С 16 января в правила дорожного движения внесены изменения

13:00 / 17.01.2015
10
16 студзеня ўступіў у законную сілу Указ №483, які ўнёс некаторыя змяненні ў правілы дарожнага руху. За тлумачэннем і каментарыямі мы звярнуліся да начальніка Дзяржаўтаінспекцыі Уладзіміра Іванавіча Александровіча.


– Сапраўды, гэты ўказ узаконіў тое, аб чым мы доўга гаварылі, – адзначыў Уладзімір Іванавіч. – Зараз вадзіцелі будуць абавязаны перавозіць дзяцей да 12-гадовага ўзросту ў легкавым аўтамабілі ў спецыяльных дзіцячых утрымліваючых устройствах або з дапамогай іншых сродкаў, дзе можна бяспечна прышпіліць дзіця рамянём. Выключэнні складаюць моманты, калі рост дзіцяці перавышае 150 сантыметраў, а таксама пры перавозцы ў аўтамабілі-таксі.

Непрыемная навіна і для экстрымалаў – аматараў пакатацца зімой на летніх шынах. У адпаведнасці з указам, з 1 снежня па 1 сакавіка вадзіцелі аўтамабіляў з тэхнічна дапушчальнай агульнай масай да 3,5 тон, легкавых і грузапасажырскіх звыш 3,5 тон, а таксама аўтобусаў абавязаны выкарыстоўваць зімовыя шыны.

Павялічваецца і час навучання практычнаму ваджэнню аўтамабіля вадзіцеляў катэгорыі «В» з 40 да 50 гадзін. Пры гэтым аўташколам прадстаўляецца чатырохмесячны тэрмін для арганізацыі іх падрыхтоўкі.

Таксама з 16 студзеня да элементаў дарогі адносяцца размешчаныя на праезнай частцы пасадачныя пляцоўкі і астраўкі бяспекі. Гэта дасць магчымасць абавязаць уладальнікаў дарог утрымліваць названыя месцы ў бяспечным для руху стане.

У адпаведнасці з указам змянілася і мінімальная ступень святлопрапускання для ветравога шкла транспарту, пры якой дапускаецца яго ўдзел у дарожным руху з 75 да 70 працэнтаў. Уводзяцца і новыя віды дарожнай разметкі для руху веласіпедаў, а таксама для абазначэння напрамкаў руху па палосах на скрыжаваннях са складанай канфігурацыяй.

Дарэчы, У.І. Александровіч акцэнтаваў увагу на яшчэ адным змяненні, звязаным з пастановай Міністэрства аховы здароўя №80, якая пачала дзейнічаць з 1 студзеня 2015 года.

– Гэтай пастановай унесены некаторыя змяненні ў склад аўтамабільнай аптэчкі, – удакладніў начальнік ДАІ. – Напрыклад, павялічана колькасць лейкапластыраў, бінтоў, прадугледжана выкарыстанне толькі стэрыльнай ваты, і разам з тым выключаны валідол. Аднак панікаваць не трэба: як паведамілі ў Міністэрстве аховы здароўя, да 1 студзеня 2016 года можна карыстацца старымі аптэчкамі.