"Среда размышления". РОДныя і сем "Я"

15:00 / 13.08.2014
2
Вы ніколі не задумваліся, адкуль у вас прыгожы голас або адметныя здольнасці да малявання? Ці думалі аб тым, ад каго з продкаў вам дастаўся ў спадчыну нос з гарбінкай, цёмныя непаслухмяныя кучаравінкі і “гарачы” нораў? Або што значаць узоры на дыванах, вытканых пяшчотнымі рукамі бабулі?


На пальцах адной рукі я магу пералічыць людзей з ліку сваіх знаёмых, якія добра ведаюць свой радавод. І сярод іх, напэўна, толькі адзін чалавек, пазнанні якога аб сваіх продках не абмяжоўваюцца толькі імёнамі, прозвішчамі і датамі нараджэння або смерці “пра-пра”… Гэты чалавек свядома і дастаткова даўно цікавіцца сваімі каранямі, збірае звесткі ў архівах, распытвае старых людзей – і ўсё гэта запісвае.

Рухаючая сіла такіх пошукаў мне, канешне, невядома, таму што да пытанняў “хто я? адкуль мой род?” кожны чалавек прыходзіць у розны час і па розных прычынах. Некаторых увогуле не цікавяць “белыя плямы” ў сямейнай гісторыі, тым больш што час “ваяўнічага атэізму” не толькі ламаў веру, але і сціраў памяць.

Але ўявіце сабе такую карціну: гэтага чалавека, майго знаёмага, які цікавіцца гісторыяй свайго роду, праз

гадоў дваццаць абступяць з усіх бакоў унукі і наперабой будуць прасіць дзядулю “пачаставаць” іх яшчэ адной сямейнай гісторыяй або разам паглядзець маленькі фотаздымак, кааб ізноў пачуць “спачатку былі толькі Адам і Марыя”… Магчыма, гэта толькі фантастычныя карціны, якія ніколі не стануць рэчаіснасцю, а можа быць, гэта здарыцца на самой справе, і ўнукі праз усё жыццё пранясуць гэтыя дзіцячыя ўспаміны.

…Чалавек нагадвае дрэва: карані трымаюць яго на зямлі і не дазваляюць вятрам, бурам і няшчасцям прыгнуць да самага долу і зламаць. Яны даюць жыватворную ваду з нетраў зямлі. Урэшце, дзякуючы ім, дрэва цягнецца ўверх, да сонца, да святла. Чалавек без ведаў аб сваіх продках, як і дрэва без каранёў, не ведае, хто ён. Яму складана знайсці сваё месца – у прафесіі, сям’і, грамадстве. Ён прымярае на сябе розныя сацыяльныя ролі – але беспаспяхова: так і рухаецца па вірлівым жыцці перакаці-полем.

Я – гэта часцінка сям’і, якую і ўтвараюць сем “Я”. Сям’я дае пачатак роду. Род да роду –складаюць народ. Гэта раней у сям’і трымаліся адзін за аднаго, бо разысціся лічылася ганьбай. Зараз наадварот – колькасць разводаў зашкальвае, а на першае месца ў многіх людзей выходзіць не прадаўжэнне роду, а самарэалізацыя.

З людзьмі старэйшага пакалення адыходзіць не толькі самабытная мова, але і традыцыі – на іх месца прыходзяць так званыя еўрапейскія каштоўнасці. Але разам з імі ў гарадскіх кватэрах пасяляецца не толькі ўяўны дабрабыт, але і адзінота.

Дазволю сабе нагадаць адну прытчу. Чалавек хадзіў па свеце і пытаўся ў людзей, што самае страшнае ў жыцці. Хтосьці адказваў, што адзінота, іншы сцвярджаў, што смерць, а трэці страшыўся беднасці і хвароб…

Чалавек, які сам не мог адказаць на гэтае пытанне, аднойчы сустрэў старца. І толькі гэты стары з усмешкай шчаслівага чалавека, беспрытульны, домам якому служыў зорны шацёр неба, жабрак, які лічыць сябе багацеем, знясілены і нямоглы, які адчувае сябе лепш, чым у маладосці, змог адказаць на пытанне, якое доўгі час мучыла падарожніка: “Самае страшнае – гэта не ведаць, хто ты”.

Чалавеку, як і дрэву, патрэбны карані. Мне здавалася, што я дастаткова добра ведаю свой род, сямейныя легенды і звычаі. На адным з заняткаў на еўрапейскіх курсах журналістыкі трэнер прапанавала нам практыкаванне “сямейная фатаграфія”. З дапамогай трох фотаздымкаў мы павінны былі расказаць гісторыю сваёй сям’і. З практыкаваннем справіліся не ўсе: некаторыя добра ведалі свой радавод (такіх было няшмат), іншыя, нават не захапіўшы з сабой на заняткі фотаздымкі, расказвалі абстрактныя гісторыі…

Мая гісторыя таксама атрымалася “не зусім”. Разрозненыя звесткі і факты, гісторыі, якія запомніліся з расповедаў бабулі і дзядулі, твары, якія я, здаецца, толькі мімаходзь бачыла на фотаздымках, якія не захаваліся, ніяк не хацелі падпарадкоўвацца логіцы, укладвацца ў адзін малюнак. Яны, быццам пазлы, належалі розным карцінам і не ўтваралі аднаго палатна – гісторыі маёй сям’і. Аднак распытацца больш падрабязна пра прадзедакаваля, прадзеда-скрыпача ці бабулю, якая адна падымала сыноў, ужо няма ў каго.

…Лёс, абставіны або журналісцкія абавязкі прывялі мяне ў невялікую вёсачку раёна. Я думала, што знайшла новага героя для артыкула, – а знайшла куды больш: роднага брата сваёй прабабулі. Равеснік Кастрычніцкай рэвалюцыі, ён не выглядае на свае гады. Некалькі гадоў назад (на той момант яму пераваліла за 90!) перанёс аперацыю. Урачы вярнулі яму здароўе, але пасля наркозу Віктара (у метрыках – Віталіс) пачала пакідаць памяць. Час ад часу дзядок успамінае і бацькоў, і сясцёр Зосю і Яню, і брата Анту, які загінуў у Берліне. Аднак яны, як і ўспаміны пра дзяцінства, “польскую вайну”, хутка сціраюцца няўмольным часам.


– Многа лет прайшло, – гаворыць мой субяседнік. – Цяпер не чуваць, каб фаміліянты якія былі. Нікога няма, каб хто прыехаў з блізкага месца. А Бог дзяржыць мяне тут. Штодзень пацеры Божаньку гавару за тое, што здароўечка даў. Не ведаю я ні жаднай балезці, ні нападу. Але хочацца, каб хто з мужыкоў прыйшоў. Як ні пагляджу – у вёсцы адны маладыя. Настаяшчы сіраціна…


Сірата – гэта значыць адзін, сам-насам, нібы адарваны з дрэва лісток, які гоніць у невядомым накірунку непадуладны вецер. Нягледзячы на тое што брат маёй прабабулі мала ўспомніў са свайго жыцця, “белых плям” у маім радаводзе стала менш.

Я бяру ўяўны аловак і праводжу нябачныя лініі – злучаю сваё “Я” з іншымі “Я” свайго роду. Побач з каляровымі фотаздымкамі кладу выцвілыя і пажоўклыя ад часу “картачкі”. Вымалёўваецца дрэва. Калі-небудзь, праз гадоў дваццаць, пра лісткі гэтага дрэва я абавязкова раскажу сваім унукам, а яны – сваім…

Паспрабуйце і вы: дастаньце альбом, каб пераглядзець фотаздымкі, якія дасталіся ў спадчыну ад дзядулі або бабулі. А ў вас атрымліваецца гісторыя свайго роду?


Алена ГАНУЛІЧ