Михалишковская библиотека всегда рада своим читателям

17:00 / 25.07.2014
Будзеце ў Міхалішках – абавязкова завітайце ў сельскую бібліятэку! Тут вам заўсёды будуць рады. На першы погляд можа падацца, што вы нікуды з дому і не выходзілі – настолькі тут цёпла і ўтульна. А ветлівы бібліятэкар усё вам пакажа і раскажа.

Сёння ў Міхалішкаўскай сельскай бібліятэцы зарэгістравана 717 абанентаў – нямала для вёскі, у якой жыве каля 850 чалавек. За апошні месяц чытачоў прыбавілася – у бібліятэку завітваюць госці, што прыязджаюць сюды на летні адпачынак. Але статыстыка сведчыць: больш чытачоў прыходзіць у бібліятэку ў зімовую пару – цяжка ўявіць доўгія вечары без любімай кніжкі.
Літаратура на паліцах бібліятэчных стэлажоў – самая розная: айчынная і замежная класіка, кнігі сучасных аўтараў, шмат дзіцячых выданняў, навукова-папулярных матэрыялаў, перыёдыкі. Але ў рэйтынгу папулярнасці лідзіруюць дзіцячыя дэтэктывы і жаночыя раманы – за гэтымі выданнямі ўтвараецца сапраўдная чарга. Але не толькі – часта прыходзяць за спецыялізаванымі часопісамі: цікавяць мясцовых жыхароў садаводства, кветкаводства, дызайн, рамонт машын – усяго і не злічыць. І для кожнага аматара ў бібліятэцы знойдзецца сваё выданне.
І ўсё ж пераважная колькасць чытачоў – дзеці. Гэта і зразумела: вольнага часу ў іх больш, а кніжкі захапляюць новымі сюжэтамі. Заходзяць сюды школьнікі часта, бо ведаюць: тут іх заўсёды чакаюць. Ды і сумна не будзе: фотавыставы, конкурсы, гульні – дзеці з вялікім задавальненнем прымаюць у іх удзел. Усё лета дзейнічае дзіцячая акцыя “Лета і кніга”. Правілы ўдзелу ў ёй вельмі простыя: бярэш у бібліятэцы кнігу, атрымліваеш картку, дзе адзначаюць кожнае прачытанае выданне – а напрыканцы жніўня будуць падведзены вынікі і стане вядома, хто ж самы актыўны чытач лета: такіх чакаюць падарункі, а іх фотаздымкі апынуцца на стэндзе сярод лепшых чытачоў бібліятэкі.
Самых актыўных чытачоў на працягу навучальнага года ўзнагароджваюць на ўрачыстай лінейцы ў школе – і такім чынам таксама заахвочваюць да кнігі. “Калі сёння дзеці не прывучацца чытаць, то што стане з нацыяй у будучым? ” – турбуецца бібліятэкар Святлана Станіславаўна Лета. І робіць усё, каб дзеці пасябравалі з кнігай: афармляе выставы, прысвечаныя нацыянальным святам краіны, тэматычныя мультымедыйныя прэзентацыі. Дзеці ўспрымаюць усё гэта з радасцю, ды і ў дапамозе не адмовяць. Удзельнікі аматарскага аб’яднання “Буслік” у вольны ад вучобы час ахвотна дапамагаюць бібліятэкару навесці парадак у картатэцы, апрацаваць макулатуру – усё, што ні папросіць гаспадыня кніжнага дому.
Бібліятэка дапамагае і людзям старэйшага пакалення. Кожны месяц для адзінокіх пенсіянераў, што знаходзяцца ў Міхалішкаўскай бальніцы на сацыяльным забеспячэнні, прыносяць газеты, часопісы, кнігі – і час для іх ідзе весялей і хутчэй.
Міхалішкаўская сельская бібліятэка – гэта больш, чым сховішча кніг, якія можна пачытаць. Гэта публічна-інфармацыйны цэнтр для кожнага. Тут можна скарыстацца інтэрнэт-паслугамі, прынтарам, ксераксам.
Ды і ўвогуле, будзе сумна – заходзьце проста так! Тут вам заўсёды рады!


Кацярына СЯРГЕЙ.