Дарят радость и хорошее настроение

15:00 / 28.01.2015
Цікава, весела і карысна правялі навагоднія і калядныя святы выхаванцы аддзялення дзённага знаходжання для маладых інвалідаў тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.

Напярэдадні Каляд група маладых людзей пад кіраўніцтвам спецыяліста па сацыяльнай рабоце Рэнаты Янульчык і кіраўніка гурткоў аддзялення Таццяны Ваховіч адправіліся ў дом дыяканічнага служэння храма Нараджэння Прасвятой Багародзіцы, які размешчаны ў вёсцы Тарасава Мінскай вобласці.


У 2005 годзе на тэрыторыі Храма Нараджэння Прасвятой Багародзіцы быў створаны дыяканачны дом сацыяльнага служэння. Зроблена гэта для псіхолага-педагагічнага суправаджэння і фарміравання сацыяльна-бытавой арыентацыі дзяцей і маладых людзей з асаблівасцямі развіцця. Адначасова тут могуць прыняць 10 чалавек. Маладыя людзі вучацца жыць самастойна: гатаваць ежу, прыбіраць, абслугоўваць сябе і іншых – тых, каму значна цяжэй прыглядваць за сабой.

– Рабяты з радасцю прынялі прапанову паехаць на адпачынак у Тарасава, – расказвае загадчыца аддзялення Святлана Куцько. – Гэтая паездка стала магчымай дзякуючы гранту, які мы атрымалі ад акцыянернага таварыства “НІАЭП” па праграме “Акно ў свет”.

Напачатку снежня Насця Курыла, Міша Падарэцкі, Вольга Канцавенка, Вольга Віткоўская і Вольга Пушкела адправіліся ў падарожжа. Некаторыя з рабят упершыню былі ў Мінску – усё ў вялікім горадзе было для іх новым, незнаёмым, цікавым, чароўным.

Педагогі дома дыяканічнага служэння загадзя распрацавалі для маладых людзей цікавую экскурсійную праграму – сумаваць не даводзілася.

Экскурсіі ў Музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны і Нацыянальны мастацкі музей Беларусі, наведванне Касцёла святых Сымона і Алены, Цэнтральнага дзіцячага парка імя Максіма Горкага і Мінскага планетарыя, прагляд сферычнага фільма “Два стеклышка. Удивительный телескоп” і шэраг іншых цікавых і запамінальных падзей адбылося за тыдзень, які рабяты правялі ў дыяканічным доме.

Але не толькі маладыя людзі “выходзілі ў свет” – госці таксама наведвалі іх. Адным з іх стаў фокуснік Беларускай асацыяцыі клубаў ЮНЕСКА, у рамках якога працуе праграма рэабілітацыі “Лячэбная магія”.

– Некалькі месяцаў назад мы са Святланай Казіміраўнай Куцько рыхтавалі праграму, у якой я быў фокуснікам – так званым “сынам Каперфільда”. І мне было вельмі цікава пазнаёміцца з чалавекам, які прафесійна займаецца фокусамі, – дзеліцца ўражаннямі Міша Падарэцкі.

– А нам вельмі спадабаліся заняткі, калі мы рабілі прыгожыя падзелкі з ракушак, – амаль хорам расказваюць дзяўчаты, якім пашчасціла адпачыць у Тарасава.

У госці да рабят прыходзіў іх таленавіты аднагодак з Васілішкаўскага дома-інтэрната для дзяцей-інвалідаў Васіль Мінчонак, які ў рамках праекта “Песня без межаў” спяваў дуэтам з Іванам Буслаем.

– Знаходжанне ў дыяканічным доме спадабалася ўсім нашым рабятам. Многія з іх хацелі б прыехаць сюды яшчэ не раз – і гэта магчыма, – упэўнена Рэната Янульчык. – Незабыўныя ўражанні пакінуў казачны навагодні Мінск і галоўная ёлка нашай краіны.

І літаральна праз некалькі дзён пасля вяртання з Тарасава маладыя людзі зноў трапілі ў Мінск – на гэты раз на навагодняе цыркавое прадстаўленне “Чароўны сон у зімовую ноч”. І гэтае падарожжа зноў жа стала магчымым дзякуючы атрыманаму гранту ад АТ “НІАЭП”.

Але рабяты са сваімі старэйшымі памочнікамі – супрацоўнікамі аддзялення дзённага знаходжання для маладых інвалідаў – не толькі чакаюць, калі нехта дапаможа ім, але і самі дораць радасць і добры настрой іншым. Так, на днях яны адправіліся ў Гудагайскую школу, каб паказаць вучням музычную казку “Чырвоная шапачка на новы лад”. Іх цудоўнае выступленне Гудагайскія школьнікі прынялі на “ўра!” і ўзнагародзілі таленавітых артыстаў гарачымі апладысментамі.


---------------------------

Алена ЯРАШЭВІЧ.