Кто имеет право на досрочную пенсию?

12:00 / 28.10.2014
У рэдакцыю газеты “Астравецкая праўда” звярнулася маці, якая выхоўвае дзіця-інваліда. Жанчына цікавілася, ці мае яна права на датэрміновую пенсію. Назваць сваё прозвішча яна адмовілася – але пытанне гэтае хвалюе і іншых жыхароў раёна. Таму мы папрасілі адказаць на яго начальніка аддзела сацыяльнай абароны ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Ганну Казіміраўну Мілэйша.


– Згодна з артыкулам 20 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб пенсіённым забеспячэнні” права на датэрміновую пенсію маюць маці, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў (інвалідаў з дзяцінства) не менш за 8 гадоў у тэрмін да іх паўналецця. Такія маці могуць атрымаць пенсію па ўзросце пры дасягненні імі 50 гадоў. Пры гэтым жанчыны павінны мець агульны стаж работы не менш за 20 гадоў, прычым з іх не менш 5 гадоў – страхавога стажу.

Такім жа правам валодае і бацька дзіцяці-інваліда, які выхоўвае яго не менш за 8 гадоў у тэрмін да паўналецця. Але толькі пры ўмове, што маці не скарысталася правам на пенсію па ўзросце і адмовілася ад яе на карысць бацькі ці не выкарыстала права на пенсію па ўзросце з-за сваёй смерці.

Бацька дзіцяці-інваліда мае права на пенсію па дасягненні ім 55 гадоў. Пры гэтым ён павінен мець 25 гадоў агульнага стажу, з іх – 5 гадоў страхавога.

Права на дапамогу па догляду за дзіцём-інвалідам ва ўзросце да 18 гадоў незалежна ад ступені страты здароўя, устаноўленай дзіцяці, маюць непрацуючыя і не атрымліваючыя пенсіі маці, бацька, апякун, папячыцель ці іншы чалавек, які даглядае дзіця-інваліда, а таксама маці ці бацька, якія знаходзяцца ў адпачынку па догляду за дзіцём-інвалідам ці іншымі дзецьмі да дасягнення імі трох гадоў.

Сем’і, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў, маюць права на дзяржаўную дапамогу на ўсіх дзяцей, старэйшых за 3 гады, без уліку даходаў сям’і.