Конкурс! Выбираем "Народного артиста Островетчины"

16:00 / 26.10.2014
35
Кажуць, новае – гэта добра забытае старое.

У 2006 годзе рэдакцыя газеты “Астравецкая праўда” праводзіла своеасаблівы “народны хіт-парад” – конкурс на вызначэнне “народнага артыста Астравеччыны”. Тады на працягу трох месяцаў на раённым радыё “круцілі” песні ў выкананні жыхароў нашага раёна, а затым кожны тыдзень слухачы з дапамогай галасавання вызначалі лепшага, на іх думку, артыста. Па выніках конкурсу адбылося не толькі ўзнагароджанне пераможцаў, але і прыгожы канцэрт усіх удзельнікаў.

Нашы чытачы той конкурс запомнілі. І нядаўна прапанавалі аднавіць яго – ужо ў новым фармаце, з дапамогай інтэрнэту і газетнага сайта, які дазваляе пашырыць кола слухачоў і прыхільнікаў талентаў мясцовых артыстаў да неабмежаванай колькасці.

Ну што ж, рады старацца!

Рэдакцыя газеты “Астравецкая праўда” сумесна з аддзелам ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама і раённай арганізацыяй ГА “Беларускі саюз жанчын” аб’яўляе конкурс “Народны артыст Астравеччыны”.

Для ўдзелу ў конкурсе кожны, хто лічыць, што ўмее спяваць і мае ў сваім рэпертуары добрую песню, павінен запісаць яе ў фармаце MP3 і прынесці разам з фотаздымкам, анкетнымі дадзенымі і кароткім расказам пра сябе ў рэдакцыю газеты “Астравецкая праўда”.

Заяўкі на конкурс прымаюцца да 15 лістапада.

Затым усе песні нашых канкурсантаў з’явяцца на сайце “Астравецкай праўды” – і на працягу месяца ўжо правераным, традыцыйным спосабам з дапамогай народнага галасавання будзе вызначаны пераможца конкурсу – той, хто зможа называцца “народным артыстам Астравечыны”. Сваё слова ў вызначэнні пераможцы конкурсу скажа і кампетэнтнае журы, па меркаванні якога будзе вызначаны яшчэ адзін пераможца.

Далучыцца да арганізатараў конкурсу і вызначыць пераможцаў у заяўленых намінацыях могуць і іншыя жадаючыя – прастора для творчасці як удзельнікаў конкурсу, так і яго спонсараў не абмежавана.

Конкурс “Народны артыст Астравеччыны” – максімальна дэмакратычны: няма абмежаванняў ні па ўзросту ўдзельнікаў, ні па іх рэпертуару.

Дзве ўмовы: канкурсант павінен быць жыхаром ці ўраджэнцам Астравецкага раёна, а песня гучаць у сольным выкананні.

Такім чынам, запісвайце песні, прыносьце іх у рэдакцыю – у кожнага з вас ёсць магчымасць не толькі заявіць пра сябе, стаць пераможцам конкурсу і атрымаць статус, хай сабе і неафіцыйны, “народнага артыста Астравеччыны” – гэта значыць, таго, хто выйшаў з народа і найбольш любімы гэтым самым народам!

Усім смелым і таленавітым – поспеху!