Не дай себе остановиться

09:00 / 18.07.2014
Гэтыя словы – не проста загаловак артыкула, а дэвіз праекта, які сёлета ажыццяўляе ў цесным партнёрстве з раённай арганізацыяй Чырвонага Крыжа ветэранскі клуб “Актыўнае даўгалецце”. Яго мэты і задачы – памагаць пенсіянерам жыць цікава, паўнакроўна, задавальняць культурныя і адукацыйныя запыты, рэалізоўваць творчыя здольнасці і схільнасці, вырашаць розныя жыццёвыя праблемы. Сёлетні праект – своеасаблівы працяг мінулагодняга, змест якога ўкладваўся ў два словы: актыўнае даўгалецце.

Заўсёднікі ветэранскага клуба – натуры няўрымслівыя: то ў падарожжа адпраўляюцца, то ўсялякія конкурсы-фестывалі-выставы арганізоўваюць, то рознымі гаспадарчымі прыдумкамі дзеляцца. Не забываюць і пра справы міласэрнасці: сабралі падарункі, нагатавалі прысмакаў, пірагоў ды печыва, ды паехалі праведаць насельнікаў бальніцы сястрынскага догляду ў Міхалішках. Невялікі канцэрт для іх арганізавалі… Дакрануцца сэрцам да чужой бяды, падняць чалавеку настрой, адцягнуць ад змрочных думак – гэта неспатольная патрэба душы людзей старэйшага пакалення.
І таму, калі каардынатар праекта Вольга Пятроўна Пінчук на красавіцкім пасяджэнні клуба “Актыўнае даўгалецце” аб’явіла, што наш праект ухвалены не толькі абласным, але і Міжнародным камітэтам Чырвонага Крыжа, і адзначаны грашовым грантам, усе ажывіліся. Гэта значыць – будуць новыя валанцёрскія акцыі, культурныя мерапрыемствы, падарожжы.
“Не дай сабе спыніцца” – не проста дэвіз праекта. На практыцы гэта выяўленне і акрэсленне праблем, з якімі сутыкаюцца пажылыя людзі, і канкрэтная дапамога ў іх вырашэнні. І іншыя добрыя справы.


---------------------------------------
Таіса СЯМЁНАВА
.