Верующие молились Матери Божьей в Дубке

14:00 / 16.07.2014
Здавалася б, хіба можа здзівіць чалавека, які пабываў на фэстах у Тракелях, Гервятах, Будславе і нават у самым Чэнстахове, маленькі фэсцік у вёсачцы з трох хат? З пяці? Ну добра, з пяці, але гэта з улікам дачаў.
Аказалася: можа. І не проста здзівіць, а пранікнуць. У сэрца, у нервы, у свядомасць і нават у таямнічую падсвядомасць. Пранікнуць, прарасці, уплесціся зелянінай, якой тут – нібы ў Эдэме. (Пры ўмове, канешне, што Эдэм менавіта такі, як нам уяўляецца…)

Дубок… Мініяцюрная вёсачка сярод першазданнай – нібы Тварэц завяршыў сваю работу толькі ўчора – прыроды. Зрэшты, і не “сярод”, а “ў”. Унутры прыроднага шматквецця. У поўнай узаемасувязі з ім. Арганічнай і ненавязлівай.
Справа Дубок абдымае Вілія. З левага боку – луг, на якім пасуцца вецер і нешматлікая хатняя жывёла. Адразу за вёскай пачынаецца лес, напоўнены цудамі. І кіравацца трэба якраз туды…
Сцяжынку нельга назваць пратаптанай. Старонні ў траве і не знайшоў бы яе, але першымі шлях пазначылі, прымялі “птушаняты” – тыя, хто ў свой час пакінуў Дубок у пошуках свайго лёсу, каб сёння, як і кожны год у гэты дзень, вярнуцца да роднага парога. У родны лес, у якім сёння свята. Фэст.
…Заімшэлы дах. Пукатыя драўляныя калоны, абвітыя святочнымі стужкамі. На франтоне другога яруса – святое распяцце: фігура, асабліва твар Езуса, вырублены мясцовым майстрам яўна сякерай, праменіць пакутай. На крыжы-шпілі, што ўзвышаецца над дахам капліцы, – самаробная каваная карона.
Перад капліцай Маці Божай Няспыннай Дапамогі (па словах мясцовага пробашча, у некаторых архіўных дакументах капліца носіць імя Маці Божай Любячай) – невялікая паляна, абкружаная дубамі ды соснамі. На ёй пад цяністай грывай дрэў сабраліся на малітву людзі з навакольных вёсак, са Смаргоні, з Астраўца, з Ашмян, мяркуючы па нумарах машын – з Літвы…
У каплічцы не змесціцца і дзясятая частка прысутных, таму алтар вынесены на ганачак. Ля Імшальнага стала – шэсць святароў: са Смаргоні, Солаў, Вішнева, абодва нашы, астравецкія. Яны – кс. Павел Гардзейчык і кс. Юзаф Багдзевіч – пачынаюць спавядаць. Тут жа, у ценю соснаў. Гаспадарыць, вядома, ксёндз Павел Калеснік, пробашч Жодзішкаўскай парафіі, да якой належаць вернікі Дубка. Адслужыць Імшу ён просіць свайго калегу з Солаў кс. Леанарда Станкоўскага. А гонар прамовіць казанне выпадае на долю кс. Юрыя Ёдзіка, астраўчаніна, які працуе вікарыем у Смаргонскім касцёле.
…І не было прывычных ужо мікрафонаў – словы святара ўзмацнялі хіба што шум лістоты ды перапевы птушак. І не было ўзвышэння з яго неаддымнай кафедрай – ксёндз Юрый увайшоў у паўкруг вернікаў, як адзін з іх. Як роўны. І звярнуўся да паствы словамі простымі і зразумелымі: чаму мы не ведаем спакою? Чаму нам заўсёды не хапае часу, здароўя, грошай, увагі, славы?.. Рупімся, са скуры гатовы вылезці, каб здабыць, каб нешта даказаць самім сабе і іншым – тым, хто навокал…
А Хрыстус запрашае да сябе. Усіх: бедных і багатых, здаровых і хворых, святых і грэшнікаў. Ён не абяцае адарыць багаццем ці славай – падзяліцца з кожным Ён гатовы толькі любоўю. Навучыся любіць, як Езус, бескарысліва і поўна – і табе з лішкам хопіць таго, што ты ўжо маеш. Прасякніся Божай любоўю – і ўсё іншае адыдзе на другі план, стане другасным, не вартым празмерных высілкаў…
Пасля Імшы пачалася Кальварыя. Нязвыклая, як усё ў Дубку. Другая стацыя, да прыкладу, Трыумфальная арка, інакш і не назваць масіўную каменную браму, упрыгожаную мастацкай работай мясцовых кавалёў, якая нечакана вырастае на лясной сцяжынцы. Брама ў нікуды? Ці ў царства Божае? Як і ў жыцці наогул, кожны сам выбірае канечны пункт свайго падарожжа…
Чацвёртая стацыя – Маці Божая. Дакладней, высокі (у два чалавечых росты) каменны грот на беразе Віліі. І ў ім – беласнежная фігурка Беззаганнай. Па голым каменні грота раскідаў блакітныя кветачкі палявы ўюнок – і чым толькі жывіцца?..
Кажуць, даўным-даўно на гэтым месцы людзі ўбачылі Маці Божую. Менавіта такую – ва ўсім белым. І пастушкі (найчасцей гонар быць сведкам аб’яўлення Марыі Панны выпадае менавіта ім), і жывёла ўпалі прад ёй на калені…
Неўзабаве Заступніца Людская знікла, а на месцы, дзе Яна стаяла, забіла крынічка з чысцюткай і да ламаты зубоў халоднай вадой…
Людзі пабудавалі грот і ўстанавілі фігурку Маці. Дакладна такую, як бачылі: са складзенымі для малітвы рукамі Яна ўглядаецца ў хуткаплынныя рачныя хвалі. Нездарма ў народзе Яе называюць Апякункай Віліі…
Дарэчы, у фэсце нароўні з мясцовымі вернікамі ўдзельнічае і кавалькада байдарачнікаў з Мінска, якія высадзіліся на бераг, каб пакланіцца Найсвяцейшай. Ці Любячай?
Ніхто не адышоў ад Беззаганнай, не паспытаўшы вадзіцы, што б’е з-пад Яе ног, не абмыўшы твар пасля амаль чатырохкіламятровага падарожжа па лесе і топкім рачным узбярэжжы, пасля складанага шляху скрозь уласны пот і укусы гнюсу ўсіх магчымых відаў. Дзякуй Богу, пробашчу парафіі і добрым людзям, якія перад фэстам старанна абкасілі дарогу Кальварыі, што значна спрасціла задачу пілігрымам…
Апошняя, сёмая стацыя – квадратная каменная каплічка. Над яе ўмоўным алтаром Укрыжаваны Езус, якога з нагоды свята “ўбралі” ў дубовае лісце. З бакоў высокія, амаль у рост чалавека, выявы апосталаў. Фарба на іх моцна вылушчылася, але гэта надало абразам дадатковую святасць і сілу ўздзеяння.
Молімся. За святой памяці Ігнацага Сідарэвіча – просьба аб гэтым напісана збоку ад уваходу на ўмураванай у сцяну каменнай дошцы. За сваіх блізкіх – за тых, што з намі, і за тых, хто адышоў назаўсёды. За Радзіму. За саміх сябе…
І дзякуем… Ад усяго сэрца складаем удзячную малітву Богу за цуд існавання Дубка і яго Кальварыі. І за тое, што на гэты раз для ўшанавання дубкоўскага цуду Ён выбраў менавіта нас…




---------------------------------------
Ганна ЧАКУР, фота аўтара.