Дайлидская школа будет ликвидирована

09:00 / 28.07.2014
2
Рашэннем Астравецкага райвыканкама №206 ад 14 красавіка 2014 года з 29 жніўня бягучага года ў нашым раёне будзе ліквідавана Дайлідская базавая школа.

На канец навучальнага года ў школе вучылася 48 дзяцей і працавала 23 работнікі – настаўнікі і абслугоўваючы персанал. Школа даўно не адпавядае гігіенічным патрабаванням і правілам пажарнай бяспекі. Гэта і стала асноўнымі прычынамі для прыняцця рашэння аб ліквідацыі школы.
Як паведамілі ў аддзеле адукацыі, спорту і турызму Астравецкага райвыканкама, выпускнікі дзявятага класса Дайлідскай школы падалі дакументы ў навучальныя ўстановы суседніх з Астраўцом Ашмян і Смаргоні для атрымання спецыяльнай адукацыі.
Астатнія 42 школьнікі будуць вучыцца ў сярэдняй школе №1 горада Астраўца – такое рашэнне прынялі бацькі, хаця ў іх была магчымасць аддаць сваіх дзяцей і ў іншыя школы – напрыклад, Рымдзюнскую, Гервяцкую.
Мікрараён Дайлідскай школы вялікі – каля трыццаці кіламетраў, але ўсе школьнікі будуць падвозіцца на заняткі ў СШ №1 – для гэтага будзе выдзелены дадатковы аўтобус.
Што датычыцца педагогаў, то тры настаўнікі звольніліся, адзін выйшаў на заслужаны адпачынак, сем працаўладкаваны ў СШ №1 і гімназію №1 г. Астраўца – яны, як і дзеці з Дайлідак і з суседніх вёсак, змогуць дабірацца на працу на аўтобусе, што будзе падвозіць школьнікаў на заняткі ў сярэднюю школу №1.
Большасць работнікаў тэхнічнага і абслугоўваючага персаналу ад працы, якую ім прапанавалі ў навучальных установах горада, адмовіліся. Так, тры тэхнічныя работнікі звольніліся па заканчэнні тэрміну кантракта. Тыя, хто вырашыў прадоўжыць супрацоўніцтва з аддзелам адукацыі, атрымалі працоўныя месцы: вадзіцель школьнага аўтобуса пераведзены на працу ў СШ №1, а школьныя вартаўнікі і надалей будуць ахоўваць будынак Дайлідскай школы.


-------------------------------------------------
Падрыхтавала Алена ЯРАШЭВІЧ
.