Навошта дзецям беларуская мова? Каб людзьмі звацца!

10:00 / 13.07.2014
8
Нядаўна я сутыкнуўся праблемай, якая, напэўна, была б немагчымай у любой іншай краіне, акрамя Беларусі.
Падраслі двое маіх дзетак – сын і дачушка – сёлета наспеў час ім ісці ў школу. І нам з жонкай вельмі б хацелася, каб яны, жывучы ў Беларусі, ведалі не толькі “мову міжнацыянальных стасункаў”, якая да таго ж з’яўляецца адной з дзяржаўных у Беларусі, – рускую, але і другую дзяржаўную, мову сваіх продкаў, так званую “тытульную” мову нашай краіны – беларускую. Ведалі не на ўзроўні недзе некалі ад некага чутай “трасянкі”: слова рускае, слова беларускае, слова польскае. Не на тым узроўні, пра які сёння часта гавораць людзі, што заканчвалі рускія школы: “усё разумею, а размаўляць і пісаць не магу”. А так, як і належыць ведаць родную мову: умець на ёй прыгожа гаварыць, чытаць і пісаць – правільна, літаратурна…

Здавалася б, што за праблема? Ідзі ў школу, пішы заяву – і хай вучыцца малеча на роднай мове.
Аказалася – яшчэ якая праблема! Ні ў СШ №1 Астраўца, ні ў гімназіі сёлета не збіраюцца адкрываць беларускамоўныя першыя класы. Не таму, што настаўнікі не ўмеюць ці не жадаюць вучыць дзяцей па-беларуску – бацькі не хочуць аддаваць сваіх дзяцей у беларускамоўныя класы. Вось англійская мова з дзіцячага садка – гэта з радасцю, за гэта нават грошы плаціць не шкада. А беларуская з першага класа – навошта? “Дзіцяці гэта будзе цяжка,” – так матывуюць сваю адмову бацькі. (Вось замежная, малюнак, спевы з садка – гэта не цяжка, а беларуская – цяжка!).“А навошта яна яму?” – іншыя (мы, не баючыся, столькі “упіхваем” у сваіх дзяцей таго, што ім не толькі ніколі ў жыцці не спатрэбіцца, але можа прынесці непапраўную шкод, тыя ж камп’ютарныя гульні, да прыкладу – і баімся, што можа зашкодзіць родная мова). Ну і гэтак далей…
Чамусьці з некаторых часоў усіх, хто размаўляе па-беларуску, аўтаматычна адносяць да “свядомых апазіцыянераў”. Таму хачу патлумачыць: да палітыкі ўвогуле і апазіцыі ў прыватнасці я ніяк не адношуся. Я нарадзіўся і вырас у Астраўцы, тут вучыўся ў тагачаснай СШ №2 – сённяшняй гімназіі. Парасткі любові да роднай мовы мне прывіла наша настаўніца беларускай мовы і літаратуры Вольга Міхайлаўна Зарэцкая. Так сталася, што заканчваў я Варнянскую школу – і ўрокі Валянціны Андрэеўны Боўша, а таксама пазакласныя мерапрыемствы, якія, аказалася, так прыгожа і цікава можна праводзіць па-беларуску, я запомніў на ўсё жыццё.
На ўступных экзаменах я здаваў беларускую мову – гэта да таго, што яна “цяжкая” і “незразумелая” – і справіўся з іспытам паспяхова: паступіў у эканамічны ўніверсітэт.
У студэнцтве я гаварыў, як і ўсе, – па-руску: не хацелася прыцягваць да сябе павышанай увагі і за гаворку на беларускай мове быць прылічаным да ліку апазіцыі (хоць як людзей, якія карыстаюцца дзяржаўнай мовай, можна прылічваць да апазіцыі, мне да гэтага часу незразумела).
Усведамленне – “хто, калі не я” – прыйшло значна пазней, ужо ў сталым узросце, пад уплывам малодшага брата. А для яго паваротнай кропкай стала прачытаная некалі ў самалёце ў нейкім выпадковым часопісе фраза, што беларускай мовы ўвогуле няма, што гэта – мова быдла. У знак пратэсту брат, які зараз жыве ў Злучаных Штатах, “перавёў” сваю сям’ю на беларускамоўныя стасункі. А ўслед за ім гэта зрабіў і я. Я зразумеў, што рускую мову і я, і мае дзеці будзем ведаць у любым выпадку, хочам мы гэтага ці не. А вось беларуская – яна сапраўды можа загінуць, калі мы, беларусы, з-за сваёй талерантнасці, памяркоўнасці, для таго, каб некаму дагадзіць, быць зразумелым, перастанем ёй карыстацца. І таму я хачу, каб мае дзеці абавязкова вывучалі беларускую мову і літаратуру – не як замежную, не адну гадзіну ў тыдзень, а як сваю родную.
Мне здаецца, што я не адзінокі ў сваіх памкненнях. І што сярод бацькоў першакласнікаў яшчэ знойдуцца людзі, якія захочуць, каб іх дзеці на належным узроўні ведалі абедзве дзяржаўныя мовы – рускую і беларускую. І таму прашу іх не адкладваць справу ў доўгую скрыню, а ўжо сёння напісаць заяву ў абраную для сваіх дзяцей установу адукацыі з просьбай залічыць іх дзіця ў беларускамоўны клас. Калі такіх вучняў набярэцца 12 чалавек – клас будзе адчынены. Калі хто захоча абмеркаваць гэтую тэму, аб’яднаць намаганні, падзяліцца вопытам ці сумненнямі – мой тэлефон ёсць у рэдакцыі.
…Нехта з вялікіх сказаў, што чалавек столькі разоў чалавек, колькі моў ён ведае. Не абмяжоўвайце магчымасці сваіх дзяцей у дарослым жыцці – адкуль нам, бацькам, ведаць, якая мова ім спатрэбіцца ў будучым?


-----------------------------
Аляксей Пятровіч, прыватны прадпрымальнік, жыхар Астраўца.