"Репортёр выходит в свет". Нужен ли нам закон о тунеядстве?

12:00 / 18.11.2014
1
З 1 студзеня 2015 года Міністэрства ўнутраных спраў прапанавала ўнесці ў дзеючае заканадаўства норму, якая дазволіць прыцягваць да адказнасці, у тым ліку і да прымусовага працаўладкавання, тых, хто пэўны перыяд часу наўмысна не працуе. Такім чынам, да нас вяртаецца артыкул аб наказанні за дармаедства, скасаваны ў 1991 годзе.

А як лічаць астраўчане: патрэбен такі закон ці не і хто ў іх разуменні дармаед? З гэтымі пытаннямі і выйшаў “у свет” рэпарцёр “АП”.


Аляксандр Квяткевіч, адвакат юрыдычнай кансультацыі Астравецкага раёна:

– Добра, што Прэзідэнт падтрымаў прапанову вярнуць паняцце «дармаедства», якое зразумела для народа. Любымі спосабамі трэба прымусіць гэтых людзей працаваць! А то апошнім часам шмат развялося такіх, хто гарэлку п’е, дзяцей не даглядае, на працу не ўладкоўваецца, а сацыяльнымі дабротамі карыстаецца, як і ўсе. Увогуле лічу, што не трэба баяцца прымаць новыя рашэнні, асабліва калі яны даюць станоўчы вынік.


Тарэса Мароз, страхавы агент:

– Працы, як на мой погляд, заўсёды хапае. Гавару з асабістага вопыту: працавала, потым выйшла на пенсію, а зараз, літаральна праз два месяцы, мяне зноў запрасілі ў “Белдзяржстрах” яшчэ папрацаваць. І я згадзілася.

Так што закон цалкам падтрымліваю і тое, што ён пачне працаваць з 1 студзеня, лічу добрым пачаткам Новага 2015 года.


Валерый Немец, мытнік:

– Дармаеды – гэта вялікія лайдакі, якія замест таго, каб клапаціцца пра сваю сям’ю, пра будучыню, шукаюць “халявы” і жывуць адным днём. А працаваць, лічу, павінны ўсе, асабліва пакуль маладыя і пакуль ёсць сілы.

На мой погляд, тут трэба зрабіць пэўныя выключэнні для міліцыянераў, выратавальнікаў, ваенных і некаторых людзей іншых спецыяльнасцей, у якіх год працоўнага стажу ідзе за два ці тры. І тыя людзі, што па выслузе гадоў выходзяць датэрмінова на пенсію, не павінны падпадаць пад артыкул аб дармаедстве.



Алена Бараноўская, настаўніца пачатковых класаў СШ №1:

– Пад гэты артыкул, я так разумею, будуць трапляць не тыя, хто не можа, а тыя, хто не хоча працаваць, – гэткія трутні нашага часу. Чамусьці, па маіх назіраннях, у асноўным гэта моладзь. Больш сталыя людзі не ўяўляюць свайго жыцця без працы. Нас вучылі працаваць бацькі, настаўнікі, калегі. А вось новае пакаленне чакае, што зваліцца з неба, з’явіцца само сабой. Можа, увядзенне падобнага падатку навучыць іх працаваць, а то сядзяць на шыях у бацькоў і нічога не хочуць рабіць.


Валерыя Блашкавіч і Анастасія Сарачынская, вучаніцы 11 класа, СШ №1:

Анастасія:

– Сэнс жыцця чалавека, я лічу, у тым, каб працаваць. Калі чалавек не хоча, то яго трэба прымушаць: хочаш – навучым, не хочаш – прымусім. А калі і гэта не дапамагае, то трэба сапраўды караць.

Хаця розныя моманты бываюць. Можа, у чалавека ў жыцці пераломны момант і яму зусім не да працы? Тут кожны выпадак трэба асобна разглядаць!


Валерыя:

– Ці, можа, чалавек – мільярдэр, спадчыну атрымаў ад дзядзькі з-за мяжы! Няхай, на мой погляд, заплаціць пэўны працэнт са сваіх даходаў і ляжыць сабе на ложку, калі яму грошай хапае.

А ёсць, канешне, і такія людзі, што працуюць за мяжой нелегальна. Па дакументах – нідзе не лічацца, падаткі не плацяць, а на самой справе маюць тры дамы, сем машын і дванаццаць гаражоў. Чаму яны не плацяць падатак у казну дзяржавы?


------------------------------------------

Антон Чык, фота аўтара.