"ПСИХОЛГиЯ". Давайте вернёмся в детство...

16:00 / 12.09.2014
Альфа і амега кожнага чалавека пачынаецца з дзяцінства. Мы прыходзім у гэты свет бездапаможнымі і на сконе свайго жыцця да гэтага вяртаемся. З малаком маці мы вучымся любіць або ненавідзець свет, а пасля, пасталеўшы, баімся кахаць або ўвогуле пазбаўлены гэтага пачуцця. Вядома, што бацькоў не выбіраюць і ніхто не можа вярнуцца назад, каб выправіць уласнае дзяцінства, але адкруціць час да самых першых успамінаў, да матчыных песень і казак – у сілах кожнага чалавека. Паспрабаваць мысленна выправіць тыя моманты, калі было балюча, крыўдна або страшна. Гэта накшталт таго, як раяць навукоўцы рабіць з дрэннымі снамі: “маляваць” добры канец…

Давайце паспрабуем вярнуцца назад. А вы памятаеце сваё дзяцінства? Чым яно пахла? Якой музыкай іграла? І якім яно было на смак?
З дзяцінства вучаць вітацца з людзьмі, усміхаючыся. Вось толькі не расказваюць аб тым, як усміхацца сабе, асабліва калі ты сам-насам. І ты ўсміхаешся розным цётачкам і бабулям спачатку нацягнута, а пасля, звыкнуўшыся з гэтым, натуральна. Спрацоўвае паўлаўскі ўмоўны рэфлекс: “добры дзень” плюс усмешка. А ў дарослым жыцці яна ўжо ўспрымаецца іншымі людзьмі як добразычлівасць. Якая розніца ці “добра зычыць” табе сустрэчны чалавек?!
Лічыць да ста, бегла чытаць у пяцігадовым узросце і ведаць, хоць бы на ўзроўні “hello” і “my name is…” англійскую мову, – прыкмета развітасці дзіцяці. Толькі з вышыні погляду дарослых людзей. А ведаць мову дрэў, птушак, кветак – прыроды? А адчуваць маленькімі пальчыкамі дотык соцень пясчынак і ўяўляць, што праз тысячы гадоў адна з гэтых пясчынак стане вялізным, груваздкім валуном? А бачыць у таўстабокіх круглых аблоках звяроў і цэлыя краіны з  цмокамі і чароўнымі палацамі? Гэтае веданне не дапаможа спачатку зарабіць добрыя адзнакі ў школе-ўніверсітэце, а пасля – грошы на кусок хлеба, пажадана з маслам. Звычайны пясок не навучыць будаваць хмарачосы, а хмары ніколі не ўвасобяцца на белым аркушы ў замыславатыя праекты і чарцяжы…
Мяне, напрыклад, не вучылі, як усміхацца сабе, але мяне вучылі слухаць і чуць прыроду. Менавіта праз гэты ўнутраны слых, часта навобмацак, спатыкаючыся і абдзіраючы каленкі, а то і ўвогуле затыкаючы вушы, каб нікога і нічога не бачыць, не адчуваць і не чуць, я вучылася ўсміхацца сабе ўжо ў свядомым жыцці. Мне пашанцавала, што ў мяне быў добры настаўнік – дзядуля. А многія шукаюць усмешку для сябе самастойна, не маючы прыкладаў і падказак і не адчуваючы чыёйсьці дапамогі.
Цыклічнасць жыцця вяртае да вытокаў, і з нараджэннем дзяцей можна таксама навучыцца ўсміхацца – сабе і гэтаму свету. Успомніце, чаго вам не хапала ў дзяцінстве – і паглядзіце на свайго сына або дачку. Ігра на музычным інструменце, вывучэнне на павышаным узроўні замежнай мовы, наведванне спартыўнай секцыі, не ўлічваючы школьных заняткаў, – безумоўна развіваюць інтэлектуальныя, разумовыя, фізічныя і мастацкія здольнасці дзіцяці… Застаецца толькі развіццё душы – здольнасць адчуваць і спачуваць, слухаць і чуць, бачыць не толькі вачамі – і “купацца” ва ўсмешках. А разам гэта зрабіць куды прасцей, чым аднаму.