Республиканский семинар "Белорусского союза женщин" прошёл в Гродно

10:00 / 30.09.2014
Рэспубліканскі семінар грамадскага аб'яднання «Беларускі саюз жанчын» прайшоў на мінулым тыдні ў Гродне. У культурную сталіцу Беларусі 2014 года з'ехаліся самыя актыўныя жанчыны з усёй краіны.

Праграма семінара была разлічана на два дні. Пачатак быў пакладзены сустрэчай членаў праўлення грамадскага аб'яднання на мяжы Гродзенскай вобласці. Жанчыны наведалі аграсядзібу «Над Нёманам», пагутарылі аб развіцці сямейнага аграбізнесу, наведалі аграгарадок Адэльск і пазнаёміліся з дзейнасцю Гродзенскай раённай арганізацыі «Надзея», якая свае намаганні накіроўвае ў русла захавання і ўмацавання народных традыцый і выхавання духоўнай культуры.
На другі дзень было таксама запланавана шэраг цікавых мерапрыемстваў, якія прысвячаліся Году гасціннасці і 70-годдзю ўтварэння Гродзенскай вобласці.
Раніцай актывісты БСЖ сустрэліся ў рэстаране «Стары Лямус». Тут жанчын з усёй рэспублікі сустракала народная вакальная група «Славяначка» са Слонімскага раёна. Калектыў парадаваў не толькі прыгожымі беларускімі песнямі, але і цудоўным іх выкананнем.
Тут жа прайшла дэманстрацыя праекта Гродзенскай абласной арганізацыі «Гаспадыня сядзібы – гаспадыня краіны» ў намінацыі «Каравай-2014». Якіх караваяў тут толькі не было! Вялікія, духмяныя, прыгожыя, розныя па форме і аздабленні – і абавязкова з сімволікай свайго раёна.
Наш раён на гэтым конкурсе прадстаўляла пярвічная арганізацыя Астравецкага філіяла Гродзенскага абласнога спажывецкага таварыства. Каравай з сімволікай Астраўца – праца рук Ірыны Уладзіміраўны Базюк – прыйшоўся даспадобы ўсім.
Не менш цікавай стала экскурсія, якую праводзіў Жан Эмануэль Жылібер – вядомы французскі вучоны, які залажыў у Гродне батанічны сад, на месцы якога цяпер знаходзіцца гарадскі парк: канешне, не сам Жылібер, а студэнт Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы – адзін з удзельнікаў праекта «Жывая гісторыя», што рэалізуецца Беларускім саюзам жанчын.
Наступным пунктам праграмы стала пасяджэнне праўлення «Беларускага саюза жанчын», якое ўзначаліла старшыня Надзея Андрэеўна Ермакова. Прайшло яно ў Гродзенскім аблвыканкаме і было прысвечана пытанням правядзення Года гасціннасці.
– У аснове гасціннасці ляжаць традыцыі, – упэўнена старшыня Гродзенскай абласной арганізацыі грамадскага аб'яднання «Беларускі саюз жанчын» Ірына Браніславаўна Сцепаненка. – Таму і нарадзілася ідэя праекта на лепшую сямейную традыцыю. І сёння нам ёсць чым ганарыцца. Як прыклады: сям'я Алексеявец з Астравецкага раёна, некалькі пакаленняў якой вышываюць рушнікі; сем'і Тапчылка з Кастрычніцкага раёна горада Гродна і Акулевіч са Слонімскага раёна, якія вялікую ўвагу надаюць стварэнню свайго радаводу; захапленне керамікай сям'і Салейка са Слоніма і іншыя.
Падчас пасяджэння Ірына Браніславаўна расказала пра праекты, якія сёння ажыццяў ляюць жанчыны Гродзеншчыны: выданне кнігі аб вязнях канцлагераў; дабрачынны спектакль па п'есе старшыні Астравецкай раённай арганізацыі «Беларускага саюза жанчын» Ніны Рыбік, з якім самадзейныя артысты аб'ехалі не толькі гарады і вёскі нашай вобласці, але і пабывалі далёка за яе межамі, і выручаныя сродкі ад якога ідуць на да памогу адзінокім састарэлым; дабрачынны праект «Людзі і лялькі» Ваўкавыскай раённай арганізацыі скіраваны на дапамогу дзецям з неблаганадзейных сем'яў; аб'яднанне мабільных жанчын «Новы фармат» – і іншыя цікавыя справы, якімі займаюцца жанчыны нашай вобласці.
А потым актывістаў Беларускага саюза жанчын запрасілі на адкрыццё Сырнага фестывалю, які праходзіў у Гродне пры падтрымцы прадпрыемства «Малочны мір» і быў прысвечаны 70-годдзю ўтварэння Гродзенскай вобласці. Цікавыя вырабы з сыру, «стыльныя» танцы і выступленні артыстаў абласной і рэспубліканскай эстрады, дэгустацыя сырнай прадукцыі – усё прайшло цікава і запамінальна.
Затым жанчын узяла ў свае моцныя рукі «каралева Бона Сфорца», якая правяла іх па гістарычнаму цэнтру Гродна.
Семінар прадоўжыўся ў кінатэатры «Чырвоная зорка». І хоць знаходзіцца ён у адным са старажытных будынкаў Гродна, усё тут зроблена пасучаснаму.
Менавіта ў кінатэатры прэзентавалі патрыятычную акцыю «Памяць», прысвечаную 70-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Удзельнікамі акцыі сталі педагогі і навучэнцы гуманітарнага каледжа. Відэаролік, прысвечаны ганаровай грамадзянцы Гродна, сакратару падпольнага абкама камсамола, выпускніцы педагагічнага вучылішча Вользе Соламавай, без слёз глядзець было немагчыма: здавалася, што сам пражываеш жыццё гераіні, знаходзішся побач з ёй – і адчуваеш усе жахі вайны.
Каля Маладзёжнага цэнтра «Гродна» разгарнулася выстава «Гербы Гродзеншчыны». Кожны раён прадставіў свой герб, выкананы са штучных або жывых кветак. Астравецкая гербавая кампазіцыя, створаная жанчынамі, якія прадстаўлялі пярвічную жаночую арганізацыю Гудагайскай школы – Ірынай Станіславаўнай Шукель, Таццянай Уладзіміраўнай Грыва і сакратаром раённай арганізацыі Аленай Генрыхаўнай Ярашэвіч – заняла годнае месца на выставе.
А ў маладзёжным цэнтры гасцей з усёй рэспублікі сустракаў тэатр моды з горада Ваўкавыска. Дзяўчаты ў прыгожых уборах, аздобленых саломкай, запрашалі прайсці ў залу, дзе разгарнуліся выставы лялек розных эпох і іконы, вышытыя бісерам. Словам, падзівіцца было з чаго.
А на сцэне між тым разгортвалася дзейства: шматдзетная сям'я Тапчылка з Гродна прадставіла свой радавод, Навагрудскі раён дэманстраваў легенды і паданні свайго краю, а дзяўчаты-прыгажуні з тэатра моды «УніАрт» Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы прадставілі калекцыю «Храмы Гродзеншчыны»: галаўныя ўборы, выкананыя ў форме знакамітых архітэктурных збудаванняў нашай вобласці, выклікалі здзіўленне і захапленне.
Наведванне жаночага манастыра, знаёмства з занятасцю сельскага насельніцтва, развіццё турыстычных рэсурсаў ў вёсцы на прыкладзе СВК «Прагрэс-Верцялішкі» і іншае – праграма семінара была надзвычай насычанай.
За два дні жанчыны вобласці спаўна прадэманстравалі сваю гасціннасць: яны з адкрытым сэрцам прынялі гасцей і падзяліліся сваёй шчодрасцю і любоўю да роднай краіны, сваёй сям'і і справы, якой займаюцца.


--------------------------
Алена СВЕТЛАЯ, фота аўтара.