О чём попросили Деда Мороза дети из социального приюта?

10:00 / 14.12.2014
З заміраннем сэрца кожнае дзіця чакае навагодніх святаў – часу, калі нават самае неверагоднае жаданне спраўджваецца; часу, калі ўсе ў сям’і абменьваюцца падарункамі, а ў паветры лунае водар ёлкі і мандарынаў; часу, калі толькі адзін раз на год можна ўпільнаваць Дзядулю Мароза…

Выхаванцы дзіцячага сацыяльнага прытулку – не выключэнне. У кожнага з шасці хлопчыкаў і дзяўчынак, якія зараз знаходзяцца пад дзяржаўнай апекай, таксама ёсць свае просьбы і пажаданні да галоўнага навагодняга чарадзея. Гэтыя дзіцячыя жаданні могуць стаць рэчаіснасцю дзякуючы традыцыйнай  акцыі “Ёлка жаданняў”, ініцыятарам якой штогод выступае Астравецкае раённае аддзяленне “Беларускі дзіцячы фонд” сумесна з раённай арганізацыяй “Беларускі саюз жанчын”, газетай “Астравецкая праўда” – і кожнаму з вас.

Парог дзіцячага сацыяльнага прытулку я пераступала з год назад. І за гэты кароткі час ён змяніўся непазнавальна! Утульныя пакоі, рамонт і новая мэбля… На лесвічнай пляцоўцы ўжо стаіць ёлка, ля якой ланцужком вісяць шэсць чырвоных панчошак – па колькасці выхаванцаў дзіцячага прытулку.

Чатырнаццацігадовая Аксана Севасцей – самая старэйшая з усіх выхаванцаў. Дзяўчына адказвае за парадак, пагэтаму ўсе малышы слухаюцца свайго “кіраўніка”.

Кірыл Каптыгін трапіў у прытулак раней за астатніх: заканчваецца шасцімесячны тэрмін знаходжання хлопчыка пад дзяржаўнай апекай. Кірыл вельмі сумуе па брату і сястры, якія зараз вучацца ў іншых гарадах, і верыць, што пасля Новага года мама яго абавязкова забярэ.

Самы дапытлівы, усмешлівы і непаседлівы жыхар прытулку – пяцігадовы Максім Бразевіч, а яго старэйшая сястра Валерыя, наадварот, – спакойная і разважлівая. Дзяўчынка з любоўю апякуецца малодшым братам. Ледзьве прачнуўшыся, Максім і Валерыя чакаюць вечара, таму што да іх, у адрозненні ад астатніх дзетак, кожны дзень прыязджаюць бацькі.

У Максіма ёсць найлепшая сяброўка, шасцігадовая Крысціна Пашкевіч, якая разам са сваёй малодшай сястрычкай Ксюшай трапіла ў прытулак напачатку кастрычніка.

Напярэдадні 2015 Новага года дзеткі разам з выхавальніцамі ўпрыгожваюць сняжынкамі і рознакаляровай мішурой свой агульны дом. Хутка ў гульнявым пакоі з’явіцца віноўніца свята – навагодняя ёлка. І па традыцыі кожны з шасці хлопчыкаў і дзяўчынак, перш чым павесіць бліскучы шар на колкую галінку, у думках загадае жаданне – адно на ўсіх: хутчэй быць дома, разам з мамай і татам…

Яны – самыя звычайныя дзеці і таксама мараць аб ляльках і машынках. Давайце разам выканаем іх  навагоднія жаданні – хоць бы тыя, што ў нашых сілах выканаць! А Дзед Мароз, верыцца, зробіць так, каб гэтыя навагоднія святы шасцёра хлопчыкаў і дзяўчынак сустракалі ў казённых сценах апошні раз у сваім жыцці.

Аксана Севасцей, 14 гадоў:

“Дзядулю Марозу.

Прывітанне, Дзядуля Мароз! Піша табе Аксана. Зараз я жыву ў дзіцячым сацыяльным прытулку і вучуся ў Варнянскай школе. Люблю займацца спортам, маляваць, чытаць і слухаць музыку. Мне вельмі хочацца добра закончыць дзевяць класаў і паступіць вучыцца на цырульніка ў Смаргонскі прафесійны ліцэй. У мяне ўжо зараз атрымліваецца рабіць прыгожыя прычоскі сваім сяброўкам.

Я хачу атрымаць у падарунак сэнсарны тэлефон, таму што мой часта “глючыць”. І каб ён быў вялікім – такія я бачыла ў часопісах, многія з маіх новых аднакласнікаў таксама маюць такія тэлефоны. І яшчэ… Зрабі так, каб гэтыя навагоднія святы я сустракала разам з бацькамі.

Ад любячай цябе Аксаны”.

Максім Бразевіч, 5 гадоў (пад дыктоўку пісала сястра):

“Дзядуля Мароз! Я люблю слухаць музыку, як і мае сябры ў прытулку. Пагэтаму вельмі хачу, каб ты мне падарыў музычную калонку ў выглядзе машынкі.

Жыву я ў прытулку не адзін, а з сястрычкай Валерыяй. Але ў садок хаджу без яе: яна ўжо дарослая і вучыцца ў школе. У прытулку мне добра, і ў мяне тут ёсць сябры: разам мы гуляем і бегаем. Але я хачу дамоў. Мама і тата прыязджаюць кожны дзень і абяцалі нас хутка забраць… Зрабі так, каб гэтае “хутка” настала заўтра, каб я прачнуўся ў сваім ложку, у сваім доме.”

Валерыя Бразевіч, 10 гадоў:

“Дзядуля Мароз, мяне завуць Валерыя, мне дзесяць гадоў. Разам з брацікам Максімам мы зараз жывём у прытулку, але мама і тата наведваюць нас кожны дзень. Мы іх моцна любім і вельмі хочам хутчэй паехаць дадому! Мама працуе жывёлаводам і часта падмяняе даярак, пагэтаму вечарам прыходзіць з працы вельмі стомленая. Мне б вельмі хацелася мець старэйшую сястру, каб яна правярала ў мяне ўрокі і мы б разам з ёй дапамагалі бацькам па гаспадарцы і гатавалі вячэру. Калі ў цябе будзе магчымасць (я ведаю, што ты адзін, а дзетак так многа!), прывязі мне, калі ласка, шашкі, набор прыгожых гумак для валасоў. А яшчэ лятаючую фею і вялікую-вялікую ляльку.”

Пашкевіч Крысціна і Ксюша (6 і 3 гады) (пісьмо дапамагала пісаць выхавальніца):

“Дзядуля Мароз, піша табе Крысціна. Мне ўжо шэсць гадоў, і я хутка пайду ў школу. А пакуль я жыву ў прытулку і хаджу ў дзіцячы садок. Я вельмі чакаю Новага года і спецыяльна для цябе развучваю разам з іншымі дзеткамі песні і вершы. У мяне ёсць малодшая сястрычка Ксюша. Ёй тры гады, але яна пакуль не ўмее размаўляць. Ведаеш, як яна мяне называе? Кіся! Але я разумею і моцна люблю сваю Ксюшу.

Дзядуля Мароз, ты можаш нам падарыць набор дзіцячага кухоннага посуду і Барбі? Але, калі хочаш, можаш і сам выбраць для нас падарункі. Ты ж і так усё ведаеш!

Кожны дзень я чакаю мамінага прыезду ці хоць бы званка ад яе. Чаму яна да нас не прыязджае? Напэўна, моцна занятая. Зрабі так, каб яна нам з Ксюшай часцей тэлефанавала, і абавязкова перадай ёй, што мы яе моцна-моцна любім.”

Кірыл Каптыгін, 10 гадоў:

“Дарагі Дзядуля Мароз! Я ўжо дарослы, пагэтаму многае разумею. Гэта выхавальніца сказала напісаць табе ліст і расказаць у пісьме, які падарунак хачу атрымаць на Новы год. Напэўна, як і большасць хлапчукоў, я б хацеў скейтборд або самалёт з флэшкай на пультавым кіраванні… Але я магу абысціся без гэтых падарункаў. Веру ў тое, што табе пад сілу выканаць маю самую запаветную мару. Я так хачу дамоў! Зрабі так, каб мама мяне хутчэй забрала з прытулку і мы ўсе жылі, як і раней, – я, мама, брат Вадзім і сястра Віка.”

Калі вы хочаце далучыцца да дабрачыннай акцыі і ажыццявіць навагоднія жаданні выхаванцаў дзіцячага сацыяльнага прытулку, то прыносьце пасільныя для вас ахвяраванні ў раённае аддзяленне “Беларускі дзіцячы фонд”, які знаходзіцца па адрасе: г. Астравец, вул. Піянерская, 7 “А”, тэл. 21-2-55 (старшыня раённага аддзялення – Вольга Анатольеўна Альфер) або ў рэдакцыю газеты “Астравецкая праўда”, дзе размяшчаецца раённая арганізацыя “Беларускі саюз жанчын”. А пры жаданні вы можаце адвезці свае падарункі непасрэдна ў Варнянскі дзіцячы прытулак.

Юрыдычныя асобы могуць пералічыць грашовую дапамогу на разліковы рахунак “Беларускага дзіцячага фонду”: 3015575032013 в Дирекции ОАО «Белинвестбанк» по Гродненской области, код 153001739, УНН фонда 500176223.

Алена ГАНУЛІЧ, фото аўтара.