Об истории становления "Каляднага вечара" рассказывают сами актеры

09:00 / 14.01.2014
Год назад свой першы ўдых зрабіў спектакль “Калядны вечар”. Ён уцелавіўся і ўвасобіўся ў прасторы – нарадзіўся на сцэне. Як дзіця, прыйшоў у гэты свет з мукамі, болем і слязьмі актрыс і гледачоў. Як дзіця пачынае ўсміхацца – так і ён пачаў набываць новыя абрысы: рухі і словы гераінь, якія не былі прапісаны ў тэксце і задуманы рэжысёрам. Як дзіця пачынае сядзець – ён мацнеў ад выступлення да выступлення. Як дзіця пачынае хадзіць – ён “пайшоў” у свет: Астравец, Ашмяны, Гродзенскі і Пастаўскі раёны, Сасновы Бор Расіі… Толькі за адзін год спектакль ставіўся дзесяць разоў: амаль на кожны месяц прыпадала выступленне. І як дзіця перажывае “крызіс аднаго году”–аддзяленне ад бацькоў, так і спектакль “Калядны вечар” для самадзейных актрыс перастаў быць толькі выступленнем на сцэне або спробай пражыць хоць і кароткае, але чужое жыццё, а стаў часткай жыцця саміх актрыс і моцна пусціў у іх свае карані. Мне, як яго ўдзельніцы, здаецца, што не толькі сам спектакль мяняе сваё аблічча з кожнай новай пастаноўкай – але мяняе ён і яго
ўдзельніц, іх характар, адносіны да жыцця.


Дзеючыя асобы:

Ніна Рыбік

У жыцці – галоўны рэдактар раённай газеты, аўтар п’есы “Калядны вечар”, на сцэне іграе Міхайлаўну:

– Ідэю напісаць і паставіць п’есу на сцэне я выношвала не адзін год. За дапамогай звярнулася, як мне здаецца, да лепшага рэжысёра ў раёне – Вольгі Турубаравай.
Пасля сумеснага абмеркавання я ўзялася за напісанне п’есы. Прызнаюся, я проста не ведала, як гэта робіцца, і як аўтару псіхалагічна-маналогавых апавяданняў, мне было складана пісаць яе.
Па сваіх журналісцкіх абавязках мне даводзілася бываць у Міхалішкаўскай бальніцы. І менавіта там я знайшла прататыпаў сваіх герояў: і Сцепаніду, і Міхайлаўну, і Стасю. На гэтых людзей немагчыма глядзець без слёз, і нават не з-за той прычыны, па якой яны тут апынуліся. Пагэтаму адразу ўзнікла думка, што спектакль павінен быць дабрачынным, а сабраныя сродкі пойдуць на дапамогу гэтым адзінокім старым.
Калі “пісала” Галінку, хацелася паказаць звычайную жанчыну, якая разрываецца паміж домам, работай, дачкой і мамай і хоча жыць не толькі для іншых, але і для сябе. А ў апавяданні Галінка атрымалася эгаісткай. Але ж яна павінна адумацца – у п’есе так і атрымалася: дачка забірае сваю маці з дому састарэлых напярэдадні Ражаства.
Мы з рэжысёрам прапаноўвалі роль Міхайлаўны некалькім жанчынам. Аднак адна сказала, што ненавідзіць гэтую гераіню. Другая проста адмовілася. І ў выніку іграць яе давялося мне самой. Я разумею сваю гераіню і спачуваю ёй. Пры ўсёй сцервознасці маёй гераіні – я разумею яе. Міхайлаўна ведае, што заслужыла такі канец жыцця. І гэта самая вялікая трагедыя: разуменне, што нічога ўжо нельга змяніць.
А Верачка спісана з маёй мамы – такая ж усёабдымная дабрыня. Відаць, гэтая роля была несвядома напісана мной менавіта для Хрысціны Браніславаўны Гіруць.
Сцепаніду я ведала ў рэальным жыцці. А вось Галінка, якая прывозіць маці ў дом састарэлых, шмат у чым збіральны вобраз. На яе ролю мы доўга не маглі знайсці патрэбнага чалавека. Згадзілася Вольга Тадэвушаўна Лябецкая, і, як мне здаецца, вельмі ўдала.
Наталля Уладзіміраўна Волк-Леановіч адразу сказала, што будзе іграць толькі Стасечку. А санітаркай Зіначкай пагадзілася стаць Галіна Рышардаўна Свірыд.
Самым складаным для мяне, як і для большасці з нас, было выйсці да гледачоў у першы раз. Мы хваляваліся, што нічога не атрымаецца і не прыйдуць людзі. Аднак прэм’ера прайшла з поспехам. Цяпер магу сказаць, што поспех спектакля – не ў супер-сцэнарыі або ігры акцёраў, а ў тым, што ў ім узнята тэма, якая не можа пакінуць раўнадушным чалавека.
Мы лічылі, што “Калядны вечар” – не дзіцячы спектакль, нам здавалася, што гэта будзе нецікава дзецям. Аднак пасля аднаго спектакля да мяне падышоў хлопчык гадоў дзесяці і сказаў: “Дзякуй”. Я была ў шоку ад таго, што і дзеці могуць успрымаць такія тэмы. Я зразумела, што патэнцыяльную аўдыторыю спектакля “Калядны вечар” варта абмяжоўваць не ўзростам, а наяўнасцю душы.


Вольга Турубарава


У жыцці – кантралёр службы аховы, рэжысёр-пастаноўшчык спектакля, на сцэне іграе Сцепаніду:


– Я, як рэжысёр спектакля, адразу ўбачыла аснову, якая не мела тонкіх формаў, нешта накшталт эскіза ў выяўленчым мастацтве. Я разумела, што спектакль павінен быць глыбінна-псіхалагічным, унутраным, пасля якога глядач павінен маўчаць, а не дзяліцца ўражаннямі. Забягаючы наперад, скажу, што так у выніку і атрымалася. Я адчувала, што тут не павінна быць шмат музыкі або дэкарацый, першааснова – слова. І цяпер магу сказаць, што маёй рэжысёрскай работы тут няшмат. Звычайна рэжысёры крояць п’есу пад сябе. А мне хацелася захаваць стрыжань, пагэтаму змяніліся толькі дэталі і фінал. Мы не маглі паказаць ляжачых – так з’явіўся пакой адпачынку і інвалідная каляска. Змясціліся і акцэнты: калі да гэтага на першым плане яе быў лёс Верачкі, то ў канчатковым варыянце Міхайлаўна стала больш “вострай”,ўнутраны канфлікт развіўся з большай сілай. Яна ўпершыню за сваё жыццё звяртаецца да Бога – і гэта адна з вечных ісцін. У гэты калядны вечар у кожнай гераіні свая споведзь, для кожнай – гэта пераломны момант у жыцці – час пераасэнсавання свайго становішча.
Падчас рэпетыцый мы рабілі паметкі на палях тэксту, прадумвалі кожны выхад і жэст. Удзельніцы спектакля прызнаваліся, што складана быць на сцэне без руху і што “няма куды падзець рукі”. Аднак адточванне спектакля, як і самі дэталі, з’явіліся падчас рэпетыцый, а некаторыя ўжо і падчас ігры: той жа жэст з перавернутай дагары нагамі газетай або нечаканы выхад Верачкі з дачкой, паясок і таблетка са шклянкай вады...
Напачатку рэпетыцый для мяне самым складаным было пагрузіць артыстаў у ролю, настроіць іх. Часта даводзілася словамі маляваць карціны, каб кожная гераіня не проста ўяўляла, а адчувала. Артыст павінен іграць, а не жыць чужым жыццём, інакш бы проста памёр ад эмоцый. У гэтым і крыецца сакральны сэнс “ліцэдзейства”. Бо тэатр уяўляе сабой вялікі падман, і трэба падманваць так, каб паверыць у гэта самому, – тады павераць і людзі. Павінен быць лагічна апраўданы кожны рух, павінна прысутнічаць ігра, а не пазёрства.
Пагэтаму, акрамя касцюмаў, з’явіўся і прафесійны грым. Даводзілася чуць: маўляў, на Каляды нават у такіх дамах жанчыны прыхарошваюцца, апранаюць самае лепшае, што ёсць. Аднак калі мы паехалі з падарункамі ў Міхалішкі, даведаліся, што лепшае ў іх – да першага мыцця адзення, пасля гэтага кожны атрымлівае, што дастанецца. Мы гэтага не ведалі, але паказалі праўду.
На прэм’еры спектакля, мне здаецца, я перажывала больш за астатніх. Села ў крэсла і назірала, каб гераіні правільна гаварылі, рабілі патрэбныя рухі. Унутрана ўсхоплівалася: зараз жа мне гаварыць. І на кожным выступленні нават зараз стараюся “выключыць” рэжысёра. Па праўдзе, складана быць трэнерам, які іграе.
Я ўдзячна нашаму калектыву, што слухалі мяне, што называецца, ад аднаго слова і цалкам мне давяралі. Упэўнена, што ўсіх удзельніц захапіў не працэс рэпетыцыі або выступлення на сцэне, а стварэнне мастацкай з’явы.


Хрысціна Гіруць


Пачынала іграць як настаўніца, зараз – індывідуальны прадпрымальнік, на сцэне іграе Верачку:


– Напачатку мы проста чыталі словы. Можна было глядзець адзін на аднаго, але мы не падымалі вачэй. Цяпер нават і не ведаю, чаму так адбывалася. Аднак ужо дзесьці пасля чацвёртай вычыткі пакрысе пачалі лавіць на сабе позіркі. І гэта быў вельмі працяглы працэс. Важна было спаз-наць сябе, таму што ніхто з нас не ведаў, на што здольны. Самым складаным быў, канешне, першы выхад на сцэну, і, напэўна, не для мяне адной.
Памятаю, як мы выступалі ў Міхалішках. Надышла мая чарга гаварыць, а ў галаве – пуста. Успомніла параду нашага рэжысёра: не панікаваць і гаварыць не па тэксту, а па сэнсу сітуацыі. А я нават не ўяўляю, пра што казаць. Павісла паўза, Наталля Уладзіміраўна шапнула толькі адно слова – і пайшло, пайшло, слава Богу…
Мне з самага пачатку было лёгка іграць. Цяжка становіцца тады, калі дачка ад’язджае. Здаецца, што гэта адбываецца са мной у рэальнасці. Хоць Вольга (рэжысёр спектакля – аўт.) часта казала, што так не можна, але, напэўна, у гэтым і крыецца асноўнае адрозненне нас, самадзейных артыстаў, ад прафесійных, – мы ператвараемся ў сваіх герояў.
Звычайна пры наведванні тэатра просяць выключаць тэлефоны або ціха паводзіць сябе дзяцей, каб не адцягваць увагу акцёраў. Але я кожны раз, калі выходжу на сцэну, нічога не чую, быццам навакольны свет спыняе сваё існаванне, нават у заключнай частцы, дзе кожная гераіня прамаўляе сваю малітву, не заўсёды чую “Аве Марыя”. У той момант я – Верачка.
Мне здаецца, што ў нашым спектаклі няма галоўных роляў. З яго немагчыма выкінуць ні аднаго чалавека, таму што, калі адзін гаворыць, другі на яго словы рэагуе. І нам пашанцавала, што кожная гераіня мае за плячыма багаты жыццёвы вопыт.


Вольга Лябецкая


У жыцці – настаўніца беларускай мовы і літаратуры гімназіі №1 Астраўца, на сцэне іграе Галіну, дачку Верачкі:


– Я выпадкова трапіла ў трупу. Але ўдзячна лёсу, што так склаліся абставіны. Роля Галіны, якая прывозіць напярэдадні Ражаства маці ў дом састарэлых, мне давалася цяжка. Здавалася, што ў мяне атрымліваецца штучна і ненатуральна. І я доўга пераадольвала сябе, пакуль на сцэне не пераўвасобілася ў капрызную Галінку. Аднак мая гераіня ў выніку адумалася і зрабіла мужны ўчынак, што ў першуюспрадвечнымі праблемамі паміж бацькамі і дзецьмі, колькі над жыццём і чалавечым лёсам увогуле.
Я працую ў школе, і мне вельмі прыемна было бачыць на прэм’еры спектакля сваіх выхаванцаў. І кожны раз на яго прыходзіць моладзь. “Калядны вечар” падарыў мне знаёмства з цікавымі людзьмі, пазітыўныя эмоцыі і ўражанні ад паездак.


Наталля Волк-Леановіч


У жыцці – намеснік начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання, на сцэне іграе Стасечку:


– Я ніколі не ўяўляла сябе на сцэне, пагэтаму спачатку наадрэз адмовілася ўдзельнічаць у спектаклі. Аднак мяне мучыла сумленне, і я ўзяла п’есу толькі пачытаць – але яна кранула мяне да самай глыбіні душы. Я пахавала бацькоў і, нягледзячы на тое, што яны былі дагледжанымі, усё роўна адчувала сябе вінаватай. Мне здавалася, што я недадала ім свайго цяпла, любові, увагі…
Сястра, якая гасцявала ў мяне, таксама прачытала п’есу і сказала: “Згаджайся! У цябе ўсё атрымаецца. Ты павінна гэта зрабіць у памяць аб бацьках”. І я згадзілася, хоць усё ўнутры крычала: “Не!” – і панаваў страх: не умею, не ведаю, не змагу. Затым я другі раз прачытала п’есу і зразумела: Стасечка спісана з мяне – па вобразу, па характару, па сутнасці…
Я вучылася ў рускамоўнай школе, таму мне спачатку было складана з тэкстам: не разумела сэнс некаторых беларускіх слоў. Аднак вывучыла сваю ролю на адным дыханні толькі таму, што ўсім сваім нутром спачувала гераіням спектакля і тым людзям, якія трапілі ў падобную жыццёвую сітуацыю. Заставалася толькі ўжыцца ў вобраз. Але я сябе па-ранейшаму на сцэне не бачыла і нават прапаноўвала спыніцца на радыёспектаклі. Мне здавалася, што калі мяне ніхто не будзе бачыць, я змагу лепш перадаць сутнасць сваёй гераіні. Мяне не падтрымалі. Тады, каб лепш адчуваць сябе на сцэне і адразу ўвайсці ў ролю, я падабрала сабе сцэнічны ўбор: нічога чужога, толькі маміны рэчы...
Я памятаю наш дэбют. Пасля таго, як адыграла, выйшла за кулісы мокрая да апошняй ніткі. Здавалася, што станоўчыя водгукі гледачоў – не пра нас. Пасля дэбюту надышла чарга і другога, і трэцяга, і дзясятага выступлення, але хваляванне ўсё роўна ёсць…
Я лічу, што “Калядны вечар” патрэбен не столькі нам, колькі людзям. Калі нават адзін дзядок або бабулька не трапіць у казённыя сцены – значыць, мэта дасягнутая – і некага наш спектакль змяніў.
Я таксама змянілася: стала больш цярпімай і перастала асуджаць людзей, якія памыляліся ці штосьці ў жыцці зрабілі не так. І гэтыя змены ўва мне – вынік нават не спектакля, а паездак у Міхалішкі да людзей, якія там дажываюць свой век, з дабрачыннай дапамогай.
Зараз я дакладна ведаю, што ў нас усё атрымалася.


Алена Гануліч


У жыцці – карэспандэнт раённай газеты, на сцэне іграе санітарку Зіначку:


– Галіна Свірыд, якая іграла санітарку, пакінула трупу, і мне прапанавалі “ўзяць” на сябе Зіначку. Я згадзілася, хоць на сцэне сябе не “бачыла”, і спачатку мне было дыскамфортна. Прызнаюся: у мяне нічога не атрымлівалася, а ў галаве панавала толькі адна думка: “Хутчэй бы канец”. Але пасля таго, як я пабывала ў Міхалішкаўскай бальніцы і ўбачыла гэтых адзінокіх старыкоў, унутры ўсё перавярнулася. Гэта дапамагло мне стаць на сцэне сапраўднай Зіначкай, якая з трапяткой пяшчотай адносіцца да сваіх падапечных і кожную з іх любіць, – я зразумела, для чаго і для каго гэта робіцца.


Алена ЮРКОЙЦЬ