День рождения пионерской организации отметили турслётом в Ольховке

17:00 / 23.09.2014
Раённы турыстычны злёт, прысвечаны дню нараджэння грамадскага аб'яднання БРПА, прайшоў на мінулым тыдні ў Альхоўцы.

Арганізатарамі мерапрыемства сталі аддзел адукацыі, спорту і турызму Астравецкага райвыканкама, спецыялісты цэнтра творчасці дзяцей і моладзі і педагогі Міхалішкаўскай сярэдняй школы.
Пазмагацца за перамогу ў турыстычных спаборніцтвах вырашылі 11 каманд з розных школ раёна: «Кацялок» (гімназія №1), «Казачнік» (СШ №1), «Дзьмухаўцы» (Кямелішкаўскі НПК), «Ка МТС» (Гудагайская СШ), «Піраты 21 стагоддзя» (Гервяцкая СШ), «Берандзей» (Альхоўская СШ), «Лесавікі» (Міхалішкаўская СШ), «Спондаўскія бадзягі» (Спондаўская СШ), «9 кедаў» (Рымдзюнская СШ з літоўскай мовай навучання), «Рамантыкі» (Рытанскі НПК), «Улёт» (Варнянскі НПК).
Рабяты і настаўнікі прыехалі на турыстычны злёт з добрым настроем. Гэтаму спрыяла сонечнае надвор'е і тое, што за час летніх канікулаў дзеці засумавалі без прыгод і спартыўнага азарту.
Усё гэта і чакала іх падчас выпрабаванняў, зарання падрыхтаваных педагогамі.
Праграма турзлёту была распланавана на адзін дзень. Тым не менш сумаваць не давялося – спаборніцтвы і конкурсы, забавы і песні чакалі дзяцей. І яны годна справіліся з усім, што ім прапанавалі дарослыя.
Пачатак турзлёту быў пакладзены першым выпрабаваннем – каманды прадстаўлялі свой быт і каманду, дэманстравалі афармленне і санітарны стан лагера, захаванне правілаў аховы прыроды. Хтосьці расказваў вершы і спяваў песні, іншыя спрабавалі зацікавіць членаў журы смачнымі стравамі. Словам, кожны стараўся, як мог. І ў выніку першае месца ў гэтым конкурсе члены журы прысудзілі камандзе гімназіі №1. Хаця і выступленнні Гудагайскай, Гервяцкай, Альхоўскай і Міхалішкаўскай школ таксама былі адзначаны высокімі баламі.
А потым рабят чакала яшчэ адно выпрабаванне, бадай, самае складанае – турыстычная эстафета. Купіны, «тарзанка», павуцінка, пераправа па параллельных вяроўках і бервяне, завязванне вузлоў... Давялося  пастарацца. І, як у любым выпрабаванні, былі мацнейшыя і тыя, у каго штосьці не атрымалася. Лепш за ўсё справіліся з турыстычнай эстафетай спартыўныя «лесавікі» з Міхалішкаўскай школы. Крыху адсталі ад іх рабяты з Варнян і Кямелішак – у іх адпаведна другое і трэцяе месцы.
А паколькі турзлёт быў прысвечаны дню нараджэння БРПА, то наступны конкурс так і называўся «Падарунак для БРПА». Гэта і зразумела: хто ж на свята прыходзіць без падарунка?! Рабяты пастараліся. Дэкаратыўныя дрэўцы, кампазіцыі, паштоўкі, плакаты, панно і нават торт з сімволікай Беларускай  рэспубліканскай піянерскай арганізацыі. Адзінагалосна лепшым падарункам быў прызнаны той самы торт – яго на турыстычны злёт прывезла каманда з Варнянскага НПК.
Як толькі скончыліся віншаванні, удзельнікаў турыстычнага злёту запрасілі на конкурс мастацкай самадзейнасці. Рабяты спявалі песні пад гітару і танцавалі, дэманстравалі невялікія інсцэніроўкі і нават правялі флэшмоб. У выніку першае месца журы падзяліла паміж камандамі гімназіі №1 і Рытанскага НПК, на другім месцы апынуліся школьнікі з Альхоўкі.
А пакуль члены журы падлічвалі балы, школьнікаў запрасілі на дыскатэку пад адкрытым небам.
І вось самы ўрачысты момант – узнагароджванне лепшых каманд. Дыпломамі і падарункамі былі адзначаны каманды, якія занялі першыя месцы ва ўсіх конкурсах і якія сталі пераможцамі па выніках усяго турыстычнага злёту. Так, трэцяе месца было аддадзена камандзе з Альхоўскай СШ – рабяты атрымалі Дыплом ІІІ ступені, спальны мяшок і баскетбольны мяч. Другое месца падзялілі паміж сабой каманды Рытанскага і Варнянскага НПК, за што таксама атрымалі Дыпломы ІІ ступені і турыстычныя палаткі. Першае месца, Дыпломы І ступені і палаткі таксама дасталіся дзвюм камандам – Міхалішкаўскай СШ і гімназіі №1.
Зрэшты, у гэты дзень сюрпрызы чакалі і тыя каманды, якім не пашанцавала трапіць у лідары, – дамоў усе раз'язджаліся з добрым настроем і падарункамі.


---------------------------
Алена ЯРАШЭВІЧ.