Островецкий "Вирус-транзит" успешно выступил во втором полуфинале Республиканского фестиваля КВН среди работников сферы охраны здоровья

09:00 / 27.10.2014
У мінулую пятніцу ў Мінскім дзяржаўным палацы дзяцей і моладзі прайшоў другі паўфінал Рэспубліканскага фестывалю КВЗ паміж работнікамі сферы аховы здароўя, прысвечаны 110-годдзю прафсаюзнага руху Беларусі. Удзел у паўфінале прымалі каманды з Магілёўскай, Віцебскай, Гомельскай і Гродзенскай абласцей. За дзень да гэтага “аджартавалі” каманды Мінскай і Брэсцкай абласцей і горада Мінска, з якіх у фінал прайшлі каманда «Адрэналін» Мінскай гарадской арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў аховы здароўя і «Лёгкі транс» – каманда арганізацый рэспубліканскага падпарадкавання. А ў пятніцу вырашалася пытанне двух апошніх “білетаў” у фінал. На адзін з іх разлічвала наша каманда «Вірус-транзіт», якая прадстаўляла Гродзенскую вобласць.


Сапернікамі астраўчан сталі каманды «Аладушкі» з Віцебска, “Глюкоза” са Светлагорска і “Вясёлы бабёр” з Бабруйска, якія прадстаўлялі адпаведна Віцебскую, Гомельскую і Магілёўскую абласныя арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў аховы здароўя.

Да падрыхтоўкі нашы медыкі падышлі самым сур’ёзным чынам. Не адзін дзень яны спяшаліся пасля працы на рэпетыцыі, рыхтавалі касцюмы і рэквізіт да выступлення і развучвалі танцы і песні. Ім актыўна дапамагалі рэжысёр Арцём Кавэцкі, гукааператар Анатоль Радзевіч і харэограф Святлана Куцько.

Затое, калі надышоў “дзень Х”, астраўчане бясспрэчна былі лепшымі! Упэўніцца ў гэтым змаглі тыя шчасліўчыкі, якія трапілі ў групу падтрымкі і бачылі ўсё ўвачавідкі. Да слова, падтрымаць нашых КВЗншчыкаў прыехалі не толькі супрацоўнікі і сябры з Астравецкай ЦРБ на чале з галоўным урачом Валянцінам Тачоным, які на той час знаходзіўся ў адпачынку, і яго намеснікам Уладзімірам Мажэйка, які “сарваўся” з курсаў, але і медыкі з суседніх Ашмян і Смаргоні.

Адны каманды рабілі стаўку на артыстызм, другія – на згулянасць, трэція – на харызматычнасць сваіх удзельнікаў, – але менавіта ў нашым “Вірус-транзіце” ўсе гэтыя якасці змяшаліся ў адзін вясёлы кактэйль, які (скажам, забягаючы наперад) і дазволіў ім перамагчы.

Медыцынскі КВЗ праходзіў пад агульнай тэмай “Усё бывае ў першы раз” і складаўся з трох конкурсаў: прывітання “З першага позірку”, стэма “Білет ад прафсаюза” і музычнага хатняга задання “А ў душы ў нас вясна!”. У сваіх выступленнях каманды да прапанаваных пытанняў падыходзілі з розных бакоў, таму кожнае выступленне знайшло свайго слухача і водгук у зале.

Так, каманда “Вясёлы бабёр” сваю асноўную стаўку зрабіла на гістарычна-этнічную рысу свайго горада: “– Такі мі пріехалі! – Такі ві нас ждалі?”, “– Ві слішалі, такі Сірога адкрыў ювелірны салон! – Таа-аааа??? І шо? – Шо-шо? Такі сработала сігналізація, пріехала міліція і Сірогу арэстовалі!”

“Аладушкі” выглядалі гэткімі стылёвымі мужчынамі і жанчынамі і сваю назву тлумачылі так: ”Аладушкі” таму, што прозвішча нашага галоўнага ўрача – Аладзька… Добра яшчэ, што пры мінулым галоўным урачы Паповічы ў нас каманды КВЗ яшчэ не было…”

Ну, а ў “Глюкозы” часам нават у самых вясёлых жартах праглядвалі рэаліі нашага жыцця: “Хвілінка беларускай рэкламы! Яны ходзяць толькі ў чорным. Яны ездзяць толькі ў чорных аўтамабілях. Яны ў захапленні ад “Квадрата” Малевіча. Яны – дальтонікі! Чорна-белыя тэлевізары “Віцязь” – мы знайшлі вам рынак збыту!”.

Ну а нашы “транзітчыкі” паказалі вышэйшы ўзровень па ўсіх накірунках: “– А ку-ку-ку-куды гэта ча-ча-ча-чарга? – Да венеролага! – А х-х-хто гэ-гэ-гэта? – Гэта… ну, калі я так пісаю, як ты гаворыш!”. “– Міша! Да ты, да ты… – Да! Я даты!..”

Не буду пераказваць вам усе жарты, бо перадаць тую пазітыўную энергетыку, якая льецца са сцэны падчас КВЗ, не зможа ні адзін артыкул.

Увогуле, дзве з паловай гадзіны КВЗ праляцелі як адно імгненне і былі насычаны прыемным пазітывам і добрымі эмоцыямі, разуменнем недарэмна праведзенага часу. І тое, што наш “Вірус-Транзіт” у снежні яшчэ  раз завітае ў Мінск, каб пазмагацца за кубак Рэспубліканскага фестывалю КВЗ сярод работнікаў аховы здароўя, заклікае праглядзець расклад спраў у штодзённіку, кааб датэрмінова “забіць” гэты дзень для КВЗ. Прыязджайце “пахварэць” за нашых – не пашкадуеце!


--------------------------------

Антон Мал ьшэўскі, фота аўтара.


Каманда “Вірус-Транзіт” выказвае словы падзякі старшыні Гродзенскага абласнога камітэта прафсаюза работнікаў аховы здароўя Таццяне Гальцавай, старшыні прафкама ўстановы аховы здароўя “Астравецкая цэнтральная раённая бальніца” Тадэвушу Субаткевічу, галоўнаму ўрачу “Астравецкай ЦРБ” Валянціну Тачонаму, старшыні Астравецкага раённага выканаўчага камітэта Адаму Кавальку, намесніку старшыні Віктару Свіле, а таксама Наталлі Літвін і Сяргею Сяўко і ўсім, хто дапамог камандзе ў падрыхтоўцы да выступлення, верыў і “хварэў” за астравецкіх КВЗншчыкаў.