В Островце прошёл кубок района по настольному теннису

09:00 / 28.10.2014
2
Майстры паслухмяных ракетак, моцных удараў і дакладных падач сабраліся на адной пляцоўцы: у фізкультурна-аздараўленчым комплексе “Старт” прайшоў кубак Астравецкага раёна па настольным тэнісе.


Спаборніцтвы праходзілі ў камандна-асабовым заліку. Пазмагацца на міні-корце ў лоўкасці і тэнісным майстэрстве сабраліся каманды прадпрыемства меліярацыйных сістэм, цэнтральнай раённай бальніцы, БелАЭС, жыллёва-камунальнай гаспадаркі, лясгаса, СВК “Гервяты”, раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях. У кожную каманду ўваходзілі два мужчыны і адна жанчына.

У мужчынскім заліку “ракеткавага” спорту паспытаць шчасця на корце вырашылі 16 тэнісістаў, якія былі падзелены на 4 групы па чатыры ігракі ў кожнай. У паўфінал выходзілі пераможцы груп, якія і разыгрывалі паміж сабой права лічыцца астравецкім Максімам Мірным.

Асабліва цікавым і напружаным атрымаўся паядынак паміж прадстаўнікамі БелАЭС Сяргеем Дзямідам і Аляксандрам Ерыным. Дарэчы, апошні трапіў у групу, дзе выступалі вопытныя і моцныя тэнісісты Астравеччыны Генадзь Хаменка і Юрый Пацэвіч. Тым не менш навічок прадэманстраваў цудоўную гульню і стаў пераможцам у сваёй групе. Аднак у паўфінале сіл і шанцавання Аляксандру крыху не хапіла – мацнейшым у паядынку аказаўся яго сапернік Сяргей Дзямід.

Другі паўфінал паміж Яўгенам Бандарэнкам, які выступаў у асабістым заліку, і Яўгенам Андрушойцем з РАНС атрымаўся слабейшым на эмоцыі і інтрыгу: перамогу тут святкаваў Яўген Андрушойць.

Такім чынам, у барацьбе за трэцяе месца сустрэліся Аляксандр Ерын і Яўген Бандарэнка. У выніку бронзавым прызёрам турніру стаў прадстаўнік БелАЭС.

У фінале ж ракеткі “скрыжавалі” Сяргей Дзямід і Яўген Андрушойць. Асаблівай інтрыгі і напалу страсцей не атрымалася – удача і перамога былі на баку Сяргея Дзяміда. Яўген Андрушойць – сярэбраны прызёр.

Сярод жанчын адносіны на міні-корце высвятлялі шэсць удзельніц. Яны былі падзелены на дзве групы. У выніку ў фінале сустрэліся пераможцы кожнай з іх – Вольга Гурынавене з каманды ЖКГ і Анжэла Казлова з БелАЭС. І зноў на вышыні аказалася прадстаўніца БелАЭС, якая і стала пераможцай спаборніцтва. Вольга Гурынавене заняла другое месца.

За трэцяе месца змагаліся дзве Ірыны – Ірына Герасім з РАНС і Ірына Субач з лясгаса. У гэтым паядынку відавочная перавага была на баку прадстаўніцы выратавальнікаў, якая і стала бронзавай прызёркай.

У агульнакамандным заліку першае месца заняла каманда БелАЭС, на другім – РАНС, трэцяй стала каманда ЦРБ. Пераможцы і прызёры ў асабістым заліку атрымалі падарункі, а каманды – дыпломы пераможцаў ад ДУ “Астравецкі фізкультурна-спартыўны клуб”.


-------------------------------

Марына МАЦКЕВІЧ.