Деревня Мали отметила своё 480-летие

17:00 / 31.08.2014
У 2008 годзе вёска Малі атрымала статус аграгарадка. Сёння тут адрамантаваны магазіны, пошта, Дом культуры, школа-сад – і ўсё наўкол квітнее. Нават у гасцей Малі ствараюць уражанне дабрабытнай, развітай і дагледжанай вёскі.
Тут ведаюць: пакуль чалавек неабыякавы, куток яго будзе жыць і квітнець!

На вуліцы дождж, а каля Мальскага Дома культуры, што грыбы, растуць парасоны. Гэта жыхары і госці збіраюцца на святкаванне Дня роднай вёскі. Няхай Малі саступаюць у памерах і экзатычнасці сваёй цёзцы з Заходняй Афрыкі, але ад таго яны не губляюць прывабнасці і любові да сябе з боку жыхароў.
З-за неспрыяльнага надвор’я святкаванне пераносіцца ў залу Дома культуры. Памяшканне запоўнена, а на тварах прысутных чытаецца чаканне. “Калі вёсцы, у якой нарадзіўся, спаўняецца 480 гадоў – гэта сур’ёзна, гэта трэба адзначыць!” – паўжартаўлівым тонам зазначае дзядуля, што сядзіць непадалёк…
Свята вёскі – гэта, найперш, свята яе жыхароў. Людзей, якія жывуць, працуюць і развіваюць гэты маленькі куток. І многія з іх сапраўды заслугоўваюць удзячнасці.
Так, традыцыйна быў праведзены конкурс на лепшы падворак. Як зазначыла “гаспадыня” вёскі, старшыня Гудагайскага сельскага Савета Марыя Іванаўна Безляповіч: “Свята пачынаецца з навядзення парадку там, дзе ты жывеш. А выбраць лепшы падворак было няпроста, бо бачылі шмат прыгожых, яркіх, якія, безумоўна, уражваюць і прыцягваюць увагу. Мы два дні аб’язджалі вёску з камісіяй і выбіралі найлепшы”.
У выніку, першае месца было прысуджана падворку сям’і Штура, другое – сям’і Дзерачыц, а трэцяе заняў падворак сям’і Ждановічаў.
…Са сцэны з гонарам гучалі словы і пра сельскагаспадарчы вытворчы кааператыў “Гудагай”. Старшыня СВК Эдуард Іванавіч Садоўскі павіншаваў жыхароў вёскі са святам і ўзнагародзіў ветэранаў працы і перадавікоў – тых людзей, чыёй нялёгкай працай і адданасцю дасягаецца поспех у рабоце сельгаскааператыва.
Развіццё вёскі, як і краіны, немагчыма без людзей, гатовых абараняць сваю зямлю. Таму віншаванні, словы ўдзячнасці і падарункі атрымалі і воіны-інтэрнацыяналісты. Сёння іх у Малях трое – Пётр Іванавіч Сяргей, Рамуальд Браніслававіч Штура і Віктар Іванавіч Козіч. Хвілінай маўчання прысутныя ўшанава-лі і памяць людзей, якія ўдзельнічалі ў Вялікай Айчыннай вайне.
Найбольш прыемным момантам, які ўміліў, захапіў і прыемна ўразіў удзельнікаў свята, стала віншаванне залатых юбіляраў сямейнага жыцця – Анатоля Іосіфавіча і Валянціны Яўгенаўны Кулевічаў. Сціплыя, крыху сарамлівыя, але шчаслівыя і ўсмешлівыя героі падняліся на сцэну, каб іх убачыла ўся зала. І не проста ўбачыла, а ўзяла прыклад вернасці, павагі і адданасці адно аднаму.
Сярод ганаровых жыхароў, якіх віталі і ўзнагароджвалі, была самая сталая жыхарка вёскі Рэгіна Вікенцьеўна Лаўрэцкая, якой 15 ліпеня споўнілася 88 гадоў. Бадзёрая, усмешлівая Рэгіна Вікенцьеўна коратка і змястоўна пажадала аднавяскоўцам “ жыць так жа доўга і шчасліва!” А маленькай зорачкай свята, самай юнай жыхаркай Маляў была названа дачка Вікторыі і Івана Кісель – Караліна. Дзяўчынка нарадзілася першага ліпеня гэтага года.
Традыцыйна адбылася перадача ключа ад вёскі ад самага старэйшага самаму малодшаму жыхару вёскі. Так, Рэгіна Іванаўна перадала каштоўны ключ маленькай Караліне.
На працягу ўрачыстай часткі была ўзгадана і гісторыя Мальскай школы, якая пачынаецца ў 1927 годзе, яе настаўнікі, дырэктары. Памятае вёска і выбітных асоб свайго кутка, сярод якіх знакаміты навуковец-даследчык Іосіф Антонавіч Гашкевіч, які прыехаў сюды 157 гадоў таму. У 2002 годзе ў яго гонар у Малях быў устаноўлены мемарыяльны камень, а зараз яго імем названа адна з новых вуліц вёскі.
На працягу мерапрыемства прысутных радавалі таленавітыя выканаўцы, ансамблі, гурты. Асабліва даспадобы прыйшлося ўдзельнікам свята выступленне іх зямлячкі – Дануты Міхайлаўны Блашкевіч. “Салавейка” – так называюць яе ў Малях, адзначаючы паспяховыя выступленні Дануты Міхайлаўны не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі.
У 2008 годзе Малі атрымалі статус аграгарадка. Сёння тут адрамантаваны магазіны, пошта, Дом культуры, школа-сад – і ўсё наўкол квітнее. Нават у гасцей Малі ствараюць уражанне дабрабытнай, развітай і дагледжанай вёскі. А яе свята і поўная зала людзей на ім – яшчэ адзін гэтаму доказ.
У Малях ведаюць: пакуль чалавек неабыякавы, куток яго будзе жыць і квітнець!


-----------------------------
Адэлька Байцэвіч, фота аўтара.