"Среда размышления". Мы в ответе за тех, кого приручили...

10:00 / 06.08.2014
6

Скажыце, ці любіце вы братоў нашых меншых? Як вы адносіцеся да бадзялых сабачак і коцікаў?.. Да гэтых няшчасных, кінутых сваімі гаспадарамі жывёлін, якія ў адзін момант з хатняга любімца ператварыліся ў нікому не патрэбную абузу? Якія пачуцці ахопліваюць вас, калі вы ідзеце дамоў з магазіна, а каля ног круціцца маленькі камячок, які жаласліва мяўкае ці скуголіць? Сэрца сціскаецца ад жалю? Хочацца даць яму кавалачак каўбаскі ці мяска, пагладзіць і пашкадаваць?
А цяпер уявіце, што гэты маленькі камячок аблезлы, па ім поўзаюць блохі, ён кульгае, без вока… Што, любові крыху паменшала? Ужо не вельмі хочацца даць яму каўбаскі, а больш – прыкрыкнуць “брысь!” ці адпіхнуць? А яшчэ ўявіце, што да вас бяжыць маленькая дачушка ці сынок, якія трымаюць у руках “гэта”, ды яшчэ і цалуюць яго…
Мне таксама часам шкада бяздомных жывёл. Але ўсё ж я катэгарычна супраць, каб іх падкормлівалі пад пад'ездамі жылых дамоў. А колькі ў нас жыве “добрых” людзей, якія лічаць сваім абавязкам накарміць выкінутых на вуліцу коцікаў?! Жывёлы прывыкаюць і цягнуцца да шматпавярховак цэлымі зграямі. Але пад пад'ездам ім не месца! Таму што “нічыйныя” сабачкі і коцікі могуць прывесці да распаўсюджвання хвароб. І, прабачце за нюансы, гэтыя сабачкі і коцікі “ходзяць” звычайна ў дзіцячую пясочніцу… А ў дварах яшчэ дзеці ёсць.
Для чаго я гэта ўсё “размазваю”? Ды каб даведацца, ці шмат у вас засталося любові да братоў нашых меншых? Ці ўсё гэтак жа вы лічыце, што бадзялых сабак і катоў на вуліцах горада адстрэльваюць выключна злыдні і садысты.
Напэўна, так лічаць толькі тыя, хто ні разу не сутыкаўся з шалёнай зграяй падчас “сабачага вяселля”. Хто не натыкаўся ў падвале на “гняздо” коцікаў, гатовых кіпцюрамі абараняць сваю тэрыторыю. Ці не слухаў ранкам “каціных канцэртаў”…
Чую ўжо аргументы “сабачнікаў”: жывёла сама ніколі не нападзе першай, чалавек сам правакуе нападкі, ёсць іншыя шляхі вырашэння праблемы, акрамя адстрэлу.
Аднак некаторыя іх заявы з'яўляюцца абсурднымі.
“Не нам вырашаць, каму жыць, а каму паміраць!” Прабачце, але ж за свіней і кароў мы вырашаем – і так званыя «зоаабаронцы» з чыстым сумленнем кормяць мясам гэтых жывёл сваіх сабак.
“Забойства сабак і катоў раніць псіхіку дзяцей!” А як уплывае на псіхіку дзіцяці нападзенне сабакі?
“Горад – гэта натуральнае асяроддзе пражывання бадзялых сабак.” А як жа правы чалавека на “бяспечнае асяроддзе пражывання”? Паспрабуйце растлумачыць маці, дзіця якой пакусалі шалёныя сабакі, што гэта “натуральна”…
Бяздомныя сабакі ўжо сталі раўнапраўнымі гаспадарамі горада, дыктуючы свае ўмовы, абараняючы ікламі і кіпцюрамі сваю тэрыторыю. І хоць у Астраўцы, гэтая праблема пакуль стаіць не так востра, як у вялікіх гарадах, але і ў нас час ад часу сабакі нападаюць на людзей.
У грамадстве склаліся пэўныя міфы аб бадзялых сабаках. Напрыклад, некаторыя лічаць, што дастаткова проста стэрылізаваць сабак – маўляў, такім чынам можна адрэгуляваць іх колькасць. Але залозы, якія выпрацоўваюць гармоны, застаюцца, так што агрэсіўнасць нікуды не дзенецца. І кастрацыя таксама не пазбавіць жывёлу ад інстынктаў. Так што небяспека застаецца.
Нехта можа сказаць, што бяздомныя сабакі на вуліцах калісьці мелі гаспадара. Але ў большасці выпадкаў дзікія зграі, якія гойсаюць на вуліцах, ніколі не мелі гаспадара і не маюць патрэбы ў людскім клопаце. Пародзістыя сабакі на волі звычайна жывуць нядоўга – іх збівае машына ці яны становяцца ахвярай сваіх дзікіх субратаў альбо знаходзяць новага гаспадара. Сабакі, якія збіваюцца ў жорсткія зграі, сталі вынікам натуральнага адбору, утварыўшы новы від – дзікую гарадскую сабаку.
Вядома, можна паківаць на захад: якія там гуманныя адносіны да сабак, катоў і іншых жывёл. Але не трэба самападманвацца: усе бадзялыя сабакі там даўно вылаўлены і ўтрымліваюцца ў спецыяльных прыёмніках. Іх там лечаць і шукаюць гаспадара. Тых жа, каму не пашанцавала знайсці новы дом, у рэшце рэшт пускаюць на кансервы і сухі корм. Такі вось гуманізм…
А сапраўдным гуманізмам павінна стаць поўная адсутнасць бадзялых жывёл на вуліцах. Для выгулу сабак трэба зрабіць спецыяльныя пляцоўкі, няхай сабе і ў парках – але пры ўмове, што гэта не будзе замінаць адпачываючым.
У Астраўцы – зрэшты, як і ва ўсёй краіне, пакуль яшчэ далёка да цывілізаванага ўзроўню абыходжання як з дамашнімі любімцамі, так і з бяздомнымі жывёламі. Часам гаспадары дазваляюць сабе выводзіць на прагулку сваіх бультэр’ераў і аўчарак без наморднікаў, не на павадку, а ў многіх жыхароў прыватнага сектара да гэтага часу няма звычкі закрываць у двары сваіх сабачак. Вось і гойсаюць па горадзе, здавалася б, хатнія, але вольныя “браты нашы малодшыя”.
У раённым унітарным прадпрыемстве жыллёва-камунальнай гаспадаркі ёсць планы ў бліжэйшы час збудаваць спецыяльны вальер для адлоўленных у горадзе сабак і катоў, але пытанне зноў упіраецца ў расходы, у арганізацыю працоўнага месца: хто будзе плаціць за харчаванне гэтых кінутых жывёлак, адкуль браць зарплату для іх даглядчыка?
Я разумею, што ў адзін момант гэтае пытанне не вырашыцца. Трэба, каб змяніўся менталітэт нашых суграмадзян. Каб людзі адказвалі за тых, каго прыручылі, не на словах, а справамі.


-------------------------------------------------
Антон МАЛЬШЭЎСКІ, фота аўтара.