Островецкие кооператоры умеют всё!

14:00 / 23.10.2014
Падчас святкавання 70-годдзя Гродзенскай вобласці пачэснае месца на выставе займаў каравай Астравецкіх майстроў з сімволікай нашага раёна – волатам-дубам і грацыёзнай фарэллю. Журналістка са Шчучына, пазахапляўшыся майстэрствам нашых кандытараў, уздыхнула:

– А нашы, на жаль, такіх караваяў пячы не ўмеюць…


Астравецкія ж кааператары ўмеюць усё – трэба толькі даць ім магчымасць працаваць у поўную сілу і творча.

75 магазінаў, 13 прадпрыемстваў грамадскага харчавання, размеркавальны склад на станцыі Гудагай, хлебазавод, каўбасны і швейны цэхі, склады нарыхтовак, абсталяваныя халадзільнымі камерамі, 7 аўтамагазінаў, якія штодзень наведваюць аддаленыя вёскі раёна, – усё гэта гаспадарка Астравецкага філіяла Гродзенскага абласнога спажывецкага таварыства, шматгаліновай арганізацыі, асноўная задача якой – абслугоўванне насельніцтва

– Ад нашай работы залежыць настрой людзей. І таму мы робім усё для таго, каб жыхары горада і раёна былі задаволены нашай працай. Сёння кааператыўны гандаль адчувае вострую канкурэнцыю прыватніка. Але гэта толькі на карысць, – упэўнена дырэктар прадпрыемства Таццяна Іосіфаўна Халадкова. – Інакш не было б стымулу для развіцця – а так знаходзімся ў пастаянным спаборніцтве, рухаемся наперад.

Так, па рэйтынгу сярод раённых філіялаў спажыўкааперацыі Гродзенскай вобласці за першае паўгоддзе бягучага года Астравецкі філіял займае другое месца.

Змяненні, якія сёння адбываюцца ў спажыўкааперацыі, бачны няўзброеным вокам. Так, пераабсталяваны магазіны “Цэнтральны”, “Вернісаж”, “Універмаг”, працягваецца рэканструкцыя кулінарнага камбіната, што азначае павелічэнне колькасці відаў выпускаемай прадукцыі і пашырэнне асартыменту.

У планах – рэканструкцыя кафэ “Беларусь”, жывёлазабойнага цэха, набыццё новага аўтатранспарту.

Сёння Астравецкі філіял абслугоўвае не толькі горад і раён – немалы ўклад прадпрыемства ўносіць у будаўніцтва Беларускай атамнай электрастанцыі. На будаўнічай пляцоўцы працуюць дзве сталовыя на 500 і 160 пасадачных месцаў, якія абслугоўваюць тых, хто працуе на  будаўніцтве. І асаблівы гонар прадпрыемства – гэта Падзячнае пісьмо ААТ “НІАЭП” за арганізацыю харчавання работнікаў Беларускай АЭС.

Сёння раённая спажыўкааперацыя праводзіць рознапланавыя акцыі, распродажы. Так, у апошнія пятніцу і субботу месяца праходзяць дні зніжак. Папулярнасцю ў жыхароў горада і раёна карыстаецца акцыя “Дзень імянінніка”: людзі, якія адзначаюць свой дзень нараджэння, пры прадстаўленні пашпарта могуць атрымаць зніжку ў 10 працэнтаў на любы непрадуктовы тавар.

Ні адно свята, якое адбываецца ў горадзе, не абыходзіцца без Астравецкага філіяла.

– Мы з задавальненнем прымаем удзел у выязным гандлі, штогадовых кірмашах, якія праходзяць у Мінску, і абавязкова – у рэгіянальнай выставе “Паўночны вектар Гродзеншчыны”, – расказвае намеснік дырэктара Астравецкага філіяла Алена Адамаўна Драмлюк. – Сёлета, акрамя рэстарана з арганізацыяй пасадачных месцаў, наша прадпрыемства плануе выставіць уласную прадукцыю, якая карыстаецца попытам у насельніцтва: мясныя паўфабрыкаты, хлебабулачныя вырабы і здобу, кандытарскія і кулінарныя вырабы.

Планаў у прадпрыемства шмат. А галоўнае – прадукцыя філіяла знаходзіць свайго пакупніка.

Астравецкі філіял Гродзенскага абласнога спажывецкага таварыства

Рэспубліка Беларусь, 231201, Гродзенская вобл., г. Астравец, вул Ленінская, 12 Тэл. (801591) 2 16 72 OST_info@oblpo.by