Счастье там, где крыльям дают волю

16:00 / 05.10.2014
1
Восень змяніла лета – абітурыенты ператварыліся ў студэнтаў. Самы час пачаць не толькі вучыцца, але і знайсці справу для душы. Бо добры студэнт не той, хто ўвесь час сядзіць за кнігамі і ходзіць на ўсе пары, а той, хто пры гэтым паспявае развіваць сябе ў іншых накі рунках. Гэта могуць быць танцы, арыгамі, маляванне, ёга альбо любы від спорту. І не верце, калі кажуць, што часу катастрафічна не хапае! Прыкладамі многіх навучэнцаў даказана: чым больш паспяваеш, тым лепш сябе адчуваеш. Крылы (чытай – здольнасці) ёсць у кожнай асобы. А вось наколькі яна зможа выпрастаць іх – залежыць толькі ад уласных дзеянняў і ладу жыцця.
Звернемся да вопыту тых, хто свае крылы пад кашуляй не трымае…

Дзіяна Бумбуль з Варнянаў – студэнтка Лідскага каледжа спецыяльнасці “дашкольнае навучанне”. Яшчэ школьніцай дзяўчына наведвала музычныя заняткі па класу гітары. Аднак сапраўды сваё знайшла, толькі паступіўшы ў каледж. Гэтым «сваім» (хто б падумаў!) аказалася цяжкая атлетыка. І пасля двух гадоў заняткаў гэтым відам спорту Дзіяна – пераможца і прызёр абласных і рэспубліканскіх турніраў і чэмпіянатаў па цяжкай атлетыцы.
…Паступіўшы ў каледж, дзяўчына заўважыла, што многія студэнты, як першакурснікі, так і “старэйшыя”, часта проста марна губляюць свой час. У перапынках паміж заняткамі мараць паваляцца на ложку, пасядзець у сацыяльных сетках – і на гэтым іх жаданні абмяжоўваюцца. І да дзяўчыны прыйшло цвёрдае разуменне: трэба штосьці рабіць! А тут якраз пазнаёмілася з трэнерам па цяжкай атлетыцы, які прапанаваў паспрабаваць сябе ў гэтым спорце. Дзіяна запрасіла сяброўку і пайшла на сваю першую ў жыцці трэніроўку…
– Раней і падумаць не магла, што буду падымаць штангу. У школе я і на заняткі па фізкультуры, прызнацца, хадзіць ленавалася, а тут – цяжкая атлетыка. Але, напэўна, усяму свой час, – дзеліцца спартсменка.
Сяброўка Дзіяны праз некаторы час справу гэтую кінула – усё ж спорт не з лёгкіх. А вось Дзіяна ўпадабала падымаць штангу і правяраць сябе на вынослівасць – і спартыўнае жыццё завіравала. Поспехі не прымусілі сябе чакаць. Зараз Дзіяна выступае на спаборніцтвах у розных гарадах Беларусі.
Цяжкая атлетыка – відовішчны спорт, але ў той жа час, вядома, небяспечны і траўматычны. Але Дзіяна сцвярджае, што траўмы ўзнікаюць толькі ад няправільнай тэхнікі:
– Дзякуй Богу, у мяне сур’ёзных траўм не было. Толькі часам сінякі з’яўляюцца. Аднак я заўважыла, што стала мацнейшай, больш вынослівай, з’явіўся прэс. Але справа не толькі ў фізічных змяненнях, а яшчэ і ў тым, што я стала больш упэўненай у сабе і стрэсаўстойлівай.
Адносна заняткаў дзяўчатамі цяжкай атлетыкай можна пачуць нямала спрэчных меркаванняў. Напрыклад, што цела жанчыны, якая падымае штангу, з часам мяняецца і нагадвае мужчынскае альбо што спартсменкам-цяжкаатлеткам у будучым складана нарадзіць. Выслухаўшы такія меркаванні, Дзіяна дасведчана абвергла іх:
– Канешне, я чула шмат асуджальных “дрэнна, некарысна, сапсуецца фігура”. Аднак негатыўныя змены магчымы толькі пры празмерным ужыванні анабалічных прэпаратаў. Я гэтым не грашу (усміхаецца). Калі трэніроўкі пабудаваны правільна, цела не зменіцца, хоць і стане больш моцным. А наконт родаў: якраз штангісткі, у якіх добра развіты мышцы брушнога прэсу, цяжкасцяў пры родах не маюць.
Дзяўчына прызнаецца, што родныя насцярожана ставяцца да яе захаплення. Іх хваляванне Дзіяне зразумела, але, як сцвярджае спартсменка, калі самой падабаецца і ёсць добры вынік, то чаму б не займацца?!
– Цяжкая атлетыка – гэта алімпійскі від спорту. Хто ведае, мо лёс складзецца так, што атрымаецца патрапіць на Алімпійскія гульні (усміхаецца)? Але, вядома, для такога выніку патрэбна вялікая аддача, цярпенне і сіла волі. Я над гэтым працую, – упэўнена гаворыць Дзіяна.
Вольнага часу ў дзяўчыны мала: калі не вучоба, то трэніроўкі, а як не трэніроўкі, то выступленні на спаборніцтвах. Хіба толькі на кнігі Дзіяна стараецца знайсці дадатковы час. Аддае перавагу сучаснай беларускай літаратуры: празаічным творам Віктара Шніпа, Людмілы Урублеўскай. Дарэчы, і музыку дзяўчына слухае беларускамоўную – Таццяну Беланогую, Зміцера Вайцюшкевіча, Лявона Вольскага.
– А яшчэ, дзякуючы спорту, змяніўся мой светапогляд. Цяжкая атлетыка – любімая справа для мяне. Многія кажуць, што яна не зусім тыповая і прыймальная для дзяўчыны. Але, дзякуючы заняткам спортам, я навучылася супрацьстаяць чужым меркаванням, у мяне ўмацавалася сваё ўласнае разуменне рэчаў. З’явіліся прынцыпы, – кажа Дзіяна.
Апроч спорту і вучобы, Дзіяна цікавіцца псіхалогіяй. У свой час нават думала звязаць з ёй сваю прафесійную дзейнасць. І сябры раілі: для многіх знаёмых і аднакласнікаў дзяўчына была як неабходная кніга, якая ў любы час магла даць параду, падтрымаць, падказаць рашэнне. Дзяўчына валодае рэдкай рысай характару – уменнем слухаць.
Дзіяна лічыць, што самае галоўнае – гэта верыць у тое, што ты робіш. Штодзённая праца ў еднасці з натхненнем даюць добры вынік. Да таго ж, дзяўчына імкнецца спазнаваць у жыцці як мага больш: свет жа такі цікавы! А калі сядзець склаўшы рукі, чакаць манны нябеснай і штодня скардзіцца на няўдалы лёс, то чалавек ніколі не зможа адчуць, што такое шчасце.
Цяжка з такімі разважаннямі не пагадзіцца. Шчасце ж і праўда там, дзе крылам даюць волю.


Cпартыўныя дасягненні Дзіяны Бумбуль у цяжкай атлетыцы:
*3-яе месца на Адкрытым рэспубліканскім турніры памяці П.І. Савіцкага;
*1-ае месца ў кубку Гродзенскай вобласці па цяжкай атлетыцы;
*2-ое месца на Чэмпіянаце Гродзенскай вобласці ў 2013 г.; 3-яе месца на тым жа Чэмпіянаце ў 2014 г.;
*3-яе месца на Алімпійскіх днях моладзі Гродзенскі вобласці;
*3-яе месца на Міжнародным турніры памяці Савіцкай і першынства Гродзенскай вобласці сярод юніёраў і юніёрак;
*2-ое месца на абласным навагоднім турніры ў 2013 г.; 3-яе месца на тым жа турніры ў 2014 г.;
*2-ое месца на Адкрытым першынстве СДЮШАР №3 Лідскага раёна;
*1-ае месца на Адкрытым раённым турніры памяці трэнера Г.А.Качана ў 2013 г.; 3-яе месца на тым жа турніры ў 2014 г.


------------------------------
Адэлька Байцэвіч.
Фота аўтара і з асабістага архіва Д. Бумбуль.