Мобильные женщины учили плести браслеты-обереги

13:00 / 02.09.2014
У Гродзенскай вобласці распачата ажыццяўленне новага праекту “Аб’яднанне мабільных жанчын” – “Новы фармат”, арганізатарамі якога сталі галоўнае ўпраўленне ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гродзенскага аблвыканкама і абласная арганізацыя грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз жанчын”.

Першае пасяджэнне новастворанага аб’яднання прайшло на базе Гуманітарнага каледжа Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. А яго ўдзельнікамі сталі актывісты раённых арганізацый Беларускага саюза жанчын і жанчыны-кіраўнікі, якія ўзначальваюць аддзелы ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкамаў.
Словам, на мінулым тыдні ў Гуманітарным каледжы высадзіўся дэсант мабільных жанчын. Зусім не тых жанчын, у каго ёсць мабільныя тэлефоны, а актыўных, энергічных, дзелавых, ініцыятыўных…
Менавіта дырэктар гуманітарнага каледжа ўзяла на сябе адказнасць за функцыянаванне аб’яднання – адзінагалосна Наталля Аляксандраўна Валковіч была абрана кіраўніком новага клуба для жанчын.
Паколькі пасяджэнне праходзіла ў гістарычным будынку Гродна – сёлета каледжу спаўняецца 115 гадоў: у тыя далёкія часы ён быў вядомы як Пушкінскае вучылішча, потым у гэтых сценах размяшчалася жаночая гімназія, затым школа, педагагічнае вучылішча – Наталля Аляксандраўна разам са сваімі памочнікамі, выкладчыцамі каледжа, арганізавалі для ўдзельніц праекту цікавую праграму са своеасаблівым экскурсам у гісторыю будынка.
У памяшканні, дзе праходзіла першае пасяджэнне мабільных жанчын, 115 гадоў назад размяшчалася фае, у якім падчас перапынкаў збіраліся юныя барышні і абмяркоўвалі надзённыя праблемы. А педагогі вучылішча ў гэты час сачылі за іх размовамі, за паставай і паходкай. Гэта аўдыторыя заварожвала не толькі сваёй гісторыяй, а яшчэ і незвычайнасцю афармлення: тут захавалася старая кірпічная кладка, а пафарбаваныя ў светлы колер сцены сёння ўпрыгожаны карцінамі, выкананымі навучэнцамі каледжа ў тэхніцы бацік. У кабінеце захоўваюцца і рарытэтныя рэчы, знойдзеныя падчас раскопак у двары каледжа. Менавіта ў такім гістарычным месцы жанчын з усёй вобласці чакаў яшчэ і цікавы майстар-клас – педагогі навучылі ўдзельніц пасяджэння працаваць з саломкай: рабіць з яе бранзалеты-абярэгі. Своеасаблівыя заняткі суправаджаліся аповедам пра ролю жанчыны ў жыцці, а таксама пра святкаванне Яблычнага Спасу, які адзначаўся якраз напярэдадні. І прайшлі заняткі цікава і запамінальна.
Намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гродзенскага аблвыканкама, старшыня абласной арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз жанчын” Ірына Браніславаўна Сцепаненка адзначыла, што пасяджэнні аб’яднання будуць праходзіць раз у квартал і падчас іх для жанчын будзе праведзена яшчэ шмат цікавых майстар-класаў і сустрэч.


----------------------------
Алена ЯРАШЭВІЧ, фота аўтара.