"Репортёр выходит в свет". Чем вам запомнилось лето?

17:00 / 19.10.2014
1
Цёплае надвор’е мінулага тыдня – апошні развітальны пацалунак лета – змянілася халоднымі вятрамі і дажджамі. Самы час кожнаму прыгадаць і падлічыць “куранят” у асабістым кошыку.

Чым запомнілася лета-2014 астраўчанам, якія іх планы ажыцявіліся, а якія – не, высвятляў карэспандэнт раённай газеты.

Віктар Шылюк, вадзіцель:

– Летам у мяне нарадзілася доўгачаканая дачка, таму яно прайшло ў чаканні гэтай падзеі. Па гэтай прычыне нікуды не выбіраліся з сям’ёй, хаця ў мінулыя гады звычайна выязджалі куды-небудзь адпачыць. Усе нашы сямейныя планы мы пакуль на наступны год перанеслі.

Ірына Белазорава, пенсіянерка:

– Здаецца, усё што хацелася, – зрабілі. У маім узросце ўжо планаў асабліва не будуюць. Гэта маладыя

больш плануюць і мараць – у іх усё жыццё наперадзе.

Лета, на мой погляд, не вельмі добрым было: надвор’е зусім не летняе, хіба што жнівень удалы выдаўся. Дзеці штодня ў грыбах прападалі – белых па дзвесце штук за дзень прыносілі, а потым мы з нявесткай іх перабіралі і сушылі. Так што на зіму запас грыбоў у нас ёсць (смяецца). Ну і на агародзе яшчэ ўраджай сёлета добры: і збожжа, і буракі, і бульба ўрадзілі.

Анастасія Мілэйша, Кацярына Ждановіч, вучаніцы 9 класа гімназіі.

Анастасія:

– Усё, што загадвалася, – спраўдзілася. Амаль увесь жнівень “тусіла” ў Мінску ў сяброў. Адпачывала там, гуляла, сябры для мяне экскурсіі па нашай сталіцы арганізавалі. Яшчэ ў некаторых інстытутах і  ўніверсітэтах пабывалі, і я на будучыню для сябе пэўныя намёткі зрабіла.



Кацярына:

– У мяне лета таксама атрымалася выдатным. З’ездзіла да сястры ў Ліду, пазнаёмілася з архітэктурай і гісторыяй гэтага горада. Таксама з сябрамі падчас канікулаў пабывалі ў Нясвіжы і ў Мірскім замку. І тут, на месцы, адпачывала і рыхтавалася да школы. Ці хадзілі мы на дыскатэкі? Не, там нам не падабаецца, мы больш кнігі чытаць любім.

Раман Дрэма, вучань 5 класа СШ №1:

– Я гэтым летам у асноўным дома быў: дапамагаў у хатніх справах, да бабулі прадукты насіў, гуляў з сябрамі. Хацелася трапіць у “Ластаўку”, але пашанцавала яшчэ больш: мы з сястрой паляцелі ў Балгарыю. Там мы гулялі па горадзе, хадзілі на мора, адпачывалі па-поўнай! Асабліва мне запомнілася зваротная дарога, калі я сеў каля ілюмінатара, – такія краявіды ў самалёце адкрываюцца з вышыні! Так што лета ў мяне, лічу, удалося на ўсе сто!

Раман Журэйка, механізатар РУП “Саўгас “Падольскі”:

– Калі жывеш у вёсцы, то грандыёзных планаў не будуеш: вясна-лета – працуеш на восень, восень прыйшла – рыхтуеш запасы на зіму, зімой пачынаеш рыхтавацца да вясны. Але для мяне гэтае лета атрымалася як ніколі ўдалым, бо паспеў зрабіць не толькі тое, што запланаваў, але і тое, што хацеў рабіць у наступным годзе. Напэўна, таму, што сёлета я працаваў на кормараздатчыку, таму заняты на рабоце быў толькі ранкам і вечарам і цэлы дзень мог займацца асабістымі справамі. Рамонт вось зрабіў у доме і ў гаражы, у грыбы ды на рыбалку паспеў выбрацца некалькі разоў.

-------------------------------------

Антон ЧЫК, фота аўтара.