В Островец пришёл фитнес

17:00 / 18.09.2014
8
Астравец сёння – горад, які расце і развіваецца. Тут не толькі адкрываюцца крамы і будуюцца дамы. Горад становіцца ўсё больш спартыўным. Так, вось ужо год у Астраўцы працуе фітнес-зала для жанчын і дзяўчат.
Стваральніца залы, яна ж інструктар па фітнесу, – Алеся Мядзведзева. Для размовы з ёй мы сустрэліся перад пачаткам заняткаў у тым месцы, дзе “куецца” прыгажосць ды жаноцкасць. Маладая, прыгожая, з запалам ды энергіяй, дзяўчына рыхтуе залу да прыходу аматарак фітнесу: патрэбна дынамічная музыка, неабходны інвентар і лёгкія разміначныя рухі. А заадно Алеся распавядае, як усё пачыналася…Бо, вядома ж, ідэя прафесійна заняцца фітнесам і дапамагаць іншым прыйшла не проста так…


Пасля нараджэння дзіцяці хацелася прывесці сябе ў форму...

– Гэта, напэўна, і ёсць мой старт, адпраўная кропка. Пасля нараджэння сына я пачала ўзмоцнена займацца спортам, бо разумела, што былыя прыгожыя формы змяніліся, і не ў лепшы бок. Калі дасягнула добрага выніку, вырашыла, што такіх, як я, нямала. Зразумела, што магу дапамагчы і іншым дзяўчатам і жанчынам. Якраз у Мінску праходзіў набор у школу трэнераў фітнесу, дзе я пачала вучыцца ў спецыяліста з Санкт-
Пецярбурга... Займалася ў школе фітнесу, ездзіла на розныя семінары. Там жа некаторы час працавала.

Вялікая праблема – знайсці залу…

Горад у нас невялікі, толькі развіваецца. Таму праблемай было – знайсці залу, якая падышла б і па памерах, і па арэндным кошце, і па ўмовах. А яшчэ быў страх не справіцца, бо ў якасці кіраўніка я пачынала гэтую справу ўпершыню. Раней працавала ў Мінску ў залах, але гэта іншае. Там паказваеш толькі сваё трэнерскае майстэрства. Тут жа, калі ўспомніць свой першы майстар-клас у Астраўцы, я павінна была выступіць перад людзьмі, распавесці пра ўсе дэталі і, галоўнае, зацікавіць.

Дзяўчаты, якія наведваюць фітнес-заняткі, бачаць вынік...

Першапачаткова ахвотных займацца фітнесам было вельмі многа: усім хацелася паспрабаваць навінку. Зараз пастаянных кліентаў менш. Некаторыя прыязджаюць на заняткі з вёсак. Дзяўчаты, якія рэгулярна  займаюцца, бачаць вынік не толькі па фігуры, але і па здароўі. Заняткі заўсёды праходзяць пазітыўна і, што вельмі важна, вынікова. Я вяду тры накірункі: “стэп-аэробіка”; “стройнае цела”; “strip-dance”. Кожны можа выбраць для сябе накірунак: па ўзросце, мэце і фізічнай падрыхтоўцы.

Мае вучаніцы пачынаюць сабой ганарыцца…

Фітнес – гэта найперш здаровы лад жыцця. Праз некаторы час абавязкова адчуеш, што палепшылася здароўе, агульнае самаадчуванне. Пры рэгулярных трэніроўках узрастае актыўнасць, з’яўляецца гнуткасць, паляпшаецца пастава і, вядома ж, знікаюць лішнія кілаграмы. Павышаецца і самаацэнка: не раз чула ад сваіх вучаніц, што яны пачалі сабой ганарыцца і, галоўнае, – любіць сябе. Нават псіхолагі раяць займацца фітнесам! Спорт лечыць ад дэпрэсій. Таму мне б вельмі хацелася прыцягнуць да спорту як мага больш дзяўчат, жанчын, а таксама юнакоў і мужчын.

Поспех – калі кліент становіцца сябрам…

Гэта вельмі матывуе! Вялікі паказчык – гэта пастаянныя кліенты. Значыць, я, як трэнер, “зачапіла” гэтага чалавека, і яму хочацца прыходзіць да мяне зноў і зноў. Заўсёды радуюся разам з дзяўчатамі, калі ў іх  з’яўляюцца зрухі і бачны вынікі нашай працы. Прыемна думаць, што ты змог дапамагчы, накіраваць.

Малітвы свекрыві вядуць да поспеху...

Сям’я – мой самы галоўны памочнік. Было мноства расчараванняў, калі апускаліся рукі, але падтрымка мужа і сына надавалі мне сіл! Менавіта муж дапамог пайсці па гэтым шляху: запісаў мяне ў школу фітнесу. Вельмі дапамагаюць і падтрымліваюць яго бацькі – яны цудоўныя людзі. Магчыма, малітвы свекрыві і вядуць мяне да поспеху (усміхаецца)... Увогуле выдатна, калі родныя натхняюць, а праца прыносіць радасць. Ёсць час усё сумяшчаць: сын ходзіць у садок, таму мой будні дзень вольны і я спакойна магу зрабіць усё, што запланавала. Выхадныя мы праводзім разам: наведваемся ў госці да бабулі з дзядулем, гуляем ці гатуем з мужам што-небудзь смачнае і ўсёй сям’ёй глядзім фільмы.

Маладым мамам параю: не варта адчайвацца!

Вельмі важна знайсці матывацыю. І калі пачынаць займацца, то не кідаць потым гэтую справу. Складанасці  ёсць заўсёды і ва ўсім. Але ніхто і не кажа, што будзе лёгка! Пасля нараджэння дзіцяці я таксама была недасведчанай у плане фітнесу і ў жаданую форму вярталася як магла – і, як тады думала, усё рабіла  правільна. Спачатку толькі бегала. Пра харчаванне асобная размова – што такое бялкі і вугляводы, я паняцця не мела. Галоўнае, лічыла, трэба менш есці і не пазней 18 гадзін. Правалаў было шмат. Смешна ўспомніць. Але ўсё ж, пахудзець я змагла. Вось толькі вынік мой мяне не задаволіў. Захацелася жаноцкасці, прыгожых формаў...

Ёсць толькі адна перашкода – няведанне

Ніколі не верце рэкламе пра цудадзейныя таблеткі, чаі, паясы, якія дапамогуць вам палепшыць фізічную форму або пахудзець. Гэта маркетынг. На шляху да дасягнення ідэальных форм ёсць усяго адна перашкода – няведанне. У многіх у галаве: “Я хачу! Але я не ведаю з чаго пачаць.” Некалькі простых парад: харчуйцеся правільна, 5-6 разоў на дзень малымі порцыямі, не пераядаючы. Трэба есці больш гародніны і бялковай ежы, як мага часцей піць ваду – яна галоўны памочнік у паскарэнні абмену рэчываў. Вельмі важны здаровы сон. Абавязкова высыпайцеся, старайцеся класціся раней. Няма сэнсу сядзець у інтэрнэце, разглядваючы чужыя фотаздымкі – гэта не спатрэбіцца вам у жыцці. І, вядома ж, 3-4 разы на тыдзень патрэбны спартыўныя практыкаванні! Усё гэта ў комплексе дае вельмі добры вынік. Не марнуйце час і сілы дарма, і тады ваш арганізм скажа вам – дзякуй!

Хацелася б больш спартыўных мерапрыемстваў...

…каб кожны мог паўдзельнічаць: марафоны, флэшмобы, спаборніцтвы. Бо нашай моладзі, на жаль, больш няма куды пайсці, акрамя як у парк – пасядзець на лавачцы ды пагуляць у карты. Лета было б куды весялейшым і ярчэйшым, каб дадаць у яго спорту, здольнага захапіць і разварушыць моладзь. Я пераканана, што сучасныя маладыя людзі – таленавітыя, перспектыўныя і на многае здольныя! Трэба толькі даць ім штуршок. Спадзяюся, такім штуршком стане ў тым ліку і спорт, які, без сумнення, робіць чалавека лепшым!

------------------------------
Адэлька Байцэвіч, фота аўтара.