В Островецком районе реализуется проект "Окно в мир"

10:00 / 20.10.2014
Наша газета ўжо паведамляла, што праект «Акно ў свет», распрацаваны супрацоўнікамі Астравецкага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, выйграў грант на 19 200 еўра. І ўжо зроблены першыя крокі ў яго рэалізацыі.

У пачатку бягучага года Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Польшча праводзіла конкурс дабрачынных праектаў, паўдзельнічаць у якім вырашыў і Астравецкі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.

Загадчыца аддзялення дзённага знаходжання для маладых інвалідаў Святлана Казіміраўна Куцько не раз з сумам гаварыла пра тое, што з-за недахопу сродкаў рэабілітацыі маладыя людзі, пазбаўленыя рухальнай актыўнасці, не могуць весці актыўнае жыццё, наведваць аддзяленне і рэалізоўваць свае планы.

Таму пры падтрымцы дырэктара тэрытарыяльнага цэнтра Віктара Іосіфавіча Ждановіча яна з запалам узялася за стварэнне праекта. А як вядома, хто шукае, той – знаходзіць. Так атрымалася і ў работнікаў цэнтра – праект прайшоў экспертызу і сёння знаходзіцца на стадыі рэалізацыі.

Літаральна на днях у Астравец прывезлі першыя сродкі рэабілітацыі – шматфункцыянальныя медыцынскія ложкі, матрацы і крэсла-каляску «Джуніар». Усе гэтыя рэчы былі дастаўлены тым, хто мае ў іх патрэбу.

...Сёння любімая маці, жонка і дачка Марына Мальдзіс вымушана праводзіць дні і ночы ў ложку – пасля аварыі маладая жанчына не можа ні гаварыць, ні рухацца. І таму медыцынскі ложак, які Святлана Казіміраўна прывезла ў гэтую сям'ю, дапаможа аблегчыць жыццё Марыны і яе блізкіх.

З радасцю сустракалі дапамогу і ў Падольцах. Кацярыне Качкан – 13 гадоў, у дзяўчынкі складаны дыягназ – ДЦП. І маме, якая дні і ночы праводзіць са сваёй дзяўчынкай, даводзіцца нялёгка.

– Я ведаю магчымасці гэтых ложкаў, – расказвае Святлана Куцько. – Не раз бачыла, як бацькам цяжка даглядаць за сваімі хворымі дзецьмі: карміць, пераапранаць іх, перасцілаць пасцель – яны не раз надрывалі сабе спіны. Цяпер будзе значна прасцей: ложак можна падняць ці апусціць на неабходную вышыню, прыўзняць верхнюю ці ніжнюю яго палову. І ўсе гэтыя маніпуляцыі выконваюцца з дапамогай пульта. Таму, як толькі мы даведаліся, што выйгралі грант, першымі ў наш спіс уключылі медыцынскія ложкі для цяжкахворых.

Пра грант, які выйграў тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, Ганна Эдвардаўна Малышка даведалася з газеты. Жанчына ўжо пяць гадоў, пасля пералому шыйкі сцягна, не падымаецца з ложка. І ўвесь клопат па яе доглядзе лёг на дачку Алену. Яна і вырашыла пацікавіцца ў тэрытарыяльным цэнтры пра медыцынскі ложак. І на шчасце, трапіла як раз туды, куды трэба.

А сям'я Лізы Васільевай прыехала ў Астравец з Наваполацка. Яе тата працуе на Беларускай АЭС. А мама, акрамя Лізы, выхоўвае яшчэ двух дзетак. У Наваполацку Ліза наведвала дзіцячы цэнтр. У Астраўцы, на жаль, такой магчымасці няма – і цэлы дзень дванаццацігадовая дзяўчынка з цяжкім дыягназам праводзіць дома з маці. Ад «польскай дапамогі» сям'я Васільевых атрымала медыцынскі ложак і крэсла-каляску «Джуніар».

– Мы вельмі ўдзячны за такую падтрымку, – гаворыць Кацярына Сяргееўна Васільева, мама дванаццацігадовай Лізы. – І ложак, і крэсла аблегчаць жыццё нашай дачкі, і нам таксама будзе лягчэй.

У бліжэйшы час у Астравец будзе дастаўлена другая партыя неабходных сёння жыхарам раёна сродкаў рэабілітацыі: крэслы-ложкі для дарослых і дзяцей з ДЦП, хадункі, мыліцы, матрацы і міні-ўстаноўка для вырабу свечак, што забяспечыць выхаванцаў аддзялення дзённага наведвання для інвалідаў пэўнай работай і, як вынік, – дадатковым заробкам.

А камплект гукаўзмацняльнай апаратуры з мікрафонамі, мультымедыяпраектарам і ноўтбукам ужо сёння прывезены ў тэрыта рыяльны цэнтр – яго выхаванцы цяпер могуць ставіць танцы і выконваць песні.

-----------------------------

Алена ЯРАШЭВІЧ, фота аўтара.