Какие вопросы волнуют молодёжь Островетчины?

08:00 / 20.10.2014
Каля 200 старшакласнікаў і прадстаўнікоў рабочай моладзі прынялі ўдзел у дыялогу «Моладзь Беларусі: традыцыі і будучыня», які прайшоў у форме «адкрытага мікрафона».


Як будзе развівацца горад-энергетыкаў, чым можа заняцца моладзь у вольны час, ці зарэгістраваны ў раёне выпадкі выкарыстання спайса – на гэтыя і многія іншыя пытанні маладыя людзі атрымалі адказы падчас сустрэчы, якая прайшла ў кінаканцэртнай зале «Астравец».

Наступны год у нашай краіне плануецца аб'явіць Годам моладзі – і напярэдадні такой падзеі цікава было даведацца, якія праблемы сёння хвалююць маладых людзей і чаго ім не хапае. Менавіта для гэтага і была арганізавана сустрэча актывістаў школ раёна і маладых спецыялістаў, якія працуюць у нашых арганізацыях і на прадпрыемствах, з прадстаўнікамі дзяржаўных структур.

Мерапрыемства праходзіла ў форме дыялогу. Кожны мог задаць цікавячае яго пытанне – і адразу ж атрымаць адказ. А выслухоўвалі ініцыятывы моладзі і іх праблемы, а таксама давалі адказы на пытанні старшыня раённага Савета дэпутатаў І.Э. Тальчук, намеснікі старшыні райвыканкама В.З. Свіла і П.В. Мілешка, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Астравецкага райвыканкама Н.У. Сянюць, намеснік пракурора Астравецкага раёна Д.А. Дамарад, намеснік начальніка РАУС В.А. Супрановіч, начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Н.І. Станкевіч, кіраўнік групы па інфармацыйнай рабоце і сувязях з грамадскасцю РУП «Беларуская атамная станцыя» Э.І. Свірыд. Вядучай дыялогу паміж моладдзю і кіраўнікамі дзяржаўных структур стала першы сакратар райкама БРСМ А.П. Лазарава.

Як аказалася, моладзь зараз цікавяць розныя пытанні, але ўсе яны аб’яднаны агульнай тэмай: будучыня, у якой хутка ўсім нам давядзецца жыць.

Шмат пытанняў было прысвечана будаўніцтву ў раёне Беларускай АЭС. Напрыклад, старшакласнікаў цікавіла: куды можна паступіць, каб атрымаць спецыяльнасць і затым вярнуцца працаваць на АЭС; ці праўда, што атамная энергетыка бяспечная і бясшкодная і не варта хвалявацца за здароўе – сваё і сваіх блізкіх; ці знізіцца пасля ўводу ў эксплуатацыю АЭС кошт аплаты за электраэнергію?

Акрамя таго, падчас размовы моладзь даведалася, што рэальных выпадкаў выкарыстання спайса ў нашым раёне зарэгістравана не было. Нямала было сказана і пра крымінагенную абстаноўку ў нашым горадзе і раёне ў цэлым.

Маладыя спецыялісты прасілі прадоўжыць работу банкаў, пошты і прамысловых магазінаў да больш позняга часу, каб пасля работы можна было скарыстацца іх паслугамі.

А старшакласнікі Альхоўскай школы шукалі магчымасць зарабіць «кішэнныя грошы» ў летні час. Іх таксама цікавіла работа сельскага Дома культуры.

Але на сустрэчы гучалі не толькі пытанні і просьбы. Тыя ж старшакласнікі Альхоўскай школы ўнеслі прапанову арганізаваць зону адпачынку ў Альхоўцы – у школьнікаў ужо нават створаны праект па добраўпарадкаванні, і яны гатовы прапанаваць сваю дапамогу, але прасілі, каб іх падтрымаў Міхалішкаўскі сельвыканкам.

Таксама падчас мерапрыемства моладзі прапанавалі паглядзець 3Д-фільм, прысвечаны Астраўцу, які ў новым выглядзе прадстане перад жыхарамі ўжо праз некалькі гадоў.

Увогуле, дыялог “Адкрыты мікрафон” прайшоў прадукцыйна і насычана для ўсіх. Маладыя людзі атрымалі адказы на пытанні, што іх цікавілі, а прадстаўнікі ўлады ўзялі “на заметку” тое, чым яны могуць дапамагчы нашай моладзі.


---------------------------

Алена СВЕТЛАЯ.

Фота Антона МАЛЬШЭЎСКАГА.