Белорусский республиканский союз молодёжи начинает открытый диалог "Молодёжь Беларуси: традиции и будущее"

15:00 / 11.09.2014
Маладыя і актыўныя, творчыя і ініцыятыўныя святкавалі ў мінулую суботу свой дзень нараджэння – Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі адзначаў 12-годзе з дня заснавання.
Моладзь – няўрымслівая і крэатыўная “нацыя”, якая не стаіць на месцы і пастаянна развіваецца і ўдасканальваецца, увесь час прыдумваючы новыя ідэі і праекты. Вось і ў дзень свайго 12-годдзя ГА “БРСМ” распачынае адкрыты дыялог “Моладзь Беларусі: традыцыі і будучыня”. Яго мерапрыемствы пройдуць паэтапна: у раёнах і гарадах – у верасні, у абласных цэнтрах – у кастрычніку, а рэспубліканскі этап адбудзецца ў снежні. Аб гэтым паведаміў першы сакратар ЦК БРСМ Ігар Бузоўскі на прэс-канферэнцыі, прысвечанай святкаванню дня нараджэння аб’яднання.
Расказаць больш падрабязна пра новы праект і пра тое, што чакаецца ў сувязі з яго стартам у нашым раёне, мы папрасілі першага сакратара райкама БРСМ Аксану Лазараву:

– Першае, на што хачу звярнуць увагу: гэты праект – цікавы і рознабаковы, ён дае магчымасць моладзі праявіць сябе ў розных аспектах, – адзначыла Аксана Паўлаўна. – Галоўнае, што дыялог будзе праходзіць у форме неафіцыйнага мерапрыемства. Такім чынам, не будзе строгіх рамак і абмежаванняў – поўны палёт для творчасці і выказвання ідэй. Якія, спадзяюся, знойдуць прыхільнікаў у маладзёжным асяроддзі Астравеччыны. Як зрабіць жыццё моладзі больш духоўна разнастайным і насычаным, накіраваным на здаровы лад жыцця і карысць краіны, развіццё творчага патэнцыялу – гэтыя і іншыя разнастайныя пытанні будуць закрануты падчас правядзення новага праекту.
Адкрыты дыялог дае магчымасць маладым людзям заявіць аб сваёй жыццёвай пазіцыі, ролі моладзі ў жыцці раёна і наогул краіны, у фарміраванні светаўспрымання новага пакалення і ўнесці свае прапановы. А як вядома, будучае рэспублікі будаваць маладым.
Адкрыты дыялог “Моладзь Беларусі: традыцыі і будучае” пройдзе ў нашым раёне ў арыгінальнай форме, куды будуць запрошаны ініцыятыўныя і актыўныя маладыя людзі. Спадзяюся, што будзе цікава ўсім.


------------------------------
Марына МАЦКЕВІЧ.