучы, ні мне, ні дзецям не зусім зразумела, чаму родную мову, якая мае статус дзяржаўнай, трэба вывучаць факультатыўна…

Калі дзеці прыходзяць са школы, я заўсёды цікаўлюся, што ім расказвалі на ўроках беларускай мовы – канешне, малышам, пакуль у асноўным чытаюць казкі. Дык вось, іншыя дзеці нават мала што разумеюць з прачытанага – для іх беларуская мова ўжо як замежная. А ўсё таму, што ёй не карыстаюцца бацькі, яна не гучыць з экрана тэлевізара. Я, напрыклад, любімыя мультфільмы для дзяцей у перакладзе на беларускую скачваю з інтэрнэта – не думаю, што так робяць іншыя бацькі. Таму, думаю, курсы, пра неабходнасць стварэння якіх ужо не раз узгадвалі, дапамогуць у распаўсюджванні беларускай мовы найперш сярод дарослых. А потым гэта натуральна перайшло б і на дзяцей.


Дзмітрый Дамарад:

– З кропкі гледжання і асобы, і дзяржаўнага служачага я вымушаны пагадзіцца з высновай, якая сёння ўжо неаднойчы гучала: беларуская мова знаходзіцца на той мяжы, пераступіўшы якую, мы нашу мову проста страцім. А страціўшы яе, страцім і дзяржаўнасць. І заканамерна, што да беларусаў у свеце ў такім выпадку будуць адносіцца як да людзей другога гатунку – а як яшчэ можна адносіцца да народа, які добраахвотна адмовіўся ад роднай мовы?

Таму я лічу, што кожны неабыякавы чалавек павінен прыкласці ўсе намаганні, каб захаваць, папулярызаваць, адраджаць беларускую мову, каб як мага больш людзей уцягвалася ў гэты працэс. Я згодзен з Наталляй Вікенцьеўнай: людзям падабаецца мова, я сам неаднойчы гэта адзначаў: падвязеш чалавека на машыне, загаворыш з ім па-беларуску – і ён затым потым шчыра дзякуе і захапляецца. Я лічу, што многія сёння гаварылі б на роднай мове – але няма ўмоў для рэалізацыі гэтага жадання. Таму, лічу, размовай за гэтым “Круглым сталом” і стварэннем беларускамоўных курсаў мы робім вялікую добрую справу.


Ніна Рыбік:

– Назваць беспраблемным сённяшні стан беларускай мовы складна. На старонках нашай газеты і на сайце час ад часу ўспыхваюць дыскусіі з нагоды: хто ў гэтым вінаваты? Адны сцвярджаюць, што дзяржава, якая паставіла адну з дзяржаўных моў у яўна няроўныя ўмовы ў параўнанні з другой – тут можна ўзгадаць і справаводства на рускай мове, і пераважна рускамоўнае тэлебачанне, і тое ж выкладанне ў ВНУ, і шмат чаго яшчэ. Іх апаненты даказваюць, што ніхто не забараняе людзям гаварыць па-беларуску, чытаць беларускія кніжкі, газеты, а калі яны не хочуць ці не ўмеюць гэта рабіць, то навошта кагосьці вінаваціць? А якое ваша меркаванне?


Ірына Тальчук:

– Я лічу, што вінаваціць ва ўсім дзяржаву як мінімум несправядліва, бо ўлада для беларукай мовы робіць нямала. Да прыкладу, я люблю слухаць беларускае радыё – на Першым нацыянальным канале ўсе перадачы транслююцца на цудоўнай, прыгожай, правільнай беларускай мове. Адзін з тэлеканалаў цалкам беларускамоўны. У нас выдаюцца беларускія кнігі, газеты і часопісы. У школах дзяцей вучаць па-беларуску.

Іншая справа, як людзі да гэтага адносяцца. Я, да прыкладу, была на лінейцы, прысвечанай першаму званку, у Рымдзюнскай школе з літоўскай мовай навучання – і са здзіўленнем даведалася, што сям’я возіць дзяцей у гэтую школу ажно з Ашмян. А ў нас няма жадаючых вучыць іх па-беларуску! Дарэчы, пажаданне Аляксея Пятровіча наконт вывучэння беларускай мовы я ўспрыняла як дэпутацкі наказ і абяцаю разабрацца ў гэтай сітуацыі.

І дзяржаўныя чыноўнікі таксама нярэдка выступаюць па-беларуску: я ўспамінаю, як на раённых “Дажынках” у мінулым годзе Віктар Збігневіч Свіла віншаваў хлебаробаў на чыстай беларускай мове – і як гэта было ўсцешна ўспрынята: да мяне падыходзілі людзі з захопленымі водгукамі. Так што кожнаму патрэбна пачынаць з сябе, а ўжо потым ківаць на дзяржаву.


Віктар Свіла:

– Аднойчы я злавіў сябе на думцы, што за мяжой, у нашых гарадах-пабрацімах, я выступаю па-беларуску часцей, чым на радзіме. І на тых жа “Дажынках” вагаўся пэўны час: на якой мове звярнуцца да людзей, бо, як і ўсе, асцерагаўся зрабіць нейкую памылку ад недахопу практыкі. Але, напэўна, кожны чалавек павінен у пэўны момант пераадолець сябе, сваю няўпэўненасць зрабіць ці сказаць нешта няправільна – і тады ўсё атрымаецца.

А што тычыцца ролі дзяржавы і асобы, то я згодзен з Ірынай Эдуардаўнай. Задача дзяржавы ці ўлады, як яе прадстаўніка, – даць чалавеку магчымасць выбару: выпісваць “Звязду” ці “Беларусь сегодня”, аддаць сваё дзіця ў беларускамоўны ці рускамоўны клас, гаварыць па-руску, як пераважная большасць, – ці паспрабаваць нешта зрабіць для адраджэння беларушчыны і загаварыць па-беларуску, магчыма, пераадолеўшы сябе. А чалавек павінен гэтую магчымасць скарыстаць і зрабіць гэты выбар.


Ніна Рыбік:

– Сёння ўжо неаднойчы выказвалася пажаданне стварыць курсы ці якую іншую форму сумесных сустрэч людзей, якія цікавяцца беларускай мовай і культурай, дзе маглі б збірацца зацікаўленыя. Скажыце, толькі шчыра: каму з прысутных такія курсы цікавыя і патрэбныя?


Святлана Фёдарава:

– Мне! Я б ахвотна наведвала такія курсы, бо вельмі хочацца навучыцца правільна і прыгожа размаўляць на беларускай мове. Да мяне часта нехта з калег ці наведвальнікаў рэдакцыі звяртаецца па-беларуску, і я адчуваю сябе няёмка ад таго, што не магу адказаць гэтак жа…


Ірына Тальчук:

– І я мару навучыцца правільна і прыгожа размаўляць па-беларуску, таму з задавальненнем стала б наведваць падобныя курсы, ці клуб аматараў беларускай мовы, ці як яшчэ яго назваць.


Наталля Баніцэвіч:

– Мне здаецца, што ўсё ўдзельнікі нашага “Круглага стала” стануць самымі актыўнымі ўдзельнікамі гэтых курсаў, ды яшчэ і сяброў ды аднадумцаў сваіх прывядуць. І я так разумею, што арганізацыю іх плануецца даручыць нам, аддзелу адукацыі? Тады давайце вызначымся: што гэта павінны быць за курсы? Што на іх будзе вывучацца: фанетыка, арфаграфія, правапіс – ці проста стануць разам збірацца зацікаўленыя, каб пагаварыць па-беларуску і паралельна даведацца нешта новае і цікавае? І хто будзе гэтым займацца?


Вольга Лябецкая:

– Шчыра кажучы, я б задавальненнем занялася гэтай справай. Я сачу за тым, што адбываецца ў краіне па вывучэнню беларускай мовы, і мне гэта падабаецца: і рух “Мова – нанова”, і “Мова – цікава”, і тое, што ў наш паўсядзённы ўжытак уваходзяць такія каларытныя беларускія словы, як, да прыкладу, куфар, які даў назву папулярнаму сайту.

Я думаю, што на нашых пасяджэннях не варта займацца тым жа, чым дзеці ў класе на ўроках беларускай мовы. Заняткі павінны быць перш за ўсё цікавымі для ўсіх і прысвечаны кожны раз нейкай новай тэме: сёння – беларускай музыцы, заўтра – літаратуры, у наступны раз – нацыянальнаму адзенню ці кухні: прастора для крэатыву неабмежаваная…


Дзмітрый Дамарад:

– У нас ёсць цудоўны прыклад для пераймання – адзіны дзень інфармавання насельніцтва, які праводзіцца штомесяц і кожны раз прысвечаны нейкай новай тэме. З той толькі розніцай, што тэмы для дня інфармавання спускаюцца “зверху”, а мы павінны вызначаць іх самі, каб яны былі цікавымі калі не для ўсіх, то для пераважнай большасці прысутных.


Алесь Юркойць:

– Каб гэтыя курсы мелі поспех, мы павінны, я лічу, прытрымлівацца трох асноўных правілаў. Па-першае, ніхто нікога не павінен прымушаць станавіцца іх удзельнікам – тут я поўнасцю згодзен з Віктарам Збігневічам, бо ўсё, што робіцца пад прымусам, выклікае непрыняцце. Не з’яўляецца асноўнай задачай сабраць як мага больш людзей – галоўнае, каб кожнаму, хто прыйшоў, было цікава.

Другое – гэтыя курсы павінны быць абсалютна апалітычнымі, бо гэта мы таксама праходзілі, калі людзей адно за тое, што яны гаварылі па-беларуску, прылічвалі да апазіцыі.

І трэцяе і, магчыма, самае галоўнае: на гэтых курсах чалавек павінен адчуваць сябе свабодна і разняволена, каб не было ніякіх насмешак, калі нехта нешта сказаў няправільна – мы ўсе толькі вучымся.

Галоўнае, паўтаруся, каб усім было цікава – і калі мы вытрымаем гэтыя тры ўмовы, то ў нас усё атрымаецца – да агульнай карысці!


Першыя заняткі суполкі прыхільнікаў беларушчыны адбудуцца ў наступную сераду, 4 лютага, ў памяшканні гімназіі №1, якая нядаўна адкрылася ў мікрараёне №1 Астраўца. Пачатак – у 18.00 гадзін.

Запрашаюцца ўсе жадаючыя, каму неабыякавы лёс беларускай мовы і хто хоча навучыцца прыгожа і правільна гаварыць па-беларуску, больш даведацца пра нашу гісторыю і культуру.