В Островце открыли новые школу и ясли-сад

11:00 / 14.01.2015
1
10 студзеня ў першым мікрараёне Астраўца былі адкрыты новыя школа на 510 месцаў і яслі-сад на 190 месцаў. Гэтую падзею чакалі многія жыхары нашага горада – і, нарэшце, дзякуючы будаўніцтву на Астравеччыне першай Беларускай АЭС, такое стала магчымым.

Будаўніцтва школы і дзіцячага сада на Астравеччыне пачалося летам 2013 года. Будаўнічымі арганізацыямі, якія ўзяліся за ўзвядзенне першых сацыяльных аб’ектаў у новым мікрараёне, сталі адкрытыя акцыянерныя таварыствы “Будаўнік” (г. Ашмяны) і “Будаўніча-мантажны трэст № 41” (г. Смаргонь). Гэтыя важныя аб’екты, якія сталі цудоўным падарункам для маленькіх астраўчан і школьнікаў, абышліся бюджэту амаль што ў 150 міліярдаў рублёў.

На ўрачыстую цырымонію адкрыцця новых навучальных устаноў сабраліся школьнікі і выхаванцы дашкольнай установы, іх бацькі і педагогі, а таксама ганаровыя госці: старшыня Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта Уладзімір Васільевіч Краўцоў, член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, старшыня Астравецкага райвыканкама Адам Дзмітрыевіч Кавалька, намеснік Міністра адукацыі Сяргей Валянцінавіч Руды, генеральныя заказчыкі і будаўнікі новых аб'ектаў – адкрытыя акцыянерныя таварыствы “Будаўнік” і “Будаўніча-мантажны трэст №41”, прадстаўнікі аблвыканкама, дэпутацкага корпуса, мясцовай улады, міністэрства адукацыі і міністэрства энергетыкі.

– Астравец – горад, які найбольш дынамічна развіваецца, прычым гэта датычыцца не толькі Гродзенскай вобласці, але і ўсёй краіны. Сёння тут адкрываюцца адразу два буйныя сацыяльныя аб’екты – гімназія і яслі-сад. Развіццю сацыяльнай сферы мы ўдзялялі і будзем удзяляць вялікую ўвагу. У мінулым годзе ў вобласці было адкрыта некалькі новых навучальных устаноў, і гэты год мы таксама пачынаем са значнай падзеі: здаём – не як звычайна да першага верасня, а раней – новыя навучальныя ўстановы. Гэта не таннае задавальненне – у праекты ўкладзены вялікія бюджэтныя сродкі. Але зроблена гэта таму, што менавіта ў Астраўцы рэалізуецца буйнейшы ў нашай краіне інвестыцыйны праект – будаўніцтва Беларускай АЭС, – сказаў пры адкрыцці новай школы старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Васільевіч Краўцоў. – 2015 год аб’яўлены ў нашай краіне Годам моладзі, а менавіта за тымі школьнікамі, якія будуць вучыцца ў новым будынку, наша будучыня. Я хацеў бы выказаць словы ўдзячнасці будаўнікам, якія ўзводзілі гэтыя аб’екты. А педагагічнаму калектыву пажадаць хутка і якасна асвоіць новае абсталяванне, каб не парушаўся рытм навучальнага працэсу. Хацелася б, каб тут з’явіліся новыя добрыя традыцыі. А вучням пажадаю вучыцца, бо ў такіх умовах іншага не дадзена. Неабходна авалодваць ведамі і стаць здаровымі, разумнымі грамадзянамі нашай краіны.

Ганаровыя госці прыехалі на ўрачыстае адкрыццё з падарункамі: падчас мерапрыемства матэрыяльна-тэхнічная база новай гімназіі папоўнілася новым камп’ютарным класам, лінгафонным кабінетам і кабінетам хіміі, а дзіцячы садок у падарунак атрымаў камп’ютарны клас, абсталяванне да камп’ютарнай гульнявой і камплект вучэбнай літаратуры.

Самы ўрачысты момант для адкрыцця любога аб’екта, вядома, пераразанне чырвонай стужкі. Менавіта гэтую місію выканалі старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Васільевіч Краўцоў, старшыня Астравецкага райвыканкама Адам Дзмітрыевіч Кавалька, намеснік дырэктара будаўніча-мантажнага трэста №41 Яўгеній Фёдаравіч Гурскі і дырэктар новай гімназіі Алена Чаславаўна Севасцьян.

Ганаровае права першымі зайсці ў новы будынак гімназіі было прадстаўлена выдатнікам вучобы Яне Цэйка і Валерыі Грамбоўскай, пераможцам рэспубліканскай алімпіяды Ангеліне Пятровіч і Вераніцы Анімуцкай, чэмпіёнам спартакіяды школьнікаў Вадзіму Марозу і Яўгенію Красоўскаму.

А потым усіх запрасілі на экскурсію па новым будынку. Прыгожыя сучасныя кабінеты, камп’ютарныя і лінгафонныя класы, прадметныя кабінеты, працоўныя майстэрні, спартыўная, трэнажорная і актавая залы, інфармацыйна-бібліятэчны цэнтр – сапраўды, не вучыцца ў такім будынку проста немагчыма.

Экскурсія па школе закончылася, а ўдзельнікам мерапрыемства прапанавалі пакінуць запіс у кнізе ганаровых гасцей. Першыя пажаданні школьнікам і педагогам пакінулі губернатар нашай вобласці і старшыня Астравецкага райвыканкама.

А потым ганаровых гасцей чакала яшчэ адна адказная місія: у гэты ж дзень былі адкрыты яслі-сад №1. Можна толькі пазайздросціць юным астраўчанам, якія наведваюць новую дашкольную ўстанову: вялікія групавыя памяшканні і пакоі для сну і адпачынку, буфетныя, новыя прыгожыя цацкі, актавая зала, рэсурсныя кабінеты для выхальнікаў – і ўсім гэтым змогуць карыстацца маленькія жыхары нашага горада.

У дадатак тут размясціўся басейн з самым сучасным абсталяваннем, у якім змогуць бавіць час дашкольнікі нашага горада і раёна.

– Сёння сапраўды цудоўнае свята не толькі для Астраўца, але і для ўсяго нашага раёна. Да гэтага мы здавалі ў эксплуатацыю шмат розных аб’ектаў. Да прыкладу, у мінулым годзе на вытворчай базе, дзе будуецца Беларуская АЭС, узведзена 67 аб’ектаў. І кожны раз адчуваеш радасць. У гэтым годзе мы закончым будаўніцтва першага мікрараёна. Паралельна будуецца мікрараён №2, дзе таксама будуць узведзены два дзіцячыя садкі і адна школа. Мы плануем пачаць будаўніцтва асноўнай часткі нашага горада, дзе размесціцца цэнтр Астраўца – усё гэта вельмі важна і для мяне, і для тых, хто жыве ў Астраўцы. Усім нам будзе добра жыць, вучыцца і развівацца. Сённяшняе мерапрыемства вельмі значнае для ўсіх, бо гэта аб’екты сацыяльнай сферы, якіх нам вельмі не хапала, – падкрэсліў старшыня Астравецкага райвыканкама Адам Дзмітрыевіч Кавалька.

Дашкольнікі сустракалі шаноўных гасцей вершамі і караваем. А потым загадчык новага дзіцячага садка Павел Уладзіслававіч Рынкевіч таксама запрасіў усіх на экскурсію па новай дашкольнай установе.





Алена ЯРАШЭВІЧ.

Фота А. МАЛЬШЭЎСКАГА.